Вы тут

На якія формы сацабслугоўвання варта звярнуць увагу пенсіянерам?


Якія віды сацыяльных паслуг можна атрымаць у тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання і хто мае права на іх атрыманне? Куды звяртацца ў выпадку цяжкай жыццёвай сітуацыі? На якія формы сацыяльнага абслугоўвання варта звярнуць увагу пенсіянерам? На гэтыя і іншыя вашы пытанні адказалі ў ходзе «прамой лініі», што адбылася ў рэдакцыі «Звязды», галоўны спецыяліст аддзела адраснай сацыяльнай дапамогі і сацыяльнага абслугоўвання ўпраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Таццяна Талалаева і начальнік аддзела пенсійнага заканадаўства Галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алена Гомарава.


— Добры дзень! Мяне завуць Вольга Мышкіна, жыву ў Мінску. Наша суседка з верхняга паверха — адзінокая старая, ледзь ходзіць. Бачу, што нават дарога ў краму даецца ёй няпроста. Дапамагаем ёй, але ўвесь час гэта рабіць няма магчымасці — мы маладыя, любім падарожнічаць, часта выязджаем. Як яшчэ можна ёй дапамагчы, куды звярнуцца?

— Вашай суседцы трэба звярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па месцы жыхарства па аказанне сацыяльных паслуг. Вы ў якім раёне Мінска жывяце?

— У Чыжоўцы.

— Гэта Заводскі раён... Значыць, трэба звярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтр Заводскага раёна горада Мінска. У мэтах прадастаўлення разнастайных сацыяльных паслуг грамадзянам пажылога ўзросту і інвалідам у структуры тэрытарыяльных цэнтраў створаны спецыялізаваныя аддзяленні, уключаючы і аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму, якія аказваюць паслугі па куплі і дастаўцы на дом прадуктаў харчавання, дастаўцы лекаў, прыбіранні жылых памяшканняў і інш.

— Гэта платныя паслугі?

— Так, але яны аказваюцца па сацыяльна нізкіх тарыфах. Тарыф за гадзіну на такія паслугі ў Мінску — 48 капеек (старымі грашыма — 4750 руб.). А калі бабуля, акрамя ўсяго, яшчэ адзінокая і ў яе невялікі памер пенсіі (не перавышае двух бюджэтаў пражытковага мінімуму, на сёння гэта 351 руб.), то яна будзе абслугоўвацца на ўмовах частковай аплаты, якая складае 60% ад тарыфу на сацыяльныя паслугі.

Аказанне сацыяльных паслуг на даму ажыццяўляецца на падставе пісьмовай заявы і дагавора аказання сацыяльных паслуг, складзенага паміж грамадзянінам (яго законным прадстаўніком), з аднаго боку, і тэрытарыяльным цэнтрам, з другога боку, пры наяўнасці ў грамадзяніна медыцынскіх паказанняў і (або) адсутнасці медыцынскіх супрацьпаказанняў для аказання сацыяльных паслуг, пацверджаных медыцынскай даведкай аб стане здароўя.


— Турбуе вас Аляксандра Герасімовіч са Слуцка. Мяне цікавіць такое пытанне: калі пажылы чалавек знаходзіцца ў доме-інтэрнаце для састарэлых на дзяржаўным забеспячэнні, колькі пенсіі ён будзе атрымліваць на рукі?

— Асобам, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні ў дамах-інтэрнатах, пенсія выплачваецца з улікам кошту ўтрымання ў доме-інтэрнаце. Калі пажылы чалавек знаходзіцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні, яму гарантуецца выплата 10% назначанай пенсіі, але не менш за 20% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце. У выпадку, калі памер пенсіі перавышае кошт утрымання, выплачваецца розніца паміж пенсіяй і коштам утрымання, але не менш вышэй названай гарантыі. Гэтая норма прапісана ў артыкуле 84 Закона «Аб пенсійным забеспячэнні».


