Вы тут

Сакральны сэнс галаўнога ўбору


Беларускі нацыянальны касцюм заўсёды адрозніваўся самабытнасцю, хоць і фарміраваўся разам з традыцыйным адзеннем іншых славянскіх народаў. Да пачатку ХХ стагоддзя ён захоўваў шматлікія архаічныя рысы. Пры гэтым у розных частках краіны адзначаліся непаўторныя адметнасці, звязаныя, як правіла, з характарам і месцам арнаментальнага аздаблення, са спосабамі выкарыстання асобных кампанентаў.


«Агульны бела-чырвоны каларыт традыцыйнага ільнянога адзення ― сарочак, фартухоў, галаўных убораў дапаўняўся маляўнічасцю шарсцяных спадніц-андаракоў з дэкорам у клетку, палоскі ці аднаколеравых. Лакальныя адрозненні больш за ўсё выяўляліся ў жаночых строях, асабліва ў касцюмах замужніх жанчын, якія завяршаліся старажытнымі галаўнымі ўборамі ручніковага тыпу ― наметкамі», ― раскрывае тайны старажытнага нацыянальнага адзення Марыя Віннікава, старшы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускай культуры ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

У Рагачоўскім раёне наметка мае вельмі арыгінальны выгляд, завіваецца, мабыць, самым незвычайным і складаным спосабам. Канцы яе ўтвараюць на верхавіне галавы крыж, што хутчэй за ўсё мае абярэгавы сэнс. Адзін канец абвівавае галаву шырокім абручом, другі складваецца паласой, загортваецца некалькі разоў, перакідваецца наперад цераз макушку і трохі навісае над ілбом... Інструкцыя па завязванні ўбору, дарэчы, не для ўсіх. Завіванне наметкі «па-рагачоўску» ― гэта цэлае мастацтва.

Звычайна рагачоўскія наметкі выраблялі з тонкага, але даволі шчыльнага палатна. Даўжыня іх складала ажно каля 300 см, шырыня ― у межах 40 см. Вызначаліся тонкасцю і вялікімі памерамі. Канцы драпіраваліся па-рознаму, у залежнасці ад мясцовых традыцый.

«Раней даведацца, адкуль родам беларуская жанчына, які яе ўзрост і сямейны стан, можна было яшчэ здалёк ― па сілуэце. Падышоўшы бліжэй, дзякуючы касцюму адкрываліся іншыя цікавыя моманты: кампазіцыйная пабудова строя, маштаб і размяшчэнне арнаменту, крой спадніцы», ― дадае Марыя Віннікава.

Пра народны касцюм з Рагачоўскага раёна захаваліся, на жаль, толькі асобныя звесткі. Але Марыя Віннікава разам з такімі ж натхнёнымі даследчыкамі з навукова-вытворчага прадпрыемства «Скарбніца» здолела зрабіць яго навуковую рэканструкцыю. Усё пачалося з выпадковай знаходкі, якая стала каштоўнай крыніцай інфармацыі пра адзенне беларусаў пачатку ХХ стагоддзя. Гэта былі фатаграфіі 1903-1904 гадоў, зробленыя студэнтам Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, ураджэнцам Беларусі Вячаславам Косткам падчас этнаграфічных экспедыцый па (на той час) Магілёўскай губерні. Марыя Віннікава менавіта на падставе здымкаў спачатку прааналізавала асаблівасці галаўных убораў у жаночых строях Гомельскай часткі Падняпроўя, спосабы завівання наметак, а потым узнавіла падняла з небыцця і поўны касцюм той мясцовасці.

«Важна, што Вячаслаў Костка адзначыў у сваіх запісах розніцу паміж спосабамі нашэння наметкі ў дзвюх суседніх вёсках Рагачоўскага павета ― Шапчыцы і Званец. Яны маюць агульныя рысы: абгортваліся кругом галавы ў выглядзе шапачкі, якая не ахоплівала падбародак і шыю, аднак поўнасцю закрывала валасы. Але ж канцы ўкладваліся на галаве па-рознаму», ― расказвае Марыя Віннікава.

