Вы тут

Як універсітэт у рэгіёне супрацоўнічае з заказчыкамі кадраў?


У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы падышлі да стапрацэнтнага размеркавання і працаўладкавання маладых спецыялістаў. Сёлета працаўладкавалі практычна ўсіх выпускнікоў універсітэта, у тым ліку чатырох каледжаў у Гродне, Лідзе і Ваўкавыску, якія ўваходзяць ва ўніверсітэцкую сістэму. Задоволены і вынікамі прыёмнай кампаніі. Значна павялічыліся прахадныя балы па шэрагу спецыяльнасцяў, дэканы адзначаюць высокі ўзровень многіх абітурыентаў. Звяртае на сябе ўвагу і такі факт: значна павялічылася колькасць абітурыентаў (з больш чым 300-бальным «багажом» па выніках атэстацыйных ацэнак і цэнтралізаванага тэсціравання) з іншых абласцей, дзе таксама ёсць рэгіянальныя ВНУ.


«Мы павінны быць самымі лепшымі»

— У чым жа складнікі паспяховых вынікаў па наборы студэнтаў і працаўладкаванні маладых спецыялістаў? — пацікавіўся карэспандэнт «Звязды» ў рэктара ГрДУ імя Янкі Купалы, доктара педагагічных навук Андрэя КАРАЛЯ.

— Лічу, што ўжо дае эфект сістэма практыка-арыентаванага навучання, якую мы пачалі ўкараняць у жыццё ў лютым мінулага года. Тэрмін не новы, але важна, якой начынкай гэта напоўніць, каб атрымаць канкурэнтны, запатрабаваны на рынку тавар. Гаворачы сучасным слэнгам, як гэтую сістэму затачыць пад канкрэтныя патрэбы сённяшняга дня і на перспектыву. Пры гэтым хачу адзначыць такую адметнасць Гродзеншчыны: гістарычна ў нас не было, напрыклад, тэхнічнай ВНУ. Таму для таго, каб забяспечыць патрэбу рэгіёна ў кадрах, універсітэтам у розны час рабіліся крокі па арганізацыі навучання спецыяльнасцям тэхнічнага профілю. Цяпер маем шырокую «палітру» тэхнічных спецыяльнасцяў.

Сёння наш універсітэт — быццам дрэва, якое сваімі каранямі трывала ўрасло ў рэгіён. І не зможа паўнавартасна расці і функцыянаваць, калі гэтыя карані не будуць абменьвацца сваім змесцівам з глебай, паветрам, сонечнымі промнямі.

Адсюль і практыка-арыентаваныя задачы ВНУ, улічваючы ў тым ліку і памежнае становішча вобласці. Напрыклад, зусім побач — універсітэты Польшчы, Літвы, якія ўкладваюць значныя сродкі ў інфраструктуру і праграмы падрыхтоўкі спецыялістаў, прычым на рускай мове. Адносіны з калегамі добрыя, але мы павінны быць самымі лепшымі, каб абітурыенты аддавалі перавагу нам. А выпускнікі нашага ўніверсітэта мусяць быць канкурэнтаздольнымі, каб знайсці сябе ў эканоміцы, сацыяльнай і іншых сферах, каб не было матываў ад'язджаць за мяжу. Таму наша задача — рыхтаваць такіх спецыялістаў, якія потым на прадпрыемстве не перавучваліся б. І дырэктар не казаў ім: «А цяпер забудзьце тое, чаму вас вучылі ў ВНУ, вучыцеся, як мы вам скажам».

Так і ўзнікла ідэя стварэння каардынацыйных саветаў, дзе аб'ядноўваюцца інтарэсы ўніверсітэта, арганізацый рэгіёна — заказчыкаў кадраў і, вядома, мясцовых улад. У чым асноўная ідэя? Каардынацыйны савет — гэта не нейкі фармальны орган, а прадстаўнікі арганізацый — не вясельныя генералы. Гэта рэальна тыя людзі, якія вызначаюць заказ на падрыхтоўку кадраў з тым ці іншым пералікам кампетэнтнасці «на выхадзе». Фактычна яны ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы спецыялістаў, зыходзячы з патрэб свайго прадпрыемства ці, напрыклад, установы адукацыі.

Першы каардынацыйны савет стварылі на юрыдычным факультэце пры непасрэдным удзеле пракурора Гродзенскай вобласці Віктара Марозава, а ўзначаліла яго намеснік пракурора Святлана Рахман. Сёння каардынацыйныя саветы дзейнічаюць на трынаццаці факультэтах з пятнаццаці.

