Вы тут

У Клімавічах лідзіруе прыватны бізнес


Летась у Магілёўскай вобласці была зацверджана праграма, якая павінна даць дадатковы імпульс развіццю эканамічнага патэнцыялу 7 раёнаў вобласці — Крычаўскага, Клімавіцкага, Касцюковіцкага, Краснапольскага, Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага і Хоцімскага. Указам №235 для гэтага прадугледжаны сур'ёзныя льготы і прэферэнцыі, вельмі прывабныя для бізнесу і цікавыя для насельніцтва. Праграма будзе спрыяць стварэнню новых працоўных месцаў, будаўніцтву жылля, росквіту. У рамках праекта «Паўднёвы ўсход» «Звязда» працягвае расказваць, як выкарыстоўваюцца перавагі ўказа, наколькі яны цікавыя прадпрымальным людзям. Мы ўжо пабывалі ў Чэрыкаўскім, Слаўгарадскім і Краснапольскім раёнах. Зараз адпраўляемся ў Клімавіцкі. Існуе думка, што менавіта ў гэтым раёне Прэзідэнт упершыню агучыў ідэю аб стварэнні спецыяльнай «паўднёва-ўсходняй» праграмы.


Ды­рэк­тар пе­ра­да­во­га сель­ска­гас­па­дар­ча­га прад­пры­ем­ства ра­ё­на Клі­ма­віц­кі КХП «Ні­ва-Аг­ра» Аляк­сандр Кі­вель.

З наваселлем!

У пачатку жніўня Клімавічы першымі з 7 раёнаў, што трапілі ў праграму, увялі ў строй дом, дзе сем'ям прадстаўлена магчымасць атрымаць ільготны крэдыт пад 1% на 20 (шматдзетным на 40) гадоў. Прыгожы сучасны будынак на 60 кватэр узвяла мясцовая ПМК-256, якая выйграла тэндар. Сярод шчасліўчыкаў, якія атрымалі тут кватэры, сям'я Трушкіных.

— Апошнія некалькі гадоў мы з жонкай і 12-гадовым сынам жылі ў інтэрнаце, а ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў стаялі з 2006 года, — кажа Аляксандр Трушкін. — Вельмі прыемна, што будаўніцтва кватэры абышлося танней, чым мы думалі. Акрамя таго, што мы атрымалі права на льготны крэдыт пад 1%, дык яшчэ і кошт квадратнага метра знізіўся.

Дарэчы, дом пабудаваны на месцы, дзе некалькі гадоў таму была пустка і агароды. Цяпер тут сфарміраваўся цэлы маладзёжны мікрараён.

— Непасрэдна гэты дом будаваўся па дзяржзаказе згодна з 215-м указам, а вось ільготнае крэдытаванне жыхароў будзе адбывацца па 235-м указе, — удакладняе намеснік старшыні Клімавіцкага райвыканкама Аляксандр Шапкін. — За кошт таго, што ён быў узведзены амаль на 3 месяцы раней, чым планавалася, квадратны метр абышоўся яго жыхарам амаль на 55 новых рублёў меней, чым чакалася.

На думку Аляксандра Шапкіна, тыя прэферэнцыі і льготы, якія дае Указ №235, вельмі спрыяюць развіццю раёна. Бо гэта не толькі таннае жыллё для людзей, але і праца для будаўнікоў. Спачатку яны ўзводзяць жылыя дамы, а потым узнікне неабходнасць пабудаваць новую школу, дзіцячы садок і гэтак далей. Ну а жыхары павінны памятаць, што «льготныя» кватэры ім таксама не за проста так даюць. Каб не страціць права на такое жыллё, трэба 10 гадоў, як гаворыцца ва ўказе, адпрацаваць у раёне.

Якасць пра­дук­цыі мяс­цо­ва­га КХП па­цвяр­джа­ец­ца шмат­лі­кі­мі ўзна­га­ро­да­мі.

Прыватны бізнес лідзіруе

Сёння ў Клімавічах прапрацоўваюць два сур'ёзныя інвестпраекты, разлічаныя на плённае супрацоўніцтва з Расіяй і Казахстанам. Прыватнае прадпрыемства «Буйваліца» збіраецца разводзіць буйвалаў для далейшай перапрацоўкі малака і пастаўкі гатовай прадукцыі ў крамы Масквы, дзе ў інвестара свая сетка магазінаў. Ужо вядзецца падрыхтоўка неабходнай дакументацыі пад будаўніцтва фермаў. У будучыні плануецца будаўніцтва малакаперапрацоўчага завода, дзе будзе наладжана вытворчасць тварагу і сыроў з малака буйваліц, уключаючы такія элітныя гатункі, як мацарэла. Інвестпраект ацэньваецца ў 40 мільёнаў еўра.