— Мяне завуць Аксана Юрчанка, я з Баранавіч вам тэлефаную. Калі ласка, адкажыце, што трэба для таго, каб майго бацьку ўзялі на сацыяльнае абслугоўванне на даму? Яму 72 гады, жыве ў г.п. Гарадзішча Баранавіцкага раёна.

— Для заключэння дагавора аказання сацыяльных паслуг вашаму бацьку неабходна звярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтр па месцы жыхарства і прад'явіць дакумент, які сведчыць асобу, дакументы аб праве на льготы (калі ён карыстаецца якімі-небудзь ільготамі), а таксама медыцынскую даведку аб стане здароўя, якая змяшчае інфармацыю аб наяўнасці медыцынскіх паказанняў і (або) адсутнасці медыцынскіх супрацьпаказанняў для аказання сацыяльных паслуг у форме сацыяльнага абслугоўвання на даму.

Работнікі цэнтра на працягу трох рабочых дзён правядуць абследаванне матэрыяльна-бытавога становішча вашага бацькі, складуць акт абследавання і зробяць запыт дакументаў, прадугледжаных заканадаўствам, калі яны адсутнічаюць.

Рашэнне аб заключэнні дагавора аказання сацыяльных паслуг прымаецца кіраўніком тэрытарыяльнага цэнтра на працягу пяці рабочых дзён пасля атрымання апошняга неабходнага для аказання сацыяльных паслуг дакумента.

— Дзякуй вялікі за адказ. У мяне яшчэ пытанне: колькі будуць каштаваць сацыяльныя паслугі?

— Гэта залежыць ад матэрыяльнага становішча і складу сям'і непрацаздольнага грамадзяніна. Цалкам бясплатна сацыяльныя паслугі на даму аказваюцца адзінокім непрацаздольным грамадзянам, сярэднедушавы даход якіх не перавышае зацверджанага ва ўстаноўленым парадку бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ), гэта значыць175 рублёў 50 капеек. На ўмовах частковай аплаты (60% тарыфу на сацыяльныя паслугі) — адзінокім непрацаздольным грамадзянам, сярэднедушавы даход якіх не перавышае 200% БПМ (351 рубель).

Для таго каб забяспячыць даступнасць сацыяльнага абслугоўвання, Брэсцкі аблвыканкам устанавіў гадзінны тарыф на гарантаваныя дзяржавай сацыяльныя паслугі ў памеры 40 капеек (4000 рублёў на старыя грошы).


— Ірына Сцяпанаўна вас турбуе, жыву ў Брэсцкай вобласці. А пытанне ў мяне такое: да каго можа прыходзіць сацработнік, а да каго не? Чула, што да алкаголікаў не прыходзяць, гэта праўда? А калі пажылы чалавек выпівае, але на ўліку ў нарколага не знаходзіцца?

— Ірына Сцяпанаўна, наяўнасць у грамадзяніна стану алкагольнага ап'янення, а таксама паводзіны, якія парушаюць агульнапрынятыя нормы і правілы, прыніжаюць і абражаюць чалавечую годнасць работнікаў тэрытарыяльных цэнтраў, а таксама стан, які ўяўляе пагрозу для іншых грамадзян і самога грамадзяніна, з'яўляюцца падставай для адмовы ў заключэнні дагавора аказання сацыяльных паслуг, у аказанні сацыяльных паслуг, а таксама для скасавання заключанага раней дагавора.


— Леанід Ерафеевіч Каласкоў, Быхаўскі р-н (пытанне зададзена напярэдадні «прамой лініі»). 30 ліпеня я прачытаў у «Звяздзе», што мінімальныя працоўныя пенсіі павялічваюцца на 3,3%. Гэта ўсё пенсіі павялічаныя або толькі мінімальныя працоўныя? І яшчэ адно пытанне: у 75 гадоў да пенсіі выплачваюць дабаўку 33 рублі, а ў 80 гадоў — 44 рублі. Гэта кожны месяц будуць яе выплачваць? Мне споўнілася 80 гадоў, але я не атрымаў ніякай дабаўкі.

