Вы тут

Нелегальныя прадпрымальнікі занялі каля 20% другаснага рынку жылля


Вольныя маклеры ўсё актыўней пашыраюць сваю прысутнасць на сталічным рынку жыллёвай нерухомасці, чым ствараюць сур'ёзную пагрозу для спажыўцоў, паведаміў старшыня савета Беларускай асацыяцыі «Нерухомасць» (БелАН) Мікалай Прасталупаў падчас «круглага стала», дзе разглядаліся і праблемы будаўніцтва жылля ў Мінску.


Без ліцэнзіі

Наш пастаянны эксперт адзначыў, што ценявы сектар на рынку жылля галоўнага мегаполіса краіны пачаў істотна павялічваць сваю прысутнасць апошнія два гады. Росквіту нелегальнага сектара рыэлтарскіх паслуг спрыялі адразу некалькі асноўных фактараў. Па-першае, зніжэнне плацежаздольнасці кліентаў, бо жаданне сэканоміць заўсёды прысутнічала сярод насельніцтва, а таксама адсутнасць у агенцтваў гнуткіх тарыфаў на свае паслугі, дзе дзяржава не дазваляе выкарыстоўваць сістэму зніжак. «У адрозненне ад рыэлтарскіх арганізацый, дзейнасць якіх жорстка рэгулюецца Міністэрствам юстыцыі, «шэрымі» агентамі, якія працуюць без рэгістрацыі і ліцэнзіі, практычна ніхто не цікавіцца. У прыватнасці, сфера інтарэсаў Мінюста на іх не распаўсюджваецца, хоць іх актыўнасць на рынку стала заўважная кожнаму», — адзначыў старшыня савета.

Ад дэмпінгу да махлярства — адзін крок

Спецыялісты рынку жыллёвай нерухомасці паведамляюць, што сёння кожны трэці «шэры» агент дзейнічае без ведама ўладальнікаў кватэр, бо збірае інфармацыю з адкрытых крыніц, пасля чаго размяшчае аб'явы з указаннем асабістых кантактаў. Многія агенты-адзіночкі працуюць з уласнікамі наўпрост, а каб заручыцца іх падтрымкай, актыўна звяртаюцца да свабоднага цэнаўтварэння (у адрозненне ад рыэлтарскіх арганізацый, яны могуць выкарыстоўваць любыя тарыфы). У выніку даходзіць да абсурду, калі адзін і той жа чалавек прадае 15-20 кватэр. Тут трэба адзначыць, што падобныя спецыялісты-індывідуалы не страхуюць правядзенне сваіх здзелак ад форс-мажорных выпадкаў, а таксама яны не плацяць адпаведныя падаткі і зборы ў дзяржаўную казну.

Наш эксперт прагназуе, што ў найбліжэйшай будучыні мінчане і ўвогуле могуць сутыкнуцца з засіллем нелегальных пасярэднікаў, а «шэрых» агентаў пачнуць змяняць «чорныя рыэлтары» — тыя, што выкарыстоўваюць заведама ашуканскія схемы. «Калі сітуацыя не зменіцца, то не выключана, што мы можам сутыкнуцца з негатыўным вопытам расійскіх гарадоў, у якіх квітнеюць «чорныя маклеры», а тэма жылля не пакідае крымінальных зводак. Пакуль, вядома, сітуацыя ў Беларусі далёкая ад крытычнай, але тэндэнцыя насцярожвае», — патлумачыў сваю пазіцыю Мікалай Прасталупаў.

Шанц «адбяліць» рынак

Выправіць сітуацыю на другасным рынку жылля эксперт прапануе без нейкіх жорсткіх метадаў, а выключна звычайным чынам: патрабаваць ад аўтара аб'явы аб продажы нерухомасці пацвярджэння, што ён з'яўляецца ўласнікам жылля або атрымаў ад апошняга даверанасць на продаж кватэры. Акрамя таго, да агентаў-адзіночак павінны прад'яўляцца тыя ж патрабаванні, што і да рыэлтарскіх арганізацый. «Пакуль тут няма раўнавагі. Чым большы ціск аказваюць на легальны сектар, тым хутчэй расце ценявы. Так працуе эканоміка ў любой краіне свету», — падкрэслівае спецыяліст.

Паводле яго слоў, рыэлтарскія арганізацыі, у адрозненне ад вольных агентаў, за кожнае дзеянне адказваюць рублём, а ў выпадку чаго могуць пазбавіцца ліцэнзіі і пакінуць рынак. «Афіцыйнаму агенцтву нерухомасці ёсць што губляць: ад таго, наколькі прафесійна яно працуе з кліентам, залежыць яго лёс на рынку. Тым самым спажывец атрымлівае пэўныя гарантыі і можа быць упэўнены ў якасці працы. А вось пры супрацоўніцтве з «шэрым» маклерам чалавек можа разлічваць толькі на ўдачу», — лічыць спадар Прасталупаў.

Спецыялісты арганізацый асацыяцыі ўпэўнены, што «шэрыя» пасярэднікі могуць падарваць давер у кліентаў да рынку жылля. «Калі чалавек сутыкнуўся з нядбайным агентам-адзіночкай, у яго складваецца лжывае ўяўленне аб усіх удзельніках рынку жылля. Такіх выпадкаў усё больш, і ад іх, у канчатковым выніку, могуць пацярпець і тыя, хто працуе прафесійна і адказна», — адзначыў старшыня савета.

Рэкорды актыўнасці

Мікалай Прасталупаў паведаміў, што айчынны рынак жылой нерухомасці, пачынаючы з лета, істотна ажывіўся, і па выніках года можа быць зарэгістравана рэкордная колькасць здзелак, аднак цэны працягнуць зніжацца і ў наступныя месяцы.

Цяпер на рынку назіраецца цікавая сітуацыя, калі спецыялісты сутыкнуліся з небывалай колькасцю здзелак. «Улетку іх было зафіксавана 1,3—1,4 тысячы ў месяц, і ў жніўні сёлета рост працягваўся», — паведаміў кіраўнік асацыяцыі. Больш за тое, на яго думку, у 2016 годзе агульная колькасць здзелак можа дасягнуць 15 тысяч, што нашмат перавышае паказчыкі 2013-2014 гадоў, якія да гэтага часу лічыліся рэкорднымі.

Эксперт таксама канстатаваў, што ў апошнія месяцы запаволілася і тэндэнцыя да зніжэння цэн на жыллё. «Цяпер можна чакаць такога зніжэння тэмпаў у памеры каля 1% у месяц, і я думаю, што да новага года будзе такая сітуацыя», — дадаў ён. Паводле яго слоў, не варта чакаць росту цэн і на рынку новабудоўляў. Сёння на першасным рынку жылля забудоўшчыкі спыніліся на цэнніку ў тысячу долараў за квадратны метр, што лічыцца мінімальнай гранічнай мяжой. «Сітуацыя магла б змяніцца, калі б было больш участкаў, але іх няма», — сказаў Прасталупаў. Ён падкрэсліў, што адсутнасць дастатковай прапановы на першасным рынку жылля будзе «вялікім тормазам» для істотнага далейшага зніжэння коштаў на кватэры на другасным рынку Мінска.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Суцэльная хваля «шэрых» агентаў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.