Вы тут

Жыхарка пасёлка Глуша: «Для мяне Адамовічы сталі сям'ёй»


Роўна месяц таму мы адзначылі 90-годдзе з дня нараджэння Алеся Адамовіча, а цяпер ёсць нагода ўспомніць яшчэ пра адну дату. Сёння Алесю Міхайлавічу спаўняецца... 89 гадоў. Гэтая нелагічнасць дае сур'ёзную нагоду ўспомніць пра ваеннае мінулае пісьменніка. Менавіта вайна прымусіла яго маці зрабіць сына на год маладзейшым і падарыла яму яшчэ адзін дзень народзінаў — 3 верасня 1927 года. Мацярынскі інстынкт зрабіў гэта, каб абараніць сваё дзіця ад нямецкай катаргі. Але ў жыцця, напэўна, таксама былі вялікія планы на гэтага падлетка. Ён павінен быў усё ўбачыць сваімі вачыма, каб потым расказаць нам, яго нашчадкам. Каб мы таксама ніколі не забывалі, як жахліва і пачварна выглядае вайна. «Звязда» працягвае праект у падтрымку адкрыцця музея ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна, прысвечанага класіку і ўсім партызанам і падпольшчыкам, якія змагаліся супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.


Ка­ля глу­шан­скай ап­тэ­кі: С. Сы­ра­ква­шын, бы­лы на­чаль­нік шта­ба пар­ты­зан­скай бры­га­ды, Н. Хра­ме­ля, А. Ада­мо­віч. 1984 год.

Жыццё робіць нам знакі

Час ляціць няўмольна. З апошняй нашай сустрэчы ў рамках праекта прайшоў толькі месяц, але ў сям'і Адамовічаў адбылася яшчэ адна балючая страта. Калі 3 жніўня я патэлефанавала Наталлі Адамовіч, каб разам з ёй згадаць пра дзень народзінаў бацькі, яна сумна паведаміла, што менавіта ў гэты дзень пайшла з жыцця яе стрыечная сястра Галіна. Яе пахавалі на мясцовых могілках у Глушы ў дзень нараджэння бабулі — Ганны Адамовіч. Для Наталлі Галіна была надзейнай сяброўкай з дзяцінства і памочніцай у справах па ўвекавечванні імя Алеся Адамовіча. Яна, як і ўсе з роду Адамовічаў, вельмі любіла Глушу. Цяжкая хвароба абарвала яе жыццё, перакрэсліўшы ўсе планы. У такія хвіліны асабліва востра разумееш: час ляціць няўмольна. Трэба спяшацца, каб не спазніцца. Казаць добрыя словы, сустракацца, рабіць карысныя справы, ствараць музей, нарэшце...

У Алеся Адамовіча было 2 даты народзінаў. Але менавіта прыдуманая стала яго пашпартнай. Як ветэраны вайны ўсё жыццё берагуць свае франтавыя ўзнагароды, так і ён назаўжды захаваў гэтыя магічныя лічбы, упісаныя ў яго дзіцячае пасведчанне вайной. Маленькі мацярынскі падман стаў яго абярэгам, даў шанц на выратаванне.

Ён вельмі любіў жыццё і сяброў. Любіў прымаць іх у мінскай кватэры і ў доме пад плакучымі бярозкамі ў Глушы.

Ніколі не піў нават піва, але п'янеў ад гэтых сяброўскіх сустрэч, ад размоў па душах, ад любові да ўсіх, хто імкнуўся зрабіць гэты свет хоць крышачку лепшым.

А яшчэ па-сыноўску аддана любіў Глушу. «Самая таямнічая, легендарная пазіцыя ў маёй біяграфіі — гэтыя самыя Канюхі, у іх я нарадзіўся... Я нічога з канюхоўскага жыцця не памятаю...», — пісаў Адамовіч, назаўсёды звязаны з Глушай дзяцінствам і ваенным мінулым. Усё замыкаецца на Глушы, усе шляхі вядуць да яе. Яна цэнтр светабудовы і сэнс самога жыцця для Алеся Адамовіча.

Падарунак ад Ганны Мітрафанаўны

У Глушы Адамовічы свае людзі. А некаторыя жыхары пасёлка сталі амаль членамі гэтай сям'і. Як Ніна Васілеўна Храмеля. «Для мяне яны ўсе як родныя. Саша, як пайшоў вучыцца, бываў тут толькі наездамі. Часта заходзіў да мяне. Яго маці Ганна Мітрафанаўна ўсё жыццё працавала ў аптэцы. Бацька быў вельмі добры ўрач, памёр, шкада, рана. Яму было ўсяго 46 гадоў», — перабірае жанчына ў памяці фрагменты агульнага са знакамітай сям'ёй жыцця.

Цяпер у Ніны Васілеўны хворыя ногі і яна не можа далёка хадзіць, перасоўваецца толькі па хаце. А раней, калі здароўе дазваляла, была частай госцяй у доме Адамовічаў.

