Вы тут

Якіх змен чакаць ад прыроды?


Міжнародная канферэнцыя міжурадавай групы экспертаў па змяненні клімату праходзіць гэтымі днямі ў Мінску. На працягу пяці дзён каля 150 міжнародных экспертаў з розных краін свету, ў тым ліку і Беларусі, абмяркуюць распрацоўку новага метадалагічнага даклада па змяненні клімату.


Па словах міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Андрэя КАЎХУТЫ, аб арганізацыі і правядзенні канферэнцыі МГЭЗК на тэрыторыі Беларусі дамовіліся на 21-й Канферэнцыі бакоў Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату (адбылася 8 снежня 2015 года), на якой было прынята Парыжскае пагадненне.

— Гэта пацвярджэнне вялікай ролі, якую наша краіна адыгрывае ў свеце адносна рашэння праблем змянення клімату, — падкрэсліў міністр.

Як расказаў праграмны супрацоўнік сакратарыята МГЭЗК Павел ШЭРМАНАЎ, Беларусь мае добрую спадчыну па пытаннях лясной гаспадаркі і водна-балотных угоддзяў, праведзена шмат навуковых даследаванняў у гэтых абласцях па ўліку выкідаў і паглынання дыаксіду вугляроду. Гэтыя напрацоўкі знайшлі адлюстраванне ў шматлікіх міжнародных дакументах, якія выкарыстоўваюць эксперты.

— Кліматычныя змены закранаюць кожнага, і гэта адчуваюць многія людзі, не заўсёды разумеючы сутнасці працэсаў, — адзначыў сустаршыня Мэтавай групы на нацыянальных кадастрах парніковых газаў Кіёта Танабэ. — Работа экспертаў накіравана ў тым ліку і на тое, каб простым людзям, непрафесіяналам у гэтай вобласці, расказаць, што адбываецца і як мы з гэтым можам справіцца.

Канферэнцыя ў Мінску — гэта першая сустрэча ў трохгадовым працэсе падрыхтоўкі дакумента МГЭЗК па вызначэнні зместу для распрацоўкі новага метадалагічнага даклада. Па словах Паўла Шэрманава, пасля зацвярджэння зместу гэтага дакумента будуць праведзены іншыя сустрэчы па распрацоўцы больш канкрэтных пытанняў у розных сектарах — энергетыцы, прамысловасці, лясной гаспадарцы і інш. Працу плануецца завяршыць да мая 2019 года.

Міжурадавая група экспертаў па змяненні клімату была заснавана ў 1988 годзе Сусветнай метэаралагічнай арганізацыяй і Праграмай ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП) з мэтай забеспячэння палітыкаў рэгулярнымі ацэнкамі навуковай асновы праблемы змянення клімату, яго ўздзеянняў і будучых рызык, а таксама варыянтаў адаптацыі і змякчэння ўздзеянняў.

Вераніка КОЛАСАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Эканомім на касметыцы. Як мінімізаваць выдаткі на прыгажосць і маладосць

Эканомім на касметыцы. Як мінімізаваць выдаткі на прыгажосць і маладосць

Како Шанэль сцвярджала, што чым горшыя справы ў жанчыны, тым лепш яна павінна выглядаць.

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.