Вы тут

Што рабіць, калі знайшоў хворую або загінулую дзікую капытную жывёлу


Супрацоўнікі Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь працягваюць на агульных прыкладах з жыцця тлумачыць недапушчальнасць паводзінаў грамадзян у тых ці іншых сітуацыях. Парушэнне правілаў, нават па няведанні, часам можа цягнуць за сабой сур'ёзныя наступствы, у тым ліку як адміністрацыйную, так і крымінальную адказнасць.


Знайшоў тушу? Не чапай

Што рабіць пры выяўленні параненай, хворай або загінулай дзікай капытнай жывёлы? Грамадзяне з падобным пытаннем звяртаюцца ў Дзяржаўную інспекцыю даволі часта. Разам з тым адказ на яго выразна выкладзены ў Правілах вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання.

Пунктам 148 Правілаў устаноўлена, што пры выяўленні ў паляўнічых угоддзях і (або) на тэрыторыях, не ўключаных у фонд паляўнічых угоддзяў, у тым ліку на дарогах, параненых, траўміраваных, хворых або загінулых дзікіх жывёл забараняецца самавольна здабываць, разбіраць або перамяшчаць (транспарціраваць) іх тушы або часткі туш, выкарыстоўваць прадукцыю (мяса, шкуру, рогі і іншае).

У выпадку выяўлення параненай, траўміраванай, хворай або загінулай паляўнічай жывёлы нарміруемых відаў (у тым ліку дзікай капытнай жывёлы) або дзікай жывёлы відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, асоба, што выявіла такую жывёлу, павінна паведаміць карыстальніку паляўнічых угоддзяў, або ў аператыўна-дзяжурную службу тэрытарыяльнага органа ўнутраных спраў, або ў дзяжурную службу раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, якія абавязаныя перадаць гэтае паведамленне службовай асобе карыстальніка паляўнічых угоддзяў або мясцовага выканаўчага і распарадчага органа.

Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы і карыстальнікі паляўнічых угоддзяў абавязаны прадставіць у тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў і раённыя аддзелы па надзвычайных сітуацыях кантактныя тэлефоны службовых асоб, упаўнаважаных прымаць рашэнне па арганізацыі выратавання або здабычы параненай, траўміраванай, хворай паляўнічай жывёлы.

Па факце выяўлення параненай, траўміраванай, хворай або загінулай паляўнічай жывёлы нарміруемых відаў службовая асоба карыстальніка паляўнічых угоддзяў, а ў фондзе запасу паляўнічых угоддзяў альбо на тэрыторыях, не ўключаных у фонд паляўнічых угоддзяў, — упаўнаважаная службовая асоба мясцовага выканаўчага і распарадчага органа з удзелам прадстаўнікоў арганізацыі Міністэрства лясной гаспадаркі і тэрытарыяльнага органа Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама спецыяліста дзяржаўнай ветэрынарнай службы (калі жывёла хворая ці загінулая) складаюць акт, пасля чаго пры неабходнасці ў іх прысутнасці адбываецца здабыча параненай, траўміраванай або хворай паляўнічай жывёлы. Перамяшчэнне (транспарціроўка), разбор паляўнічых жывёл без наяўнасці акта, складзенага ў названых вышэй выпадках, забароненыя.

Звяртаем асаблівую ўвагу, што незаконныя (у тым ліку самавольныя) перамяшчэнне (транспарціроўка) або разбор дзікіх капытных жывёл, у тым ліку загінулых, або іх частак, з'яўляюцца крымінальна каральнымі дзеяннямі, адказнасць за здзяйсненне якіх устаноўлена часткамі 2, 3 артыкула 282-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.


Дзе прыстраляць зброю?

Паляўнічы набыў новы карабін ці шротавыя патроны ад новага вытворцы. Дзе можна прыстраляць зброю і праверыць «кучнасць» боепрыпасаў?

Правілы вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання (пункт 157) дазваляюць паляўнічым прыстрэльваць зброю ў працэсе палявання пры законным знаходжанні ва ўгоддзях, але толькі ў месцах з натуральнай агароджай (кар'еры, яры і іншае) ці ў месцах, якія добра праглядаюцца на ўсю дыстанцыю палёту кулі і (або) іншага снарада.

Таксама прыстрэлка зброі (незалежна ад наяўнасці ў паляўнічага паляўнічай пуцёўкі) можа адбывацца ў спецыяльна адведзеных для гэтай мэты месцах. Такія зоны павінны быць адведзены кожным карыстальнікам паляўнічых угоддзяў і вызначаны яго лакальнымі нарматыўнымі прававымі актамі. Да дакументаў прыкладаецца схема, на якой пазначаны межы тэрыторыі, адведзенай для прыстрэлкі, лінія і кірунак стральбы, месца ўстаноўкі мішэняў.

Гэтую ж схему карыстальнік паляўнічых угоддзяў абавязаны размясціць на інфармацыйным паказальніку, устаноўленым непасрэдна на месцы прыстрэлкі, і ў адпаведнасці з ёй абсталяваць тэрыторыю (паставіць шчыты для мацавання мішэняў, пазначыць лінію і кірунак стральбы на мясцовасці).

Зараджаць зброю дазваляецца толькі на лініі стральбы. Парушэнне правілаў бяспечнага абыходжання з агнястрэльнай зброяй падчас яго прыстрэлкі недапушчальна!

Прыстрэлка паляўнічай зброі ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах можа праводзіцца круглы год. Рухацца да такіх месцаў і назад паляўнічыя павінны з разраджанай зачахлёнай зброяй, а ў паляўнічых угоддзяў або месцах пражывання паляўнічых жывёл — яшчэ і па вызначаных карыстальнікамі паляўнічых угоддзях або райвыканкамамі дарогах.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: Няведанне не вызваляе ад адказнасці

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.