Але Наталля Адамовіч сама заходзіць, калі прыязджае ў Глушу. Яна вельмі сябруе з дачкой Ніны Васілеўны, таксама Наталляй, і яе мужам. Наталлю Адамовіч мая суразмоўца памятае з таго моманту, калі яна яшчэ нават пад стол не хадзіла. Няньчыла 4 гады з двухмесячнага ўзросту, была ёй як другая маці.

Стаць нянькай Ніну Храмелю прымусіла жыццё. Пасля вайны ёй прыходзілася карміць сям'ю, вось яна і падзарабляла як магла. Лёс прывёў яе з роднай вёскі Восы-Калёсы Глускага раёна ў Глушу ў пачатку 50-х. Спачатку няньчыла дзетак іншай сям'і, а потым Ганна Мітрафанаўна прапанавала ёй дапамагчы гадаваць унучку. І плаціла не 5 рублёў, як іншыя, а 20. Маладая нянька на тыя грошы магла рэгулярна купляць для сваёй сям'і муку, крупы, хлеб. Калі Наталля падрасла і бацькі забралі яе ў Мінск, Ганна Мітрафанаўна запрасіла Ніну ў аптэку. І тая адпрацавала там 39 гадоў. «Дапамагала Ганне Мітрафанаўне, чым магла. Яна ж прападала ў аптэцы з раніцы да позняй ночы. Людзі бягуць: трэба гэта, трэба тое. І яна нікому не адмаўляе», — успамінае жанчына.

Яна дастае з шафы металічную вазачку, каб прадэманстраваць адзін з тых падарункаў, якія засталіся ёй на памяць ад Ганны Мітрафанаўны. «Іх сям'я мне заўсёды нешта дарыла на святы, — цёпла ўсміхаецца яна. — Пра мяне ніхто не ўспамінаў, акрамя іх. Адрэз паркалю на Новы год, туфлі на дзень народзінаў, сукенку на 8 сакавіка. Шчодрыя людзі і вельмі сумленныя. Такіх, як яны, сёння вельмі не хапае. Людзі сталі больш пра сябе думаць, чым пра астатніх. А так быць не павінна».

Дом, які нагадвае пра вайну

Пра тое, што ў Алеся Адамовіча было некалькі дзён народзінаў, Ніна Храмеля ведае добра. Як і пра яго дзейнасць у партызанах. «З першых вуснаў чула, як Глуша супрацьстаяла ворагу, як партызаны прыходзілі ў аптэку, як усе яны рызыкавалі, — расказвае Ніна Храмеля. — І кожны раз захапляюся мужнасцю Ганны Мітрафанаўны. Душа ў яе была на рэдкасць прыгожая. Як і знешнасць. Такой прыгажуні свет не бачыў. І дабрыні была незвычайнай. Калі ў людзей не хапала грошай на лекі, яна ім так давала, потым, казала, разлічыцеся. Яе ўсе любілі і паважалі. А яшчэ яна была вельмі гасціннай. Да яе заўсёды прыязджала шмат сяброў-падпольшчыкоў і былых партызанаў».

Сапраўдным гонарам для Ганны Мітрафанаўны былі яе сыны. Старэйшы Жэня пайшоў па слядах бацькі, працаваў урачом спачатку ў Асіповіцкім раёне, а потым у Магілёве. А Аляксандр стаў вядомым пісьменнікам. Са сваіх шматлікіх камандзіровак ён першай справай заязджаў у Глушу, а потым ужо ехаў у Мінск. Яму было важна, каб маці ведала, што з ім усё добра.

— Ён быў вельмі простым чалавекам. Любіў прайсціся па вуліцы, схадзіць па грыбы. Лес у нас вунь побач. Крушынка, Пакроўка, Дзяўчын — месцы спрэс грыбныя. А яшчэ часта наведваўся ў школу, вадзіў туды сваіх сяброў-пісьменнікаў. Іх тут шмат перабывала. Але часцей за ўсё дэманстраваў ім аптэку. Самае знакавае месца для Глушы, — прыгадвае Ніна Васілеўна.

Са старых будынкаў з гісторыяй у Глушы толькі аптэка і захавалася. Размову пра тое, што тут павінен быць музей, Ніна Храмеля чула даўно. І вельмі перажывае, што так марудна рухаюцца справы.

Жанчына ўспамінае, што калісьці і яна там жыла разам з Адамовічамі, іншага даху над галавой у яе тады не было. «Калі зайсці ў дом з чорнага ходу, там ёсць некалькі падсобных пакояў — матэрыяльная і раздзявальня. Вось там і быў мой прытулак да 1954 года. Гэты дом наогул шмат для каго стаў лёсавызначальным», — кажа яна.


Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама

р/р 3642129272326 у філіяле 703 ААТ АБ «Беларусбанк», код 760, г. Бабруйск, УНП 701226324.

Прызначэнне плацяжу «Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў пасёлку Глуша пад музей А. Адамовіча».

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Фота Яўгена КОКТЫША

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».