Вы тут

Як «Звязда» пераходзіла на беларускую мову


Калі застаецца менш за год да стагоддзя нашай газеты, хочацца азірнуцца назад і зразумець: як яна шукала свой твар і пад уплывам чаго перайшла на беларускую мову? Што ёй даў гэты пераход? Цікава яшчэ і таму, што адбылося гэта ў складаныя 1920-я гады, калі галоўным быў лозунг інтэрнацыяналістаў «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» Але ў першыя гады жыцця яго друкавалі ў газеце нават не на дзвюх мовах (рускай і беларускай), а на чатырох. Тэрыторыя, на якую распаўсюджваўся ўплыў газеты, вымагала асаблівага падыходу...


Неабходнасць нацыянальнага

У першыя гады выхаду газета на рускай мове «Звезда» друкуе ў асноўным інфармацыю пра жыццё партыйных ячэеек, становішча на франтах. Кароткія і сухія паведамленні. І вось жа дзіва: у такі складаны час у нумарах праскокваюць абвесткі пра мерапрыемствы з назвамі на беларускай мове — немагчыма інакш, таму што назвы сведчаць пра наяўнасць беларускай культуры. З ёю прыходзіцца лічыцца ў партыйным органе, які выдаецца ў савецкай рэспубліцы. Прыклад таго, як адметная культура пранікала скрозь ідэалогію. Цікава гэта назіраць у заметцы за 25 студзеня 1919 года, змешчанай пад рубрыкай «Белорусский Советский театр»: «В воскресенье, 26 января «Паулінка», оперетта Я. Купалы в 2 деиств. С песнями и танцами». Ці ў лютым таго ж года — інфармацыя пра «Апошняе спатканне» Беларускага тэатра драмы. Ці пастаноўка «Дзядзька Якуб» Ф. Аляхновіча. Трэба было падтрымаць парасткі культуры сціплых беларусаў. 6 лютага 1919 года ў перадавым артыкуле «Народное просвещение» (на першай старонцы) адзначаюцца «ужасные условия, в которых находится культурная жизнь в Белоруссии», са спасылкай на артыкул у адным з папярэдніх нумароў, дзе «говорилось о сложности и неотложности просветительской работы». «Белоруссия живет в буквальном смысле без школ и училищ». Пачатак 20-х гадоў: савецкая ўлада ставіць задачы ў галіне народнай асветы. Газета актыўна адгукаецца.

10 студзеня 1923 года ў рубрыцы «Театр и искусство» гаворка ідзе пра новую пастаноўку беларускай трупы Белдзяржтэатра «Машэкі» Міровіча, якая «ничего не может дать белорусскому рабочему и крестьянину». Маленькая заметка за подпісам Л-ург (у той час шмат матэрыялаў падпісана ініцыяламі), можа, і не вартая ўвагі, але ўжо 16 студзеня ў газеце змяшчаецца палемічны водгук на яе пад назвай «Критика или крытика?». Аўтар Хрысанф Херсонскі разважае пра задачы крытыкі: «... ему (театру. — Аўт.) надо помочь, поправить ошибки, но не ругать огульно, да еще с рецептами — в роде неестественного балета...» Можна было б і не звярнуць увагі, калі б напрыканцы аўтар не паставіў пытанне пра неабходнасць нацыянальнага тэатра...

Паступова пашыраецца выбар тэм для публікацый, якія звяртаюць увагу на нацыянальную культуру беларусаў.

І яе постацяў! На мой сучасны погляд, гэтая публікацыя фактычна сенсацыя: 1 ліпеня 1924 года матэрыял да 400-годдзя кнігадрукавання ў Беларусі, дзе гаворыцца пра Скарыну і «его учениках Федорове и Мстиславце». Адсюль даведваемся пра тое, што намечана выданне зборніка, прысвечанага доктару Скарыну і гісторыі кнігадрукавання ў Беларусі. І гэта не проста асобная публікацыя — ужо ёсць прадчуванне, што нешта будзе...

Праходзіць усяго 2 тыдні — і выходзіць артыкул «О пользовании родным языком». В. Недзель піша: «Надо приучать каждого члена партии, рабочего и крестьянина, к мысли, что в отределенный момент ему необходимо будет в той или иной мере уметь объясняться на белорусском языке». Далей гаворка пра неабходнасць вывучэння і пытанне разумення рабочымі і сялянамі літаратурнай беларускай мовы.

Гэта прызнанне таго, што яна ёсць, што немагчыма ігнараваць нават у рабоце газеты, якая прыняла прынцыпы перамогшага пралетарыята з яго інтэрнацыяналізмам. Але хіба інтэрнацыяналізм не нараджаецца ў супрацоўніцтве розных існуючых культур? І мова — адна з праяў таго, чаго не маглі ігнараваць у партыйнай газеце.

