Вы тут

Што агульнага ў рабоце міліцыянера і дэпутата


Усім знаёмы стэрэатып: на вёсцы п'юць, таму што няма работы, а не працуюць, таму што п'юць. Але ж гарэлка праблему, як вядома, не вырашае, а толькі пагаршае. Гэта і злачынствы, і сямейныя канфлікты, і кінутыя дзеці, і недагледжаныя хаты. Але наколькі можа быць эфектыўнай барацьба супраць таго, ад чаго па добрай волі мала хто адказваецца? Пакуль іншыя ламаюць над гэтым галовы, Аляксандр Застрэлаў дзейнічае. У старшыні Дамамерыцкага сельскага Савета, што ў Клімавіцкім раёне, прывычка да парадку ў крыві. У мінулым ён міліцыянер, і былы вопыт вельмі дапамагае эфектыўна рэагаваць на вострыя сігналы і знаходзіць агульную мову з людзьмі. Вынікі сапраўды ўражваюць.


Аляк­сандр За­стрэ­лаў (спра­ва): «Мы пра­цу­ем з мі­лі­цы­яй у ад­ной звяз­цы».

Сродкі для перавыхавання

Савет грамадскага пункта аховы правапарадку, створаны ў Дамамерыцкім сельсавеце, можна лічыць узорным. Тут усё зроблена з мэтай як мага эфектыўней уздзейнічаць на несвядомых грамадзян. Адна дошка ганьбы чаго толькі вартая! Няма пакарання горшага, як трапіць на яе. Як пасля аднавяскоўцам у вочы глядзець?

— Я, калі перайшоў сюды працаваць з Кісялёва-Будскага сельсавета, адразу ж дошку змайстраваў, бо вельмі добра ведаю, як яна ўздзейнічае, — расказвае Застрэлаў. — У мяне заўсёды фотаапарат пад рукой.

У кадр трапляюць усе, каго прыводзім на перавыхаванне, а таксама нядбайныя гаспадары, у якіх і дома абы-як, і каля дома ніякага парадку.

Фота само па сабе красамоўна расказвае пра «подзвігі» чарговага героя. Астатняе дапаўняе тэкст. Эфект раўназначны выбуху бомбы. Чалавек усё ж такі супярэчлівае стварэнне. Рабіць дрэннае яму не сорамна, а глядзець на сябе збоку сорамна. Нават самы абыякавы да чужога меркавання пачынае прасіць, каб не ганьбілі яго на ўсё наваколле. Праз сельвыканкам шмат народу праходзіць, і чуткі хутка выходзяць за межы вёскі. Страціць аўтарытэт хопіць хвіліны, а як потым яго зноў напрацаваць?

Фотафіксацыя вельмі дапамагае ў рабоце і з таго пункту гледжання, што гэта прамы доказ заганы. У парушальнікаў, як вядома, памяць кароткая. А фота — адзіны спосаб яе асвяжыць. Гэтымі ж фота падмацоўваюцца розныя справаздачы. (У вобласці былі прыклады, калі пры праверцы высвятлялася, што з чалавекам ніхто ніколі не працаваў. Проста занеслі ў спіс яго прозвішча для галачкі — маўляў, работа праведзена.)

— Мы нават тых, каго знялі з уліку, час ад часу правяраем, — расказвае Аляксандр Іванавіч. — І ў складзе камісій, і паасобку. Магу ехаць міма і зайсці. І звяртаю ўвагу не толькі на тое, як у яго дома, але і як каля дома.

Доб­ра­ах­вот­ні­кі — лю­дзі спрэс сур'­ёз­ныя.

Не хапае вопыту

Так склалася, што ў канцы 1990-х Аляксандр Застрэлаў быў участковым на тэрыторыі Дамамерыцкага сельсавета, дзе цяпер працуе старшынёй. Сам ён родам з гэтых мясцін, але маладому міліцыянеру прыходзілася несалодка. Будаваў па-новаму адносіны з аднавяскоўцамі, якія часткова былі сваякамі, а часткова — добрымі знаёмымі. Дзесьці прыходзілася і характар паказаць. Школа сапраўды атрымалася і цяжкай, і карыснай.

Але спецыфіка працы ўчастковага тады была трохі іншай. Ён быў бліжэй да людзей, знаходзіўся ў непасрэдным кантакце з імі.