— З 1 жніўня гэтага года ў сувязі з павелічэннем бюджэту пражытковага мінімуму пераразлічаны мінімальныя працоўныя пенсіі, сацыяльныя пенсіі, надбаўкі і павышэнні да іх, а таксама даплаты пенсіянерам, старэйшым за 75 гадоў. Што тычыцца ўсіх астатніх працоўных пенсій, то іх пераразлік плануецца да канца бягучага года ў межах сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Што тычыцца другога пытання: з 2012 года да пенсій непрацуючых пенсіянераў, якія стаяць на ўліку ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і якія дасягнулі ўзросту 75 гадоў і старэйшага, устаноўлена даплата. Яе памер складае для асоб ва ўзросце 75—79 гадоў 75% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце, для асоб ва ўзросце 80 гадоў і старэйшых — 100% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце. Названая даплата ўстанаўліваецца аўтаматычна з першага чысла месяца, наступнага за месяцам дасягнення ўзросту 75 або 80 гадоў. Яна выплачваецца штомесяц і пераразлічваецца ў сувязі з павелічэннем БПМ. Як адзначана вышэй, пераразлік названай даплаты быў зроблены ў жніўні.

Па пытанні змены памеру атрыманай вамі даплаты (з 75% на 100% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце) у сувязі з дасягненнем узросту 80 гадоў вам неабходна звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Быхаўскага райвыканкама.


— Памерла сяброўка, пакінула дваіх дзяцей 18 і 20 гадоў. Хтосьці можа дапамагчы сіротам? (Яўгенія, па электроннай пошце.)

— Калі дзеці вашай памерлай сяброўкі вучацца ў Беларусі або за яе межамі (у адпаведнасці з міжнароднымі дамоўленасцямі) на дзённай форме атрымання адукацыі, то ім можа быць прызначана пенсія з нагоды страты карміцеля. Па гэтым пытанні, а таксама пытанні аказання матэрыяльнай дапамогі ім неабходна звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства.


— Вам тэлефануюць з Вілейкі, Юрый Пятровіч мяне завуць. І вось такое пытанне хачу задаць: як часта сацработнік павінен наведваць сваіх падапечных?

— Юрый Пятровіч, аказанне тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацыяльных паслуг ажыццяўляецца на падставе дагавора аказання сацпаслуг. Дагавор складаецца індывідуальна з улікам патрэбы грамадзяніна ў сацыяльным абслугоўванні. У ім указваецца пералік сацыяльных паслуг, якімі грамадзянін пажадаў скарыстацца, а таксама перыядычнасць наведвання грамадзяніна сацыяльным работнікам, працягласць яго знаходжання, колькасць паслуг, што аказваюцца падчас аднаго візіту.

У выпадку платнага аказання тэрытарыяльным цэнтрам сацпаслуг кратнасць наведвання сацработніка залежыць ад пажаданняў грамадзяніна, замацаваных у дагаворы, у выпадку бязвыплатнага аказання сацыяльных паслуг — ад ступені абмежавання яго жыццядзейнасці. Напрыклад, грамадзяне, якія маюць умерана выяўленае абмежаванне жыццядзейнасці, абслугоўваюцца 2 разы на тыдзень, рэзка выяўленае абмежаванне — 4 разы на тыдзень.


— Мяне завуць Надзея Іванаўна, я з Маладзечна. У мяне цудоўны сацработнік! Як я магу падзякаваць гэтай добрай, душэўнай жанчыне? Калі я напішу падзяку, яе неяк адзначыць начальства?

— Зварот са словамі падзякі ў адрас свайго сацыяльнага работніка рэкамендуем накіраваць на адрас кіраўніка тэрытарыяльнага цэнтра, у якога маюцца паўнамоцтвы па прымяненні мер заахвочвання да работнікаў цэнтра.

— Дзякуй, так і зраблю!