«Я бяру яго на прадпрыемства»

— Андрэй Дзмітрыевіч, як канкрэтна прадпрыемствы і арганізацыі Гродзеншчыны ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы спецыялістаў?

— Філіялы ўніверсітэцкіх кафедр на прадпрыемствах — не навіна. Аднак заняткі на заводзе яшчэ не азначаюць, што будучы спецыяліст будзе звязаны з гэтым прадпрыемствам, адаптаваны да работы. Прынцыпова важна, каб заказчык кадраў меў магчымасць вызначаць у рамках універсітэцкай адукацыі, якога спецыяліста ён хоча атрымаць, дапусцім, праз чатыры гады? А будучы спецыяліст ужо ў працэсе навучання разумеў, што яго прафесійны шлях пачынаецца ва ўніверсітэце.

Вось адзін з прыкладаў узаемадзеяння заказчыка кадраў з універсітэтам. Працуе дзяржаўная экзаменацыйная камісія, якую ўзначальвае дырэктар аднаго з прадпрыемстваў Гродзеншчыны. Сваю дыпломную работу абараняе студэнт, які з кастрычніка па ліпень праходзіў там практыку, фактычна працаваў на гэтым прадпрыемстве. Ён даказвае, што яго рацпрапанова прынясе эканамічны эфект, і называе канкрэтную грашовую суму. Дырэктар задае пытанні — студэнт канкрэтна адказвае. Урэшце дырэктар кажа: «Я бяру яго на прадпрыемства». Пэўна, такое рашэнне ўзнікла не знянацку, яму папярэднічаў пэўны ланцужок дзеянняў па супрацоўніцтве прадпрыемства з гэтым маладым спецыялістам і ўніверсітэтам. У выніку гэта ў інтарэсах і прадпрыемства, і студэнта, які, перш чым атрымаць дыплом, праходзіць пэўныя этапы на вытворчасці, знаёміцца з калектывам і атрымлівае матывацыю працаваць там і далей.

Варта падкрэсліць, што студэнтам, якія працуюць па спецыяльнасці, мы даём мажлівасць навучацца па індывідуальным плане.

У выніку студэнт разам з атрыманнем дыплома мае неабходны стаж практычнай дзейнасці.

— Ці ў многіх кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый ёсць такое жаданне супрацоўнічаць з універсітэтам?

— Калі дырэктар ініцыятыўны, жыве не толькі сённяшнім днём, але і бачыць будучыню прадпрыемства, то ён, безумоўна, можа ўплываць на падрыхтоўку неабходных спецыялістаў. Такіх кіраўнікоў у рэгіёне нямала, сярод іх, напрыклад, дырэктар Гродзенскага мясакамбіната Анатоль Грышук, які падтрымаў ідэю і ўзначаліў каардынацыйны савет па эканамічным кірунку.

А што тычыцца кіраўнікоў, якія не ўкладваюць інвестыцый (фінансавых, арганізацыйных) у падрыхтоўку кадраў і бяруць навічкоў «усляпую»... Калі зададзімся мэтай паглядзець, колькі маладых спецыялістаў пераразмеркаваліся з гэтага прадпрыемства альбо пакінулі яго пасля неабходнага тэрміну адпрацоўкі, то не думаю, што лічба будзе на карысць такой сістэмы.

«Супрацоўніцтва з ПВТ будзе ўзаемавыгадным»

— Ідэю стварэння каардынацыйных саветаў падтрымаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. Па яго даручэнні іх работу па тых ці іншых кірунках (эканоміка, адукацыя, сацыяльная сфера і г.д.) курыруюць намеснікі старшыні аблвыканкама, якія трымаюць руку на пульсе патрэбы рэгіёна ў кадрах і могуць уплываць на кадравую палітыку кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый.

Сёння каардынацыйныя саветы, прыкладна палову членаў якіх складаюць прадстаўнікі арганізацый — заказчыкаў кадраў, удзельнічаюць у фарміраванні вучэбнага плана, вызначэнні тэматыкі дыпломных работ і магістарскіх дысертацый, садзейнічаюць працаўладкаванню выпускнікоў.

Адным з прыкладаў узаемавыгаднага супрацоўніцтва, на мой погляд, з'яўляецца стварэнне рэгіянальнага медыйнага кластара, дзе мы аб'ядналіся разам з рэдакцыяй «Гродзенскай праўды», абласным тэлебачаннем і галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама.

