Вы тут

42-метровае люстэрка ўпрыгожыць святочную сцэну ў Рагачове


ХХІІІ Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Рагачове ўжо ў гэтыя выхадныя — 3—4 верасня. Гасцей і ўдзельнікаў свята, а таксама тых, хто сёлета (упершыню) зможа ўбачыць яго па тэлебачанні, чакаюць шматлікія сюрпрызы ад арганізатараў. Можна будзе даведацца пра любімыя кнігі беларускіх адказных асоб і народных артыстаў, пачуць найбольш упадабаныя вершы айчынных тэлевядучых і спевакоў, а таксама пазнаёміцца з беларусамі з 19 краін, якія прыедуць сюды прадстаўляць свае дыяспары.


У дзіцячым аддзеле рагачоўскага Дома кнігі.

— Раніцай 3 верасня ў Рагачове пачнуць сваю працу розныя тэматычныя пляцоўкі і выставы, у тым ліку «Геній зямлі беларускай» (да 125-годдзя Максіма Багдановіча), «Якуб Колас: жыццё і творчасць». Таксама пройдуць мерапрыемствы з нагоды 95-годдзя вядомага драматурга, ураджэнца Рагачова Андрэя Макаёнка, — адзначыў на сустрэчы з журналістамі першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар ЛУЦКІ. — Дзень 4 верасня пачнецца з пасадкі Саду малітвы, хрэснага ходу, святочнай літургіі ўдзельнікаў экспедыцыі «Дарога да святыняў».

Урачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства «Беларусь — спрадвечная песня» запланавана на 12 гадзін. Адразу пасля яго адбудзецца ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. На конкурс было пададзена 30 твораў у розных літаратурных жанрах. Сёлета прэмію прысудзяць ва ўсіх 7-мі намінацыях. Пераможцы атрымаюць святочныя знакі-сімвалы, дыпломы і грашовыя прэміі. Асаблівым чынам запланаваны і фармат фестывалю кнігі і прэсы, будуць працаваць асобныя павільёны дзіцячай кнігі, літаратурная гасцёўня, выстаўка-прэзентацыя да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Усяго будзе праведзена каля ста мерапрыемстваў. Упершыню ў свяце беларускага пісьменства прымае ўдзел прадстаўнічая дэлегацыя беларусаў з 19 краін блізкага і далёкага замежжа.

Сёлета арганізатарам свята, сярод іншых, выступіў тэлеканал «Сталічнае тэлебачанне». Намеснік генеральнага дырэктара Павел Каранеўскі прыадкрыў таямніцу:

— Мы прапанавалі нашым ганаровым гасцям, якія завітаюць на Дзень пісьменства, прывезці ў падарунак Рагачову любімыя кнігі. І гэта не абавязкова навінкі — мажліва, кнігі з дзяцінства, найбольш дарагія сэрцу выданні. Пасля адкрыцця іх з дароўным надпісам можна будзе пакінуць у новым Доме кнігі. Такім чынам, кніга стане артэфактам! Мы звярнуліся таксама да вядомых артыстаў, спартсменаў, каб яны расказалі пра свае любімыя выданні — і гэта можна будзе ўбачыць не толькі на свяце, але і ў эфіры СТБ.

Для ўрачыстага адкрыцця тэлеканалам створана літаратурна-тэатральная пастаноўка, у якой паспрабавалі расказаць пра ўсё тое, чым багатыя беларусы. У ёй прымуць удзел народныя артысты Таццяна Мархель і Генадзь Аўсянікаў.

Канцэрт-закрыццё будзе прысвечаны Уладзіміру Мулявіну. У ім прымуць удзел ансамбль «Песняры», а таксама Аляксей Хлястоў, Вікторыя Алешка, гурт «Чысты голас» і іншыя. Скончыцца ўсё вялікім феерверкам.

Пралогі святочнай дзеі аздобіць музыка гуртоў «Стары Ольса», Shuma, Navі і іншых.

Як распавёў Павел Каранеўскі, на сцэне будзе ўстаноўлена вялізнае люстэрка, даўжынёй у 42 метры, аздобленае нацыянальнымі арнаментамі. Экраны, сеткі — усё будзе змяняцца і мільгацець. Напярэдадні былі сабраны ўзоры колераў, вышывак Рагачоўшчыны, каб менавіта яны ўпрыгожвалі галоўны экран.

Запіс адкрыцця можна будзе ўбачыць па тэлебачанні ў нядзелю ў 20.30. Паказ уручэння Нацыянальнай літаратурнай прэміі і канцэрта закрыцця адбудзецца ў панядзелак увечары.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Спрадвечная песня над Дняпром

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».