Вы тут

За бяспеку дзяцей адказваюць бацькі


Мінулае лета было даволі багатае на няшчасныя выпадкі, якія здарыліся з дзецьмі. У Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці загінуў чатырохгадовы хлопчык, які разам з татам гасцяваў у бабулі. Пакуль дарослыя былі занятыя гаспадарчымі справамі, малы ўпаў у штучны вадаём, прызначаны для палівання агарода.


У Светлагорску з трэцяга паверха, абапёршыся на маскітную сетку, выпала двухгадовая дзяўчынка. Дзіця з сур'ёзнымі траўмамі шпіталізаванае. Сітуацыя адзін у адзін паўтарылася ў Гродне — 5-гадовая малая з дапамогай дзіцячага століка залезла на падаконнік адкрытага насцеж акна, не думаючы, што гэта небяспечна, абаперлася рукамі аб сетку і ўпала ўніз. Дзіця памерла да прыезду «хуткай дапамогі». У Мінску трохгадовы хлопчык няўдала «пакаштаваў» 50 капеек. Манета засела ў страваводзе. Дзіця шпіталізавалі, манету вынялі пад наркозам. І гэтая сітуацыя не адзінкавая.

Выснова напрошваецца сама сабой: у небяспечныя сітуацыі дзеці трапляюць амаль заўжды выключна па адной прычыне — бацькоўскім недаглядзе. Але ж выхоўваць малых, вучыць іх бяспечным паводзінам павінны перш за ўсё менавіта тата і мама. Як жа гэта рабіць правільна, карэспандэнт «Звязды» пагутарыў з начальнікам рэспубліканскага цэнтра прапаганды МНС Аленай Дмітрук.

Радыус бяспекі мусяць стварыць дарослыя

— Яшчэ з дашкольнага ўзросту бацькі мусяць сфарміраваць паняцце аб небяспецы ў цэлым, вучыць дзіця асцярожнасці. Гэта можна рабіць з дапамогай гульняў, казак, прыкладаў з мультыплікацыйных фільмаў.

Вельмі важным фактарам з'яўляецца і ўласны прыклад бацькоў. Калі вы, ідучы з хаты, выключаеце ўсе электрапрыборы, правяраеце, ці перакрытыя газ і вада, і ў якасці гульні прыцягваеце ў гэты працэс малога, то ён абавязкова, калі пасталее, будзе рабіць гэтак жа. Бо правільныя дзеянні бацькоў — самы важны і галоўны падмурак бяспечных паводзін у дзяцей у будучыні.

Небяспеку для малога ў доме тояць усе дробныя прадметы. Асабліва на гэта трэба звярнуць увагу маладым бацькам. Схавайце падалей батарэйкі, запалкі, іголкі, нажы, бытавую хімію, лекі, цыгарэты і разнастайныя харчовыя кіслоты. Для электрычных разетак лепш набыць спецыяльныя засланкі. Яны каштуюць зусім танна, а карысць ад іх неацэнная: малы не засуне пальцы пад напружанне ў 220 вольт.

З дзецьмі трэба размаўляць даверліва

— Не менш траўмаў, атрыманых у выніку адсутнасці належнага кантролю з боку дарослых, і ў дзяцей малодшага школьнага ўзросту, — працягвае Алена Дмітрук. — Пасля паступлення ў навучальную ўстанову яны атрымліваюць большую самастойнасць. І траўмы сярод школьнікаў вельмі разнастайныя.

Нярэдка траўмы дзеці атрымліваюць па дарозе дадому. Маршрут можа быць пракладзены самім дзіцем у вельмі небяспечных месцах — праз пусткі, гаражы, стадыёны. Таму лепш дарогу, па якой малы будзе ісці ў школу і вяртацца з яе, пракласці бацькам.

Але бацькоўскі кантроль мусіць распаўсюджвацца і на інфармацыйную бяспеку. Цікаўцеся, якія старонкі ў інтэрнэце наведвае сын ці дачка, з кім мае зносіны, якія глядзіць фільмы і чым захапляецца. У апошні час адным з вельмі небяспечных захапленняў дзяцей і падлеткаў стала сэлфі. Тут таксама важна растлумачыць, чым можа скончыцца захапленне бяздумна фатаграфавацца.

Самае галоўнае, пра што павінны памятаць бацькі, — гэта тое, што з дзецьмі трэба размаўляць даверліва. Крыкам і забаронай вы нічога не даб'яцеся. Наадварот, карыснымі акажуцца разважлівыя аргументы і спакойныя тлумачэнні. Дзеці павінны давяраць сваім бацькам і заўсёды ведаць, што могуць разлічваць на іх падтрымку і разуменне ў любой, нават самай складанай, сітуацыі.

Акрамя таго, мы раім прагаварыць разам з малым алгарытм дзеянняў у надзвычайным становішчы. Ён мусіць ведаць, што ў небяспечнай сітуацыі можна пазваніць па тэлефоне 101, 112. Вучыце школьніка карыстацца электрапрыборамі (напрыклад, разагрэць суп у мікрахвалёўцы). Хай ён спачатку зробіць гэта пад вашым наглядам, а праз нейкі час ужо самастойна і правільна будзе выконваць усе дзеянні.

Вось так, паступова, крок за крокам, трэба цярпліва тлумачыць, папярэджваць і заўсёды быць напагатове. І іншага шляху няма. Кантроль за малым з боку бацькоў павінен прысутнічаць абавязкова. Тэлефануйце перыядычна, цікаўцеся, чым ён заняты, з кім і дзе знаходзіцца.

Мультымедыйная прадукцыя для самых маленькіх

— Мы распрацавалі мноства наглядна-выяўленчай прадукцыі для розных узростаў. Для дашкалят выйшла кніга «Урокі бяспекі. Вучымся, гуляючы з Фількам і Лількай», размалёўкі «Вучым правілы бяспекі разам», — кажа Алена Дмітрук. — Для малодшых школьнікаў былі надрукаваны «Першыя пропісы бяспекі». Выдавецкі дом «Звязда» таксама не застаўся ўбаку. Тут выдадзены кнігі «Як звераняты Мікітку правілы паводзінаў у лесе тлумачылі» і «Як звераняты правілы бяспекі на вадзе вывучалі». Аўтар — Генадзь Аўласенка.

Для старшакласнікаў выйшлі кнігі «Геаметрыя бяспекі» і ўніверсальны зборнік парад «Што рабіць, калі...». Лагічны працяг яны атрымалі ў выданні для дарослых «Памятка для бацькоў».

Ратаўнікі не абмяжоўваюцца выключна друкаванымі матэрыяламі. На сайце 112.by ў раздзеле «Мультымедыйныя матэрыялы па АБЖ» размешчана мноства метадычных тэкстаў. Таксама ў вольным доступе там знаходзяцца аўдыяказкі.

Акрамя таго, сёлета быў выпушчаны дакументальны фільм «Недзіцячыя гульні». У аснову яго сцэнарыя былі пакладзены рэальныя надзвычайныя сітуацыі з удзелам дзяцей, якія адбыліся не недзе далёка, а ў нашай краіне. Мы раім абавязкова паглядзець яго і бацькам, і дзецям.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennіk@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Па бацькоўскім недаглядзе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?