Вы тут

Чарговы джазавы канцэрт адбудзецца ў Мінску


Летнімі суботнімі вечарамі тысячы людзей збіраюцца ў гістарычнай частцы Мінска, каб пад адкрытым небам паслухаць выдатную музыку. Каляндарнае лета прайшло, ужо мінуў сёлетні шэраг джазавых канцэртаў, у мінулую суботу адбылося апошняе мерапрыемства серыі «Класіка ля ратушы». Прыйшоў час планаваць наступную імпрэзу. Ёсць нагода: чарговы джазавы канцэрт, праўда, толькі адзінкавы. Немецка-беларускі піяніст і кампазітар Лявон Гурвіч 28 верасня ў Доме культуры прафсаюзаў упершыню за пятнаццаць гадоў выступіць на сваёй радзіме — у Мінску.


Лявон Гурвіч.

Гэта будзе праграма «Амерыканскія майстры», пад якімі маюцца на ўвазе Джордж Гершвін, Майлз Дэвіс, Дэйв Брубек і Дзюк Элінгтан. І джаз, і класіка ў адным флаконе. На адной сцэне выступяць Лявон Гурвіч і беларускія музыканты ў складзе джаз-трыа, дзе ўласна Гурвіч будзе адказны за піяніна, Вячаслаў Сяргеенка за кантрабас і Кірыл Шэванда за ўдарныя. Спяваць будзе амерыкана-нямецкая вакалістка Лав Ньюкірк. Праграма «Амерыканскія майстры» ўжо прагучала ў вялікай колькасці залаў Еўропы і Амерыкі.

Лявон Гурвіч, што нарадзіўся ў Мінску і скончыў Беларускую акадэмію музыкі, сёння вядомы ў Еўропе аўтар і выканаўца, у яго біяграфіі значацца выступы на прэстыжных пляцоўках свету розных кантынентаў. Ён стварае камерную, вакальную, харавую і аркестровую музыку — на гэты момант яго аўтарству належыць каля трохсот твораў, вядомы ён таксама як аранжыроўшчык джазавай музыкі. У свой час ён стварыў паспяховы калектыў LeonGurvіtch Jazz-Project, а таксама быў музыкальным дырэктарам у пастаноўцы оперы Філіпа Гласа «Les Enfants Terrіbles».

Арганізатарам канцэрта ў Доме культуры прафсаюзаў з'яўляецца агенцтва «Эквілібрыум АРТС» з удзелам інстытута імя Гётэ ў Мінску.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Увесь гэты джаз

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.