Вы тут

Сімвалам свята могуць стаць лён, малако, кветкі і нават сякера


Год культуры на Гродзеншчыне адзначаюць мноствам розных, ужо традыцыйных і новых імпрэз. Прычым яшчэ ніколі, пэўна, іх так шмат не ладзілася ў аграгарадках. Практычна ніводныя выхадныя не абыходзяцца без свят у тых ці іншых раёнах вобласці, і пры гэтым шмат дзе імкнуцца прадставіць нейкую цікавінку: «Толькі ў нас!». Сімваламі свята становяцца, напрыклад, велікодныя яйкі-пісанкі, ткацтва, касьба, лён, малако, кветкі і нават сякера.


Фес­ты­валь тан­ца ў Вер­ця­ліш­ках.

У аграгарадку Тарнова Лідскага раёна нядаўна ўжо другі раз правялі свята сякеры. Ва ўменні абыходзіцца з гэтым важным прадметам у гаспадарцы сапернічалі мясцовыя жыхары Сяргей Звярко, Генадзь Хацукевіч і Віктар Статкевіч, а таксама Анатоль Султанаў з Ліды. Пра свята ён даведаўся ад зяця, які жыве ў Тарнове, і ўжо другі год прыязджае на гэтую сякерную забаву, атрымліваючы станоўчыя эмоцыі і адточваючы лесарубную хватку, якая спатрэбіцца пры нарыхтоўцы дроў для прыватнага дома. Работу канкурсантаў ацэньвала журы, а суперпрызам быў мяшок збожжа.

Зразумела, толькі гэтым свята не абмежавалася. Правялі шмат конкурсаў і віктарын, спявалі, танцавалі. Плюс гандлёвыя пункты, выязны цір, а для дзяцей — батуты...

— Ідэя гэтага свята належыць загадчыцы Тарноўскага дома культуры Святлане Антонік, і праходзіць яно даволі цікава. Прычым прыязджаюць і з суседніх населеных пунктаў, — кажа старшыня Тарноўскага сельскага Савета Валянцін АСТРАВЕЦ.

У пасёлку Жалудок Шчучынскага раёна ўжо традыцыйна праводзіцца свята кветак. Кветкавыя кампазіцыі спаборнічаюць у конкурсе, але, пэўна, галоўнае, што яны вельмі прыгожыя і становяцца месцам для шматлікіх фотасесій. Сёлета ўсе ахвотныя маглі яшчэ і накіравацца ў гісторыка-рамантычную прагулку па славутых мясцінах пасёлка.

А на Слонімшчыне ладзяць свята суседнія аграгарадкі Вялікія Шылавічы і Жыровічы. Адпаведная і назва «Дзень добры, суседзі!». Святкавалі ў два этапы: спачатку ў Вялікіх Шылавічах, а праз тыдзень — у Жыровічах. У аграгарадках сустракалі самадзейных артыстаў з суседніх цэнтраў культуры з канцэртнай праграмай, правялі конкурсы на найлепшага гаспадара падворка, кулінара, майстрыху... Не забылі і пра спорт — у Вялікіх Шылавічах, а затым у Жыровічах адбыліся футбольныя матчы паміж жыхарамі аграгарадкоў.

У шэрагу раёнаў імкнуцца, каб практычна ў кожнага аграгарадка была нейкая брэндавая культурная «фішка». Прыклад тут паказвае Гродзенскі раён. У Капцёўцы праводзяць свята вяндліны, у Квасоўцы — фестываль фальклору, у Верцялішках — фестываль танца, у Абухава — фестываль «Мядова-яблычны Спас», у Азёрах — свята рыбака, у Луцкаўлянах — свята малака, у Адэльску — Адэльскі фэст і свята млынара...

Цікавы праект сёлета ажыццяўляюць на Дзятлаўшчыне. З пачатку летняга сезона штомесячна ў адным з аграгарадкоў праводзяць раённае свята. Можна выдатна адпачыць усёй сям'ёй. Да таго ж «мовай» народнай творчасці, конкурсаў, выставак і іншых імпрэз тут папулярызуюць сельскагаспадарчыя прафесіі, вясковы лад жыцця. Праект стартаваў са свята льну ў аграгарадку Дварэц, дзе можна было пазнаёміцца з прадукцыяй мясцовага льнозавода і купіць вырабы льноперапрацоўшчыкаў з Оршы, паўдзельнічаць у «льняных» конкурсах, убачыць, як віртуозна працуе са льном на калаўроце майстрыха Ніна Антончык, а таксама тэатралізаванае прадстаўленне пра лён, экспазіцыю музея Раготнаўскага дзіцячага сада—сярэдняй школы «Беларускі скарб», прадэгуставаць стравы з выкарыстаннем ільнянога алею... А затым эстафету перанялі Вензавец са святам касцоў, Круціловічы — са святам малака, Раклевічы — са святам мёду. Наперадзе святы бульбы, мясны фестываль, свята хлеба...

З мэтай арганізацыі цікавага адпачынку талакой працуюць работнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, устаноў культуры, адукацыі, сельсаветаў, СВК і іншых прадпрыемстваў. Прычым адрас для правядзення таго ці іншага фэсту выбіраюць не выпадкова. Свята льну — там, дзе знаходзіцца льнозавод СВК «Граніт-Агра», дзе ладзілі свята малака, — вядучы пастаўшчык гэтага прадукту на Дзятлаўскі сырзавод. А ў СВК «Русь-Агра» ўжо 25 гадоў займаюцца пчалярствам — не толькі дзеля атрымання мёду, але і для апылення раслін. Дарэчы, у Дзень работнікаў сельскай гападаркі кожны працаўнік сельгаскааператыва атрымлівае ў падарунак кілаграм мёду.


У тэму

Тэмай некаторых фэстаў на Гродзеншчыне становяцца аб'екты, якія занесены ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Напрыклад, у аграгарадку Сапоцкін Гродзенскага раёна сёлета ўпершыню правялі свята пісанкі — з традыцыйным роспісам велікодных яек усіх зацікаўленых знаёміла мясцовая майстрыха Антаніна ЮРЧЭНЯ. А ў аграгарадку Гудзевічы Мастоўскага раёна, дзе захоўваюць традыцыю ткацтва падвойных дываноў, на базе тутэйшага літаратурна-краязнаўчага музея прайшоў «Гудзевіцкі фэст» з майстар-класам у выкананні мясцовай ткаллі Веры БЕЛАКОЗ.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchіk@zvіazda.by

Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА

Загаловак у газеце: Культурныя «фішкі» сельскай мясцовасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.