Вялікія надзеі ўскладаюцца таксама на развіццё яшчэ аднаго прыватнага прадпрыемства, якое зоймецца вырабам сухіх будаўнічых сумесяў для пастаўкі іх на рынак Казахстана. У праект плануецца ўкласці парадку 50 мільёнаў еўра. У далейшым гэтыя ж заснавальнікі збіраюцца пабудаваць у раёне завод па вытворчасці газасілікатных блокаў.

— Перспектывы вельмі сур'ёзныя, — кажа намеснік старшыні Клімавіцкага райвыканкама па эканоміцы Аляксандра Міхеенка. — У параўнанні з узроўнем мінулага года ў раёне прыкметна ажывіўся экспартны патэнцыял. Тэмпы продажу прадукцыі на экспарт прыватнымі прадпрыемствамі склалі за сем месяцаў каля 700 тысяч долараў. Добрым стымулам для інвестараў служыць наяўнасць камунікацый, падвод якіх на сябе бярэ мясцовы і рэспубліканскі бюджэты, як прапісана ў 235-м указе. Як вядома, у любым інвестпраекце на падвядзенне камунікацый адводзіцца не менш за 10% сродкаў.

Жы­вё­ла­га­доў­ля — адзін з пры­яры­тэт­ных кі­рун­каў раз­віц­ця ра­ё­на.

Аптымізацыя сельскай гаспадаркі

Малочная жывёлагадоўля застаецца адным з прыярытэтных кірункаў у раёне. Гаспадарка філіяла Клімавіцкага КХП «Ніва-Агра» ўражвае аднымі сваімі памерамі — звыш 12 тысяч сельгасугоддзяў, раллі і лугоў. Толькі за мінулы і гэты год яна прырасла больш чым на 600 гектараў за кошт суседніх гаспадарак. Уладанні «Ніва-Агра» пачынаюцца ад мяжы з Чэрыкаўскім раёнам, праходзяць уздоўж Крычаўскага і цягнуцца аж да мяжы з Расіяй. Паміж крайнімі пунктамі звыш 80 кіламетраў.

— Раней наша гаспадарка размяшчалася на тэрыторыі 2-х сельсаветаў, цяпер 4-х, — усміхаецца яе дырэктар Аляксандр Ківель.

Ён наракае на складанаю працу ва ўмовах такой раскіданасці, уздыхае з нагоды не самых ураджайных зямель, але не без гонару расказвае пра тыя поспехі, якія паціху, але ўпэўнена растуць.

Далучэнне некалькі гадоў таму не самай перспектыўнай гаспадаркі да КХП толькі паспрыяла яе аднаўленню. Летась тут зрабілі 109% валавой прадукцыі на больш чым 66 мільярдаў старых рублёў — па 243 мільёны рублёў на кожнага з 285 чалавек, якія працуюць тут. Да далучэння гаспадаркі да КХП тут працавала на 45 чалавек меней, а прадукцыі на чалавека выходзіла ўсяго па 20 мільёнаў недэнамінаваных рублёў.

Сёння на тэрыторыі гаспадаркі знаходзіцца 11 фермаў і малочнатаварны комплекс «Барысаўка». Толькі на МТК за кошт укаранення новых тэхналогій вырабляецца 30% малака, чвэрць якога ідзе класам экстра.

— За 6 месяцаў мы здалі дзяржаве 332 тоны мяса і 3370 тон малака, — удакладняе дырэктар. — Гэта вельмі добрыя лічбы. Рэнтабельнасць склала 19%.

Тут актыўна працуюць над паляпшэннем якасці і колькасці кармоў. Пад кіраўніцтвам спецыялістаў з Акадэміі навук высаджваюць лугавыя травы і нарыхтоўваюць элітнае насенне. У рамках праграмы развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна тут прапрацоўваецца праект па будаўніцтве свінагадоўчага комплексу.

— Мы працягваем займацца аптымізацыяй сельскагаспадарчых угоддзяў згодна ўказу №235, — кажа намеснік старшыні райвыканкама Аляксандра Міхеенка. — Далучаем да гаспадаркі КХП новыя землі. У прадпрыемства будзе больш збожжа, а значыць, і болей прадукцыі.