— Цяпер участковаму цяжэй, — з веданнем справы кажа старшыня. — Акрамя таго, што яму трэба сачыць за парадкам на тэрыторыі сельсавета, неабходна выконваць яшчэ шмат іншых абавязкаў непасрэдна па райаддзеле. Ён і на дзяжурства павінен хадзіць, і на ўсе іншыя службовыя мерапрыемствы.

— Нявопытнаму вельмі цяжка, асабліва па першым часе, — тлумачыць Аляксандр Іванавіч. — Тут ты павінен быць адначасова і пракурорам, і адвакатам, і псіхолагам. Адчуваць, дзе трэба мякка дзейнічаць, а дзе націснуць на сумленне. Быць гібкім. Але не ў кожнага гэта атрымліваецца. Таму і сыходзяць з прафесіі.

Вельмі важна, каб у кіраўніка сельсавета з участковым склаліся не толькі дзелавыя, але і проста добрыя адносіны. Як-ніяк прыходзіцца займацца адной справай. Мэта савета грамадскага пункта аховы правапарадку — працаваць на прафілактыку розных злачынстваў, і тут дэпутаты з міліцыянерамі, як той казаў, у адной звязцы.

— А ці можа быць так, што ўчастковы праз сваю занятасць перакладзе свае абавязкі на астатніх членаў савета? — спрабую справакаваць суразмоўцу.

— На гэта ёсць нумар тэлефона 102. Тэлефануеш — і ўсё адразу становіцца на месца. Такія рэчы кантралююцца і з боку вышэйшага міліцэйскага начальства, і з боку мясцовых улад, — катэгарычна заяўляе Аляксандр Застрэлаў.

Вельмі добра дапамагаюць падтрымліваць парадак на тэрыторыі дружыннікі. Сюды таксама не абы-каго прымаюць. На сустрэчу з карэспандэнтам «МС» старшыня запрасіў чатырох вельмі сур'ёзных мужчын з уліку добраахвотнікаў. Сярод іх два работнікі мясцовай гаспадаркі, адзін ахоўнік і нават прадпрымальнік. Усе моцныя, як на падбор. Нават гледзячы на іх, разумееш: пры такіх асілках лепш быць цішэй вады, ніжэй травы.

— Уся адказнасць кладзецца на ўчастковага, мы толькі дапамагаем яму, падтрымліваем, — сціпла паціскае плячыма Аляксандр Пашкевіч. — Моладзь зараз сябруе з гарэлкай, вось мы і сочым за тым, каб менш яе ўжывалі. Расказваем, што можа адбыцца, калі сябе не абмяжоўваць. Нехта адмахнецца, а нехта прыме да ведама. Тлумачым аб наступствах іх бацькам. Робім гэтыя сумесныя рэйды не дзеля грошай — гэта ж справа добраахвотная. Проста хочацца, каб было больш парадку і абыходзілася без няшчасных выпадкаў.

Для па­ру­шаль­ні­каў са­мае страш­нае — дош­ка гань­бы.

Самае страшнае зло

Яшчэ з часоў працы міліцыянерам Аляксандр Застрэлаў узяў за аснову весці строгі ўлік злачынствам. Ён скрупулёзна фіксуе ўсе віды правапарушэнняў на тэрыторыі сельсавета ў спецыяльны журнал. Кожны квартал аналізуе лічбы і карэкціруе планы. На падставе сваіх справаздач аўтарытэтна заяўляе: самае страшнае зло на сённяшні дзень — гэта гарэлка. Яна здольная чалавека пазбавіць чалавечнасці.

— Не ведаю, наколькі гэта папулярная мера ў іншых, але мы прымушаем кадзіравацца, — кажа ён. — Калі я толькі сюды прыйшоў працаваць, мне казалі: ай, гэта ўсё глупства, ніякай карысці ад кадзіроўкі няма. А я сцвярджаю: ёсць. Сёлета пакуль што 9 чалавек закадзіравалі, летась было 18. Раней людзі саромеліся, што хтосьці пра іх «не тое» падумае. Я ім надаю смеласці: якая вам розніца, хто што падумае? Галоўнае — у вас жыццё можа наладзіцца.

Хай чалавек хаця б год не пап'е, у яго дома ўсё адразу памяняецца ў лепшы бок.

З'явяцца сродкі і шпалеры паклеіць, і вокны пафарбаваць, і падлогу аднавіць, і печку адрамантаваць. Калі ж ён вечна «пад мухай», адкуль гэтым грашам узяцца?..

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Старшыня з агеньчыкам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».