У сярэдзіне 20-х гадоў на старонках «Звезды» пануе двухмоўе. Пытанні мовы становяцца асобнай тэмай, за якой сочаць. На беларускай пішацца ўвесь раздзел пад назвай «Па Савецкай Беларусі». Напрыклад, 10 снежня 1925 года змешчана заметка «Беларусізацыя на вёсцы», дзе гаворыцца пра становішча, якое яшчэ нядаўна было ў Аршанскім раёне: «... адсутнасць падручнікаў і выкладчыкаў, што ўладаюць беларускаю моваю, не дазволіла ў прошлым годзе поўнасцю перайсці на беларускую мову» (тут і далей арфаграфія захаваная. — Аўт.). І адзначае: «За тое ў бягучым вучэбным годзе як след падобраны склад выкладчыкаў, набыта шмат падручнікаў на беларускай мове і выкладаюцца па-беларуску ўсе прадметы, а расійская мова выкладаецца як паасобны прадмет». Гэта друкуецца сярод важных навін на 2-й старонцы газеты (з шасці)!

А на якой мове лепш за ўсё было разважаць пра вынікі першага з'езда «Маладняка», адпусціўшы на гэта цэлы падвал? Ці асвятляць падрыхтоўку да Усебеларускай мастацкай выстаўкі (у 1925 годзе)?

З літаратурнай старонкай

Мова патрабавала іншай прасторы. Артыкулы па-беларуску выбіваліся з агульнай канвы газеты, і паступова беларуская мова стала звязвацца найперш з культурнай тэматыкай. У 1925 годзе становяцца рэгулярнымі тэматычныя старонкі па культуры: ім шукаюць назву. І нават мову. Напрыклад, нумар 1 лістапала 1925 года змяшчае «Литературную страницу» — старонку фармату А2, на 4-й паласе. Але вось якія імёны мы сустракаем тут: Паўлюк Трус (яго вершы), М. Зарэцкі (з водгукам на рэцэнзію яго зборніка «У віры жыцця», напісаную Платонам Галавачом). Ёсць і тлумачэнне ад рэдакцыі пачынанню пад назвай «тэматычная паласа»: «...рэдакцыя «Звезды» лічыць патрэбным удзяліць вялікую ўвагу асьвятленню задач літаратуры і літаратурнай крытыцы... Асаблівую ўвагу мы ўдзелім беларускай літаратуры». І ў падцверджанне асаблівага клопату ўжо наступны выпуск старонкі 15 лістапада 1925 года мае назву «Літаратурная старонка». Амаль усе яе тэксты на беларускай мове: і яна адрозніваецца ад усёй газеты большай душэўнасцю, разважлівым тонам, жаданнем не навязваць думкі, а весці дыялог. Затым яна выходзіць за рамкі выключна літаратурныя: у назве з'яўляюцца і мастацтва, і крытыка.

Падобна, што рэдакцыю гэта натхніла: ужо ў лістападзе старонка па культуры ў «Звезде» з тэкстамі на беларускай мове выходзіць у свет 4 разы. І гэта пры тым, што на апошняй старонцы па-ранейшаму, як на пачатку 20-х, змяшчаюцца аб'явы пра тэатральныя і кінапаказы, канцэрты і іншыя забавы, нібыта трэба было падкрэсліць: «зрелища» — адно, а культура — гэта твар народа.

«Як праводзіцца нацпалітыка на мясцох» (артыкул 5 красавіка 1927 года) на 2-й старонцы партыйнай газеты сведчыць пра ўвагу да пытанняў нацыянальнага характару: «Каб павялічыць тэмпы беларусізацыі нацкамісіяй даны канчатковыя дырэктывы тым установам, дзе справа з беларусізацыяй абстаіць слабей, там мяркуецца арганізаваць і ўжо арганізаваны паўторныя курсы беларусазнаўства». Акрамя таго, газета перыядычна змяшчае «Вынікі праверкі беларусізацыі». З'яўляюцца перыядычна інфармацыйныя паведамленні пра дзейнасць Інбелкульта. 17 чэрвеня газета піша пра этнаграфічныя экспедыцыі па раёнах Беларусі з мэтай «вывучыць асаблівасці дыялекту беларускай народнай мовы».

А ў сярэдзіне красавіка на апошняй старонцы газеты — вялікая аб'ява для тых, хто не паспеў паглядзець 1-шы беларускі нацыянальны фільм «Лясная быль». «Нацыянальнае» — гэта не проста слова, гэта сутнасць, з якою ўжо імкнуцца ствараць у розных відах мастацтва, каб аб'яднаць людзей. Вялікімі літарамі: «Чуеш, Беларусь!» — гэта аб'ява аб здымках кінастужкі «Кастусь Каліноўскі», змешчаная на апошняй паласе газеты 30 ліпеня 1927 года.

Ужо ў жніўні 1927-га Беларусь пачула і зразумела: паварот да яе культуры канчаткова адбыўся, прынамсі ў адной газеце. 3 жніўня на першай паласе змешчаны невялічкі тэкст «Аб беларусізацыі «Зьвязды» (пры тым, што газета афіцыйна называецца яшчэ па-руску). Тлумачыцца будучы пераход цалкам на беларускую мову асветнымі мэтамі: «Беларусізацыя «Зьвязды» дапаможа і рабочаму, і гораду, і партыйцу ў прыватнасці паступова аўладаць беларускай мовай». Новы этап пачынаецца 9 жніўня, на 10-годдзе выхаду выдання. У святочным нумары перадавы артыкул «Перад новымі задачамі» напісаў сам таварыш В. Кнорын (адзін з першых рэдактараў газеты, а на той момант — высокапастаўлены партыйны чыноўнік). Чаму раптам?..