У прыватнасці, дзякуючы навуковай, метадычнай, арганізацыйнай падтрымцы ўніверсітэта пачалася сістэмная работа з сайтамі рэгіянальных СМІ, значна павялічылася іх наведвальнасць. І разам з тым стала больш згадванняў пра ўніверсітэт у сродках масавай інфармацыі рэгіёна, рэспублікі, замежжа, што станоўча ўплывае на наш імідж. Чаму ўзнікаюць інфармацыйныя падставы? Я гэта звязваю з практыка-арыентаванай сістэмай навучання. Там, дзе ёсць змычка паміж тэорыяй і практыкай, заўсёды ўзнікае нешта новае і цікавае.

—У сувязі з гэтым як будзеце супрацоўнічаць з гродзенскім філіялам Парка высокіх тэхналогій?

— Не выпадкова ён з'явіўся менавіта ў Гродне. Ведаю ад дырэктара ПВТ Валерыя Цапкалы, што рашэнне на нашу карысць прынялі менавіта таму, што ёсць добры практыка-арыентаваны складнік падрыхтоўкі спецыялістаў і яны запатрабаваны. Неўзабаве падпішам дагавор аб супрацоўніцтве з Паркам высокіх тэхналогій, якое, упэўнены, будзе ўзаемавыгадным. Вынікі працы ПВТ гавораць самі за сябе. У нашых студэнтаў будзе выдатная магчымасць навучання і самарэалізацыі ў яго фірмах-рэзідэнтах, дзе ствараюць адзін з самых перадавых праграмных прадуктаў у свеце. Дарэчы, за нашымі таленавітымі праграмістамі выстройваецца чарга працадаўцаў, пачынаючы ўжо з другога курса. Акрамя таго, дзякуючы супрацоўніцтву з філіялам ПВТ будуць павышаць сваю кваліфікацыю нашы выкладчыкі.

— Лічыце неабходным узаемадзейнічаць з заказчыкамі кадраў яшчэ больш эфектыўна?

— Гэта адно з ключавых пытанняў, і, перш за ўсё, звернем увагу на ўласныя недапрацоўкі. Аддача ад каардынацыйных саветаў розная. Дзе ёсць жывая сістэма супрацоўніцтва з прадпрыемствамі і арганізацыямі рэгіёна — там і вынік. Але ёсць і факультэты, дзе трэба актывізаваць гэтыя сувязі, прыняць пэўныя кіраўніцкія рашэнні. Над чым і будзем працаваць.

Маё пажаданне кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый — больш актыўна выкарыстоўваць рэсурсы той жа магістарскай падрыхтоўкі, якая больш варыятыўная, гнуткая з пункту гледжання магчымасці заказу на спецыялістаў. Пры належнай зацікаўленасці дырэктар прадпрыемства можа атрымаць новаспечанага спецыяліста такім, якім яго хоча бачыць. У гэтым плане, праўда, ёсць складанасці, не ўсё ўрэгулявана ў прававым полі. Але гэта не перашкаджае кіраўніку прадпрыемства, напрыклад, фінансава заахвоціць выпускніка магітратуры, які добра выконвае сваю работу. Усё можна вырашыць — было б жаданне.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchіk@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Не побач, а разам!

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Перадабортнае кансультаванне — гэта перш за ўсё клопат пра жанчыну

Перадабортнае кансультаванне — гэта перш за ўсё клопат пра жанчыну

У ліпені ў Мінску ў трох паліклініках — 10-й, 23-й і 37-й — былі адкрыты кабінеты «За жыццё», дзе праводзяць перадабортнае кансультаванне.

Грамадства

Наколькі складана ў нашай краіне стаць кандыдатам і доктарам навук?

Наколькі складана ў нашай краіне стаць кандыдатам і доктарам навук?

Ці лічыце вы мэтазгодным устанаўленне адзіных патрабаванняў да саіскальнікаў вучоных ступеняў па колькасці апублікаваных навуковых работ незалежна ад галіны навукі?

Культура

«Не выбірай жонку ў агародзе, а шукай у карагодзе»

«Не выбірай жонку ў агародзе, а шукай у карагодзе»

Фалькларыст і этнахарэограф Сяргей Выскварка ведае, што кажа. 

Грамадства

Ці ўсім быць вундэркіндамі?

Ці ўсім быць вундэркіндамі?

Сучасныя малыя ведаюць алфавіт, але не ўмеюць гуляць.