— Я інвалід I групы (калясачніца), адзінокая. Якія віды сацыяльных паслуг маю права атрымаць у тэрытарыяльным цэнтры? (Пытанне прыйшло па электроннай пошце.)

— Тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва аказваюць сацыяльныя паслугі ў адпаведнасці з пералікам бясплатных і агульнадаступных сацыяльных паслуг дзяржаўных устаноў сацыяльнага абслугоўвання з нормамі і нарматывамі забяспечанасці грамадзян гэтымі паслугамі, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2012 г. № 1218 «Аб некаторых пытаннях аказання сацыяльных паслуг».

Непрацаздольным грамадзянам аказваюцца сацыяльна-бытавыя, сацыяльна-медыцынскія, сацыяльна-рэабілітацыйныя, сацыяльна-пасярэдніцкія паслугі, паслугі сядзелкі і іншыя віды сацыяльных паслуг, калі ў іх маецца патрэба. Напрыклад, у аддзяленнях дзённага знаходжання для інвалідаў і пажылых грамадзян арганізавана работа рэабілітацыйна-працоўных майстэрняў, розных гурткоў і клубаў па інтарэсах, камп'ютарных класаў. Сацыяльнымі работнікамі аддзяленняў сацыяльнай дапамогі на даму непрацаздольным грамадзянам прадастаўляецца шэраг сацыяльных паслуг з мэтай падтрымання іх самастойнай жыццядзейнасці ў побыце (паслугі па дастаўцы прадуктаў на дом, па прыборцы жылых памяшканняў і інш.).

Аказанне асобных сацыяльных паслуг залежыць ад стану здароўя чалавека (яго здольнасці ажыццяўляць самаабслугоўванне), якое пацвярджаецца даведкай, выдадзенай арганізацыяй аховы здароўя.


— Ірына Алегаўна Лаўрыновіч, г. Мінск (пытанне зададзена напярэдадні «прамой лініі»). Я актыўны чалавек. Неўзабаве планую выйсці на пенсію і мару паездзіць па свеце. Калі я здам кватэру і паеду ў падарожжа, скажам, на год, за мной захаваецца права на пенсію?

— Пенсія выплачваецца толькі ў перыяд пастаяннага пражывання (знаходжання) у Рэспубліцы Беларусь.


— Вас турбуе Паліна Іванаўна Мыцько, пражываю ў Лідскім раёне. Скажыце, калі ласка, калі я не знаходжуся на сацыяльным абслугоўванні, але мне трэба памыць акно, магу я звярнуцца ў ТЦСАН па дапамогу? Колькі гэта будзе каштаваць?

— Паліна Іванаўна, права на атрыманне сацыяльных паслуг, у тым ліку і разавай сацыяльна-бытавой паслугі па мыцці вокнаў, па сацыяльна нізкіх тарыфах маюць інваліды І і ІІ групы, а таксама непрацуючыя грамадзяне, якія дасягнулі 60-гадовага ўзросту, якія маюць права на дзяржаўную пенсію і маюць патрэбу ў сацыяльным абслугоўванні (па заключэнні медыкаў).

У выпадку адсутнасці дакументальнага пацвярджэння аб патрэбе грамадзяніна ў сацыяльным абслугоўванні сацыяльная паслуга можа быць прадастаўлена яму ў рамках ажыццяўлення тэрытарыяльным цэнтрам пазабюджэтнай дзейнасці па эканамічна абгрунтаваным тарыфе. Кошт такой сацыяльнай паслугі разлічваецца, зыходзячы з нормы часу на яе аказанне і вызначанага гадзіннага тарыфу на сацыяльныя паслугі. Для таго каб даведацца канкрэтную суму, раю звярнуцца ў ТЦСАН па месцы вашага пражывання.

Святлана БУСЬКО

busko@zvіazda.by

Фо­та Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Як галасавалі рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Як галасавалі рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Расказваюць нашы карэспандэнты.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Палітыка

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

Сёлетнія выбары кіраўніка дзяржавы — шостыя па ліку.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.