Па-беларуску, інтэлектуальна

Культура вышэй за ўсё, без яе складана пабудаваць новае жыццё. Ды і яна — ці не самае яркае сведчанне гэтага новага жыцця: рэдакцыя завалена рукапісамі (і з гэтым трэба лічыцца). Тэматычная старонка, якая цяпер набыла назву «Літаратура — крытыка — мастацтва» ўжо не выглядае моўна-культурнай выспай, яна становіцца рэгулярнай — 4 разы на месяц (па нядзелях) і ў асноўным прапануе глебу для сур'ёзных інтэлектальных разваг: тут у асноўным аналітычныя артыкулы і рэцэнзіі, пры тым што на апошняй старонцы так і выходзяць культурныя абвесткі.

Мала таго, з пераходам на беларускую мову ўсяго выдання напаўненне культурнай старонкі набыло новую якасць.

У цэнтральнай газеце яна адразу паказвала ўзровень культуры, пра якую заяўляла маладая рэспубліка. Адным з набыткаў савецкага часу быў кірунак па ліквідацыі непісьменнасці і, адпаведна, адзін з галоўных культурных кірункаў — выданне кніг. У артыкуле «Кнігі на беларускай мове» 2 кастрычніка 1927 года адзначаецца: «Узмоцнены попыт на беларускую кнігу выклікаў (красавік 1922 г.) утварэньне кааперацыйнага выдавецкага таварыства «Адраджэнне», якое потым атрымала назву «Савецкая Беларусь». Гэтае выдавецтва, згрупаваўшы каля сябе ўсіх беларускіх аўтараў, пачало выдаваць кнігі выключна на беларускай мове, чаго так вымагала, што пачало станавіцца на ногі, культурнае будаўніцтва».

Пра тое, што літаратуры шмат, і яна актыўна ўплывае на розумы, яе чытаюць, сведчыць публікацыя твораў прозы і паэзіі ў газеце. Тут актыўна друкуюцца апавяданні Кузьмы Чорнага, вершы Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Максіма Лужаніна, Уладзіміра Жылкі, Уладзіміра Дубоўкі, Пятра Глебкі, Станіслава Шушкевіча і іншых яркіх і актыўных творцаў. Максім Гарэцкі піша грунтоўныя агляды творчасці, напрыклад Міхася Чарота, Міхася Зарэцкага, пад сваім імем.

Цяпер не трэба падпісвацца ініцыяламі ці псеўданімамі аўтарам «Зьвязды» — пад публікацыямі з'яўляюцца рэальныя прозвішчы. З'яўляюцца імёны асоб, якія ўжо на слыху (газета гэтым ганарыцца!). Па гэтых публікацыях адчуваецца: у рэспубліцы віруе жыццё! У той складаны час (а яна падзелена на Усходнюю і Заходнюю, што з болем адлюстроўвае выданне) у ёй думаюць пра мірныя справы і культурную адметнасць. Уладзімір Жылка выступае з публіцыстычнымі развагамі «Чакаем літаратурнага будынку», Мікола Шчакаціхін «Ахова ці «ліквідацыя» помнікаў». Уладзімір Дубоўка разважае «Пра чарговыя задачы нашае кіновытворчасці». У газеце ставяцца пытанні пра неабходнасць нацыянальнага тэатра і нават оперы (пасля гастроляў масквічоў), аналізуецца якасць канцэртаў і вынікі этнаграфічных экспедыцый Інбелкульта... Газета — люстэрка рэчаіснасці, ведаем мы.

Выданне стваралася, каб фарміраваць рэчаіснасць (думалі яны). І вось прайшло дзесяць гадоў працы, за якія газета збіралася змяніць беларусаў. А пад уплывам іх культуры змянілася сама, стала беларускай па духу, калі адлюстроўвала не толькі працоўныя будні і партыйнае жыццё (вядома, гэтага хапала), а яшчэ і культуру, злучала яе з шырокімі масамі, якія ў жыцці карысталіся роднай мовай. Сярод носьбітаў яе ў рэдакцыі былі прафесіяналы, якія ў сваю персанальную працу ўкладвалі душу ўсёй беларускай культуры. Аказалася, яна моцная. Гэта асабліва адчуваецца па падшыўках пазнейшых гадоў. Таму што пройдзе зусім мала часу, і тэматычныя палосы па культуры зменяцца іншымі тэматычнымі палосамі, напрыклад: «Апарат — пад агонь крытыкі мас!» Партыйныя чысткі закрануць рэдакцыю, зламаюць лёсы шмат якіх  асоб, і нават таварыша Кнорына. Але выданню застанецца ад тых людзей мова, якую яно панясе далей.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Фота з архіва «Звязды»

Загаловак у газеце: Не прамаўляць, а размаўляць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?