Вы тут

Як маладыя спецыялісты працуюць на Барысаўскім заводзе медпрэпаратаў


З больш як трох тысяч супрацоўнікаў Барысаўскага завода медыцынскіх прэпаратаў амаль траціну складае моладзь. Адзін з такіх работнікаў — майстар вытворчага ўчастка Аляксей САЛАВЕЙ, які прыехаў у Барысаў па размеркаванні год таму.


З маладым спецыялістам мы сустракаемся ў новым цэху прадпрыемства, які запрацаваў у канцы мінулага года. Галоўны профіль работы ў корпусе — стэрыльная рассыпка антыбіётыкаў. Па міжнародных стандартах гэты працэс павінен адбывацца ў асобным памяшканні. Менавіта для павелічэння экспарту на заводзе і было прынята рашэнне будаваць новы цэх. Наш візіт пачынаецца з гардэроба, дзе ўсе супрацоўнікі пераапранаюцца ў стэрыльнае адзенне. Абавязковае патрабаванне да некаторых — маскі-рэспіратары і акуляры.

— Я родам са Слуцка, пасля школы паступіў у Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт на факультэт тэхналогіі арганічных рэчываў, — расказвае пра сябе наш герой, пакуль мы надзяваем халаты, шапачкі і бахілы. — Спецыяльнасць выбраў даволі папулярную — біятэхналогія, бо гэта той кірунак, які заўсёды будзе перспектыўным. Патрэба на спецыялістаў, якіх там выпускаюць (а па дыпломе я інжынер-хімік-тэхнолаг), заўсёды высокая. Скажу адразу, што мэтанакіравана хацеў трапіць менавіта ў Барысаў. У гэтага прадпрыемства вельмі добрая рэпутацыя сярод студэнтаў. Многія, са слоў выпускнікоў, ведаюць, што тут дастойныя ўмовы працы і высокія заробкі. Па сярэднім бале дыплома я выбіраў месца размеркавання адным з першых і адразу ж назваў Барысаў.

Месца жыхарства прадаставіў наймальнік. Для маладых спецыялістаў завод выкупіў некалькі кватэр і абсталяваў іх усім патрэбным для жылля. У адну з такіх і засялілі Аляксея, ён аплачвае толькі камунальныя паслугі. Хлопец з задавальненнем канстатуе, што старэйшыя калегі адразу прынялі яго як свайго. Разам з ім на прадпрыемства прыехала некалькі аднакурснікаў, таму сумаваць не давялося. Больш за тое, ужо праз некаторы час хлопец перавёз у Барысаў сваю дзяўчыну (цяпер жонку), з якой яны вучыліся ў адной групе, — спецыялістку змаглі пераразмеркаваць.

— У абавязкі майстра ўваходзіць арганізацыя вытворчасці прэпарата ў самым шырокім сэнсе, — тлумачыць Аляксей. — Штодзень я павінен праверыць працаздольнасць вытворчай лініі, кожнага яе элемента, а таксама выкананне супрацоўнікамі мер бяспекі. Я кантралюю, каб хапала сыравіны, калі яе нестае — афармляю дакументы на пастаўку. Агулам праца больш папяровая, але вырашаць даводзіцца самыя розныя пытанні. Усяго ў маім падпарадкаванні больш як 80 чалавек. Так, адказнасць вялікая, але гэта кампенсуецца неверагодным досведам працы на самым сучасным абсталяванні і добрым заробкам.

Аляксей праводзіць невялікую экскурсію па памяшканнях цэха, якім ён загадвае. Тут адбываецца стэрыльная рассыпка антыбіётыкаў цэфаласпарынавага рада, якія маюць вельмі шырокі спектр дзеяння. Першае, што кідаецца ў вочы, — шкло, якое аддзяляе пачатак лініі ад астатніх памяшканняў. Заходзіць пабочным асобам туды падчас работы забаронена, усе супрацоўнікі (дазіроўшчыкі) апрануты ў форму, якая хутчэй нагадвае скафандры. Як тлумачыць майстар, тут захоўваецца клас чысціні B. Вышэй за яго толькі клас A — у памяшканнях такога кшталту працуюць выключна робаты.

Вопыт работы на са­мым су­час­ным аб­ста­ля­ван­ні —  ад­на з пе­ра­ваг прад­пры­ем­ства.

Усё пачынаецца з падрыхтоўкі флаконаў, якія набываюць у Расіі. Тут іх падаюць у мыечную машыну, дзе яны праходзяць ачыстку вадой пры тэмпературы 90 градусаў. Далей — стэрылізацыя пры тэмпературы 320 градусаў па Цэльсіі. Пасля падыходзіць важнейшы этап — у так званай «зоне» фасовачная машына рассыпае антыбіётык па флаконах ідэальна роўнымі дозамі. Наступны этап — закаркоўванне.

— Усё абсталяванне тут абсалютна новае, італьянскае, — расказвае Аляксей. — Яно вельмі якаснае і «гнуткае»: усяго за суткі мы можам цалкам пераналадзіць лінію на выпуск іншага прэпарата. Тэхніка дазваляе выпускаць каля 250 тысяч флаконаў за дзень. Завод працуе кругласутачна — у тры змены. Для мяне змены чаргуюцца па тыднях — спачатку дзённая, потым вячэрняя і начная.

На кожнай наступнай стадыі ўдзел у вытворчасці бярэ ўсё больш людзей. Далей, напрыклад, да работы прыступаюць кантралёры — яны візуальна правяраюць напоўненасць флаконаў, адбракоўваюць пашкоджаныя. Вага замяраецца аўтаматычна. Напрыканцы шклянкі маркіруюцца, на іх наносяцца серыя і тэрмін прыгоднасці. Апошняя стадыя — упакоўка ў скрыні. Заўважаем рэгіён прызначэння — Узбекістан. Па словах Аляксея, больш за 70% прадукцыі цэха ідзе на экспарт, у асноўным у краіны СНД.

— Уражанні ад працы ў мяне самыя выдатныя, — прызнаецца малады спецыяліст. — Я адчуваю, што расту прафесійна, а гэта вельмі важна. Нядаўна вось прайшоў курсы па павышэнні прафесійнага майстэрства, якія для нас праводзіў спецыяліст з Украіны. Неўзабаве я адпраўлюся на стажыроўку ў Кіеў, туды мяне накіраваў завод. На прадукцыю фармацэўтыкі заўсёды будзе попыт, таму за сваю будучыню я спакойны.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Мінск — Барысаў — Мінск.

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Спецыяльнасць на ўсе часы, або Выратаванне з флакона

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.