Вы тут

Кнізе Віктара Гардзея «Чырвоны грабеньчык» — 40 гадоў


«У чырвоных новых ботах

Ходзіць бусел па балотах...»

Думаю, гэтыя радкі з самага дзяцінства памятаюць многія беларусы. Вось ужо чатыры дзесяцігоддзі на згаданым і іншых выдатных творах для дзяцей паэта Віктара Гардзея гадуюцца жыхары нашай краіны. Так, гэта гучыць крыху пафасна, але ж дзіцячыя вершы Віктара Канстанцінавіча сапраўды здольныя і вучыць, і выхоўваць, і забаўляць. Таму яны запатрабаваны не толькі пакаленнямі сучаснікаў, але і наступнікамі.

Выданне «Чырвоны грабеньчык», якое сёлета святкуе юбілей, стала ў літаратурнай кар'еры Віктара Гардзея амаль што дэбютным. Так, у 1975 годзе ў серыі «Першая кніга паэта» ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» пабачыў свет яго паэтычны зборнік «Касавіца». І ўжо праз год — новая кніга, але на гэты раз дзіцячая. Можна сказаць, што з ёй малады аўтар адзначыў сваё 30-годдзе, а сёлета, разам з юбілеем гэтага выдання, адсвяткаваў і сваю круглую дату — 70-ю. Але, як кажуць, паэты нават целам не старэюць, таму і ў ранейшыя гады, і сёння з-пад пяра Віктара Гардзея выходзяць усё такія ж цёплыя і гарэзлівыя вершы, як і 40 гадоў таму.

Можна доўга разважаць пра тое, якім павінен быць ідэальны дзіцячы верш, але адразу зразумела адно: калі ён не выклікае шчырай усмешкі, нават здзіўлення, замілавання, не знаходзіць водгуку ў сэрцах — грош яму цана. На шчасце, гэта ўсё не пра паэзію Віктара Гардзея. Яго вершы для дзяцей, напісаныя шмат гадоў таму, і сёння выглядаюць свежымі і актуальнымі. Паэт дае свае дасціпныя адказы на пытанні, чаму бусел стаіць на адной назе, а сініца не хоча хавацца ў хаце ад марозу, чаму пчолка зімою сумуе па кветках, а куры купаюцца не ў вадзе, а ў пяску.

Творца пазнаёміць дзетак з назвамі розных грыбоў і дапаможа падлічыць іх у кошыку:

Пяць абабак,

Пяць груздоў.

Шэсць таўстух,

Шэсць сыраежак,

Што растуць

Ля самых сцежак...

Таксама ён падкажа, чаму некаторыя грыбы называюць ваўчынымі, а траву кісліцу — зайцавай капустай. Ёсць у «Чырвоным грабеньчыку» і пэўнага кшталту сур'ёзная «адукацыйная частка». У вершах маленькія чытачы пазнаёмяцца з рознымі відамі птушак і даведаюцца пра адметнасці іх паводзінаў. Гэта, напрыклад, грак, зязюля, журавель, жаўрук і бусел, якога мы сёння ўжо згадвалі. Таксама дзеці змогуць паразважаць, чаму маленькім ручайкам варта спяшацца адзін аднаму на дапамогу і круціць «лопасці турбінаў», а таксама падумаць пра тое, чаму ўсе астатнія насельнікі двара могуць зайздросціць пеўню-прыгажуну.

На жаль, некаторыя рэаліі з вершаў, што склалі гэтую кнігу, могуць здацца сучасным дзеткам і нават іх бацькам пэўнымі анахранізмамі — з'явамі, што засталіся ў мінулым і не назіраюцца ў сучаснасці. Напрыклад, сырадой: нямногія малечы ўяўляюць, што магчыма піць малако, калі яно яшчэ цёплае, толькі-толькі «з-пад каровы». Для іх дзіўнымі прагучаць радкі:

Як нап'ецца сырадою,

То румянец на шчацэ...

Але і гэта — не нагода адмовіцца ад чытання «Чырвонага грабеньчыка». Хутчэй наадварот — прычына знаёміцца з кнігай яшчэ ўважлівей. Можна разам з дзецьмі пашукаць незразумелыя словы і з'явы, патлумачыць іх малечы ці разам знайсці адказ на пытанне, што ўзнікне.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: На трубе іграе лось

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?