Шырокі адкідны каўнер на кашулі, упрыгожаны па краях вышыўкай і карункамі, ― другая істотная асаблівасць рагачоўскага касцюма. Жанчыны апраналі клятчастую шарсцяную спадніцу (андарак). Абавязковым кампанентам быў белы фартух з арнаментаваным падолам, які не толькі ўпрыгожваў касцюм, але і дадаткова ахоўваў жаночае ўлонне як ад холаду, так і ад, як казалі, паганага вока.

Такі элемент, як пояс, захоўваўся прыкладна да сярэдзіны мінулага стагоддзя як абавязковы атрыбут мужчынскага касцюма, таму што сарочка насілася паверх штаноў і павінна была падпяразвацца. Рагачоўскія мужчыны, дарэчы, насілі сарочкі з вельмі шырокай вышыванай манішкай. У жаночым касцюме са з’яўленнем безрэкаўкі (гарсэта) пояс стаў знікаць, таму што лінія таліі і так падкрэслівалася. Гарсэт рагачоўцаў быў з чатырохвугольным выразам спераду і сабранай у складкі баскай.

З артыкула Марыі Віннікавай у зборніку артыкулаў «Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі» можна падрабязней даведацца пра асаблівасці жаночых галаўных убораў ручніковага тыпу. Так, наметкі на ўсходзе Беларусі, куды адносіцца і Гомельская вобласць, перасталі насіць значна раней, чым на Палессі, дзе яны ўжываліся аж да 1930-х гадоў, а потым яшчэ доўга выкарыстоўвалі ў сямейнай абраднасці, на святах. Рагачоўскія жанчыны, асабліва маладыя, сталі пераходзіць да больш простых хустак у канцы ХІХ стагоддзя. Калі казаць пра змены ва ўсім касцюме, то ў моду ў пачатку ХХ стагоддзя ўваходзілі фабрычныя вырабы, замяняючы даматканыя. Даследчыца адзначае, што маладыя жанчыны і дзяўчаты пэўны час яшчэ апраналі «хатнія» сарочкі, аздобленыя геаметрычным ці стылізаваным раслінным арнаментам, які вышывалі крыжыкам. А вось фартухі ўжо прайшлі мадэрнізацыю: рабіліся з крамных квяцістых тканін, з шырокімі брыжамі па нізе. Падчас экспедыцыі Вячаслава Косткі ў 1903 годзе ўжо толькі вельмі пажылыя жанчыны насілі поўны традыцыйны народны касцюм. Бераглі яго, каб быць у ім пахаванымі. Многія каштоўныя сведкі часу сышлі разам з іх уладальнікамі ― вось чаму так мала інфармацыі. А яе рэшткі вельмі каштоўныя для нас, нашчадкаў.

Марыя Віннікава даўно займаецца вывучэннем традыцыйнага беларускага касцюма і аднаўленнем народных строяў, якія практычна зніклі з беларускай зямлі. У Музеі старажытнабеларускай культуры, што знаходзіцца ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, можна ўбачыць уборы сялян у такім выглядзе, як іх насілі гадоў сто назад. Гэтая экспазіцыя ― вынік велізарнай шматгадовай працы даследчыкаў.

Народны касцюм увасабляе багацце беларускіх традыцый нібыта яркі і пераканаўчы сведка густу, асаблівасцей мыслення і фантазіі, індывідуальнасці, характару. Менавіта касцюмы, якія насілі нашы продкі, акунаюць у атмасферу старажытнай культуры, мастацкага мінулага народа. Як гэта можа не зацікавіць?

Марыя ВОЙЦІК

Фота Марыі Віннікавай

Касцюм замужняй жанчыны з галаўным уборам «наметка», адноўлены ў «Скарбніцы» паводле навуковай рэканструкцыі Марыі Віннікавай.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.