Дарэчы, акрамя мукі і камбікармоў, Клімавіцкі КХП выпускае зручныя для хатніх гаспадынь мучныя канцэнтраты «Аладкі дамашнія», «Піца» і «Хрушчы». Дабаўляе паўшклянкі вады і лыжку смятаны — і на патэльню. Смаката! А яшчэ тут вырабляюць унікальны па сваім уласцівасцям прадукт — пшанічныя зародкавыя шматкі, якія з'яўляюцца крыніцай бялку, вітамінаў Е,
В1, В2, РР, амінакіслот і мінеральных рэчываў.

Бу­ду­чыя спе­цы­я­ліс­ты сель­скай гас­па­дар­кі.

На нашых спецыялістаў па 6 прэтэндэнтаў

Клімавіцкі аграрны каледж — добрая кузня кадраў для сельскагаспадарчых прадпрыемстваў вобласці. Тут рыхтуюць спецыялістаў па ветэрынарнай медыцыне, заатэхніі і тэхнічным забеспячэнні працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці. А таксама займаюцца перападрыхтоўкай кадраў. Акрамя гэтага, тут даюць веды па такіх запатрабаваных рабочых прафесіях, як аператар машыннага даення, аператар па штучным асемяненні, трактарыст-машыніст. Ёсць таксама завочная форма навучання. Апошнім часам тут назіраецца вялікі конкурс на заатэхнію і тэхзабеспячэнне.

— Па мэтавых дагаворах з гаспадарак у нас вучыцца 140 чалавек — 29% ад агульнай колькасці. Гэта вельмі мала, улічваючы, што план у 2 разы вышэйшы, — адзначае дырэктар установы Валянціна Васільева. — І гэта пры тым, што попыт на нашых выпускнікоў вялікі. Сёлета ніводзін не атрымаў даведкі аб вольным працаўладкаванні і не папрасіў яе, як гэта было раней. Забралі нават тых дзяўчат, што знаходзіліся ў дэкрэтных водпусках. Калі ідзе размеркаванне, у нас на 1 фельчара ветэрынарнай медыцыны і заатэхніка па 6 прапаноў.

Каледж ганарыцца высокакваліфікаванымі кадрамі, веды якіх дазваляюць строіць вучэбны працэс з улікам апошніх навуковых дасягненняў у сельскагаспадарчай галіне. Тут гатовы прыслухацца да прапаноў патэнцыйных інвестараў, якім могуць спатрэбіцца спецыялісты для сельскай гаспадаркі з веданнем найноўшых тэхналогій.

Даведка «Звязды»

Клімавіцкі раён займае плошчу каля 1543 квадратных кіламетраў, знаходзіцца на адлегласці 140 кіламетраў ад Магілёва. Мяжуе з Крычаўскім, Чэрыкаўскім, Касцюковіцкім, Краснапольскім, Хоцімскім раёнамі Магілёўскай вобласці і Ершыцкім і Шумяцкім раёнамі Смаленскай вобласці Расіі. Багаты на радовішчы мелу, торфу, цагляных глін і суглінкаў, будаўнічых пяскоў. Тут бяруць свой пачатак прытокі Бесядзі — Дзеражня, Жадунька і Сураў, працякаюць рэкі Іпуць, Лабжанка і Асцёр — прытокі Сожа. На рацэ Іпуць размешчана Мілаславіцкае вадасховішча. Праз раён праходзяць чыгуначныя шляхі: Унеча — Орша, Магілёў — Рослаў і аўтамабільныя дарогі на Маскву, Брэст, Крычаў, Касцюковічы, Хоцімск. Тэрыторыю раёна перасякае адгалінаванне нафтаправода «Дружба» Унеча — Полацк.

Для вядзення бізнесу тут ёсць усё: выгаднае геаграфічнае становішча, інфраструктура, вытворчыя плошчы, прывабныя маляўнічыя зоны. Інвестараў чакаюць 25 зямельных участкаў непасрэдна ў Клімавічах і раёне  і 7 гатовых для эксплуатацыі аб'ектаў нерухомасці. У якасці перспектыўных кірункаў дзейнасці можна разглядаць адкрыццё гандлёва-лагістычнага цэнтра ў Барсуках або Асмолавічах, арганізацыю вытворчасці газасілікатных вырабаў або гранул для прамысловага выкарыстання, рэалізацыю праектаў па аграэкатурызме і адпачынку, будаўніцтва гандлёвага цэнтра.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Горад вялікіх магчымасцяў

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...

Грамадства

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Ці спросціць «Электронная школа» жыццё педагогам і як гэта адаб'ецца на якасці ведаў?

Грамадства

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктараў і кіраўнікоў раёнаў і прадпрыемстваў.

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.