Вы тут

З чаго пачынаўся інваспорт і як выглядае Параалімпіяда сёння


На наступным тыдні ў Рыа стартуюць XV летнія Параалімпійскія гульні. Развіццё спорту сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі мае больш чым стагадовую гісторыю. Штуршком для гэтага стала адкрыццё навукоўцаў, дзякуючы якому яны высветлілі, што рухальная актыўнасць з'яўляецца адным з асноўных фактараў рэабілітацыі інвалідаў.


Пяціразовы паралімпійскі чэмпіён Ігар БОКІЙ.

Першыя спробы далучэння людзей з фізічнымі хваробамі да спорту былі зроблены ў 1888 годзе, калі ў Берліне ўзнік першы спартыўны клуб для глухіх. Праз некалькі дзесяцігоддзяў у Парыжы былі праведзены летнія Сусветныя гульні глухіх (1924). У іх удзельнічалі спартсмены з Бельгіі, Вялікабрытаніі, Галандыі, Польшчы, Францыі і Чэхаславакіі. Праграма гульняў уключала спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы, веласпорце, футболе, стральбе і плаванні. Пазней сталі праводзіцца падобныя зімовыя гульні.

А вось людзі з пашкоджаннямі апорна-рухальнага апарата сталі актыўна далучацца да заняткаў спортам толькі пасля Другой сусветнай вайны. У 1944 годзе ў цэнтры рэабілітацыі хворых са спіннамазгавымі траўмамі ў Стак-Мандэвіле была распрацавана спартыўная праграма як абавязковая частка комплекснага лячэння, яе стваральнік — прафесар Людвіг Гутман. У ліпені 1948-га адначасова з правядзеннем Алімпійскіх гульняў у Вялікабрытаніі пад кіраўніцтвам доктара Людвіга адбыліся Стак-Мандэвільскія гульні. У спаборніцтвах па стральбе з лука ўдзельнічалі 16 паралізаваных мужчын і жанчын — былых вайскоўцаў.

У наступныя гады павялічылася не толькі колькасць удзельнікаў, але і колькасць відаў спорту. Увогуле ідэя правядзення спаборніцтваў інвалідаў была добра падтрымана міжнароднай грамадскасцю.

* * *

Першыя летнія Параалімпійскія гульні адбыліся ў сталіцы Італіі Рыме ў 1960 годзе. Цырымонія адкрыцця прайшла на стадыёне «АкваАцэтоса», дзе прысутнічалі пяць тысяч гледачоў. У спаборніцтвах прынялі ўдзел 400 спартсменаў з 23 краін. Праграма рымскіх Гульняў уключала восем відаў спорту, сярод якіх была ўжо не толькі стральба з лука, але і лёгкая атлетыка, плаванне, фехтаванне, баскетбол і настольны тэніс. Медалі разыгрываліся ў 57 дысцыплінах. У спаборніцтвах удзельнічалі спартсмены з пашкоджаннем спіннога мозга.

Яшчэ адной значнай падзеяй у параалімпійскім руху стала летняя Паралімпіяда 1988 года, для правядзення якой пачалі выкарыстоўвацца тыя ж аб'екты, на якіх праходзілі алімпійскія спаборніцтвы. Ужо зімовыя Паралімпійскія гульні 1992 года адбыліся ў тым жа горадзе і на тых жа арэнах, што і алімпійскі турнір. У 2001 годзе Міжнародны алімпійскі камітэт і Міжнародны параалімпійскі камітэт падпісалі пагадненне, па якім Параалімпіяда павінна праходзіць у той жа год, у той жа краіне і выкарыстоўваць тыя ж аб'екты, што і Алімпіяда.

Праз 50 гадоў свайго існавання Параалімпійскія гульні набылі зусім іншыя маштабы. У 2012 годзе ў Лондане лік удзельнікаў перавысіў 4 200 спартсменаў, у турніры спаборнічалі атлеты з 166 краін у 20 відах спорту і разыгралі 503 камплекты ўзнагарод.

Гонкі на калясках.

* * *

Як і Алімпіяда, Параалімпіяда мае сваю эмблему, лозунг і талісманы. Эмблема ўпершыню з'явілася на зімовых гульнях у Турыне ў 2006 годзе. Лагатып складаюць размешчаныя вакол цэнтральнага пункта тры паўсферы чырвонага, сіняга і зялёнага колераў — тры агітосы (ад лацінскага agіto — «прыводзіць у рух, рухаць»). Гэты сімвал адлюстроўвае ролю Міжнароднага параалімпійскага камітэта ў аб'яднанні спартсменаў з інваліднасцю, якія сваімі дасягненнямі натхняюць і захапляюць свет. Тры паўсферы, колеры якіх — чырвоны, зялёны і сіні — шырока прадстаўлены ў нацыянальных сцягах краін свету, сімвалізуюць Розум, Цела і Дух.

Параалімпійскі дэвіз — «Spіrіt іn Motіon» («Дух у руху»). Ён лаканічна і ярка перадае бачанне параалімпійскага руху — неабходнасць даваць спартсменам-паралімпійцам любога ўзроўню і паходжання магчымасць для таго, каб натхняць і захапляць свет дзякуючы спартыўным дасягненням.

