Вы тут

Новая агароджа ўстаноўлена каля старога манастыра ў Брэсце


Вакол бернардзінскага манастыра, які знаходзіцца на Шпітальным востраве Брэсцкай крэпасці, устаноўлена агароджа. Цяпер на старадаўнія руіны не змогуць трапляць усе ахвотныя і шкодзіць ім, а таксама падвяргаць небяспецы сваё жыццё. На жаль, пабудова зараз у такім стане, што прагулкі неспецыялістаў па былых келлях хаваюць пэўную пагрозу.


Бернардзінскі манастыр нездарма называюць асколкам сярэднявечнага еўрапейскага горада, знішчанага пры ўзвядзенні крэпасці ў ХІХ стагоддзі. Варта сказаць, што ў ХVІІ стагоддзі Брэст складаўся з трох частак: замка, «места», гэта значыць, гарадскіх кварталаў і паўднёвага прадмесця горада. Ад гарадской плошчы адыходзілі дзве вуліцы. А на плошчы стаялі два манастыры ордэна бернардзінцаў: мужчынскі і жаночы.

У 1605 годзе манахі ўзвялі першыя драўляныя манастырскія пабудовы. Потым Леў Сапега і Ян Галемскі ахвяравалі сродкі, і бернардзінцы пабудавалі мужчынскі манастыр, а таксама мураваны касцёл.

Мураваны жаночы манастыр разам з касцёлам Беззаганнага зачацця з'явіўся значна пазней, напрыканцы ХVІІІ стагоддзя. Засталіся дакументальныя сведчанні асаблівай прыгажосці і архітэктурнай вытанчанасці касцёла ў стылі віленскага барока. Усяго ў Беларусі існавала чатыры жаночыя бернардзінскія манастыры: у Брэсце, Гродне, Мінску і Слоніме. Але толькі ў Брэсце два манастыры стаялі на адной плошчы і ўтваралі адзіны комплекс.

Пасля далучэння нашага краю да Расійскай імперыі ўплыў бернардзінцаў паступова слабеў, амаль усе іх манастыры спынілі дзейнасць ў 1860-я гады. А ў 30-я гады ХІХ стагоддзя ў Брэсце, як вядома, пачалі будаваць крэпасць. І ў 1831 годзе жаночы бернардзінскі манастыр быў закрыты. Будынкі сталі выкарыстоўваць для ваенных і бытавых патрэб. У перабудаваных манастырскіх дамах размясцілі Аляксандраўскі Брэсцкі кадэцкі корпус. Будынак жаночага манастыра моцна пацярпеў падчас Першай сусветнай вайны. У 1915 годзе пры адступленні рускіх войскаў з Брэст-Літоўска касцёл падпалілі і ён выгараў унутры аж да цагляных сцен. Пасля такога пажару працэс разбурэння стаў непазбежным. І ў перыяд паміж 1920 і 1939 гадамі руіны знеслі польскія сапёры.

Падчас нямецкай акупацыі ў манастырскіх будынках, якія заставаліся, размяшчаўся ваенны шпіталь. У 1950—1970-х гадах келейны корпус жаночага манастыра выкарыстоўваўся ў якасці сталовай вайсковай часці, якая кватаравала на востраве. Гэта і выратавала яго ад канчатковага разбурэння. У 80-х гадах мінулага стагоддзя манастыр зусім закінулі. Доўгі час сцены шырынёй у 1,3 метра разбураліся пад уплывам атмасферных з'яў. Такім чынам, апошні сведка сярэднявечнай прыгажосці горада павольна паміраў.

Перыядычна пра манастыр успаміналі толькі нераўнадушныя жыхары горада — аматары яго гісторыі. Адзін з суботнікаў па ўборцы тэрыторыі валанцёры правялі ў 2004 годзе. А летась тут адбылося некалькі суботнікаў. На адзін з іх прыйшлі работнікі гарвыканкама на чале са старшынёй Аляксандрам РАГАЧУКОМ. Ссечаны і выкарчаваны лішнія расліны, прыведзены ў парадак ваколіцы манастыра, устаноўлены шчыты са звесткамі пра гістарычны помнік. Асаблівая ўвага ўдзелена мерапрыемствам па ахове будынка.

Не так даўно на тэрыторыю манастыра прыйшлі спецыялісты будаўнічай арганізацыі. Яны правялі пэўную работу па добраўпарадкаванні і ўстанавілі агароджу вакол руін кляштара бернардзінак. Гэта было зроблена перадусім для бяспекі наведвальнікаў гістарычнага аб'екта. Бо таблічкі з папярэджаннямі, як аказалася, яшчэ больш прываблівалі экстрэмалаў. І асабліва цікаўныя турысты ўсё ж лазілі ўнутр манастыра. Нядаўна, напрыклад, там абрынулася каменная арка, добра, што на той час нікога побач не аказалася. Так што цяпер гістарычны помнік можна аглядаць здаля. І спадзявацца, што некалі ўсё ж дойдзе чарга да старадаўніх руін прыгожага манастыра.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevich@zviazda.by

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА

Загаловак у газеце: Новая агароджа каля старога манастыра

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.