* * *

Сёлетняя Параалімпіяда ўключае ў сябе больш за 20 відаў спорту. Калі стральба з лука стала першым індывідуальным відам у гісторыі інваспорту, то ў гульнявых відах усё пачалося з баскетбола на калясках. За выключэннем таго, што гульцы перасоўваюцца на калясках, правілы блізкія да звычайных. Акрамя гэтага, на Параалімпіядзе прадстаўлены і валейбол, ён уключае ў сябе дзве разнавіднасці — гульня стоячы і седзячы.

У веласпорце, напрыклад, правілы не адаптаваныя спецыяльна для спартсменаў з інваліднасцю, але ўведзена дадатковае ахоўнае прыстасаванне. Калясачнікі спаборнічаюць на калясках-роварах з ручным прывадам, спартсмены з парушэннямі зроку — на веласіпедах-тандэмах у парах з памочнікамі, якія добра бачаць. Сучасная праграма ўключае шашэйныя гонкі, а таксама трэкавыя віды: камандныя, індывідуальныя гонкі пераследавання і іншыя.

«Каралева спорту» лёгкая атлетыка прадстаўлена на Параалімпіядзе бегам, скачкамі, кіданнем і мнагаборствам. Сярод сілавых відаў спорту найбольшае распаўсюджванне атрымаў паўэрліфтынг — жым штангі лежачы. Сярод папулярных таксама танцавальны спорт. Спаборніцтвы па танцах на калясках дзеляцца на тры віды — у калясцы партнёр, у калясцы партнёрка і ў калясках абое.

У асноўным большасць відаў праграмы Параалімпіяды падобныя да алімпійскіх.

Так праходзяць спаборніцтвы па баскетболе.

* * *

Упершыню зборная СССР прыняла ўдзел у Параалімпійскіх зімовых гульнях у 1984 годзе ў Інсбруку (Аўстрыя). На рахунку каманды былі толькі два бронзавыя медалі, заваяваныя лыжніцай Вольгай Грыгор'евай, інвалідам па зроку. У Параалімпійскіх летніх гульнях савецкія паралімпійцы дэбютавалі ў 1988 годзе ў Сеуле. Яны выступалі на спаборніцтвах па плаванні і лёгкай атлетыцы, заваявалі там 55 медалёў, з іх 21 залаты.

На ІХ летніх Параалімпійскіх гульнях 1992 года ў Барселоне беларусы ўвайшлі ў зборную СНД. Чэмпіёнамі тады сталі нашы суайчыннікі Ірына Леанцюк у скачках у даўжыню, Тамара Сівакова ў кіданні дыска, Алег Шэпель у скачках у вышыню, Таццяна Грышко ў стральбе з лука.

На наступных Х Параалімпійскіх гульнях у Атланце ўпершыню беларускія параалімпійцы выступілі самастойнай камандай. Іх дэбют аказаўся даволі паспяховым: нашы спартсмены заваявалі 13 медалёў, з якіх 3 залатыя, 3 сярэбраныя і 7 бронзавых. Рэкардсменка свету Ірына Леанцюк стала чэмпіёнкай Параалімпійскіх гульняў у Атланце па скачках у даўжыню. Чэмпіёнам стаў Алег Шэпель у бегу на 100 м. Сярэбраным прызёрам — Ігар Фартуноў у скачках у даўжыню і трайным скачку. Ядвіга Скарабагатава стала бронзавай прызёркай у кіданні кап'я.

У 2012 годзе на Параалімпіядзе ў Лондане беларуская зборная заняла 25-е месца ў выніковым медальным заліку (10 медалёў: 5 залатых, 2 сярэбраныя і 3 бронзавыя). Нашы параалімпійцы спаборнічалі ў сямі відах спорту: лёгкая атлетыка, плаванне, акадэмічнае веславанне, фехтаванне, дзюдо, веласпорт і паўэрліфтынг. Сапраўдным героем спаборніцтваў стаў плывец Ігар Бокій. На яго рахунку 5 залатых узнагарод (з іх 3 сусветныя рэкорды — 100 м на спіне, 400 м вольным стылем, 200 м комплексным плаваннем) і 1 сярэбраная.

Сёлетнія Параалімпійскія гульні стартуюць 7 верасня. Беларускія спартсмены будуць змагацца за медалі ў лёгкай атлетыцы (Аляксандр Трыпуць, Ганна Канюк, Аляксандр Субота, Сяргей Бурдукоў, Андрэй Муха, Тамара Сівакова), плаванні (Ігар Бокій, Рыгор Зудзілаў, Наталля Шавель, Уладзімір Ізотаў, Анастасія Зудзілава, Аляксандра Свадкоўская), дзюдо (Арына Качан, Аляксандр Казлоў), акадэмічным веславанні (Людміла Волчак) і фехтаванні (Алеся Макрыцкая, Андрэй Праневіч, Алена Галкіна, Анастасія Касцючкова, Мартын Каваленя).

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Дух у руху

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.