Вы тут

«Я на свае вочы бачыў, як Мінск з руін ператварыўся ў сучасны горад»


Ён прайшоў шлях ад памочніка машыніста цягніка да міністра будаўніцтва і эксплуатацыі аўтамабільных дарог БССР. Падчас Вялікай Айчыннай вайны страціў нагу, але толькі ўмацаваў сілу духу. Выхадзец з невялікага пасёлка 13 гадоў кіраваў сталіцай. Зусім нядаўна гэты выдатны чалавек адзначыў свой соты дзень нараджэння. Новы пашпарт у ратушы яму ўручыў мэр сталіцы. Напярэдадні Дня горада мы пагутарылі з ганаровым грамадзянінам Мінска — Васілём Іванавічам ШАРАПАВЫМ.


На сустрэчу адпраўляемся ў ціхі дачны пасёлак пад Мінскам. Каля брамкі нас сустракае сын Васіля Іванавіча Уладзімір, ён ужо даўно з задавальненнем узяў на сябе функцыю і біёграфа, і прэс-сакратара. На «прыём» да Шарапава, як і 50 гадоў таму, калі ён узначальваў Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, трэба запісвацца загадзя — у Васіля Іванавіча шчыльны графік: кожныя некалькі гадзін адны рэпарцёры і дэлегацыі змяняюць іншых...

— Васіль Іванавіч, ці помніце вы, якім паўстаў перад вамі Мінск, калі вы яго ўбачылі ўпершыню?

— Мне яго не атрымалася разгледзець як след. Усё, што я бачыў, — віды з будкі паравоза. У сярэдзіне 1930-х я працаваў памочнікам машыніста. Але на вакзале мне адразу кінулася ў вочы, што назва горада напісана ажно на чатырох мовах: рускай, беларускай, польскай і іўрыце. Хоць у горадзе размаўлялі пераважна па-беларуску. Уласна кажучы, як і я ў дзяцінстве. Для таго, каб пасля 7 класа паступіць у Аршанскае чыгуначнае вучылішча, нават прыйшлося хадзіць на курсы рускай мовы.

Я з простай сям'і: з матчынага боку былі леснікі, бацька — селянін. Памятаю, у дзяцінстве мы з ім стаялі каля карчмы, у якой пасля цяжкай працы адпачывалі машыністы, да іх ставіліся з трапятаннем і павагай, і бацька казаў: «Ідзі і ты, сын, на чыгунку — выб'ешся ў людзі!»

— Нічога сабе — «простая сям'я», — уступае ў размову Уладзімір. — У нас захаваліся фотаздымкі, на якіх яны гуляюць у шахматы!

— Вам хацелася застацца жыць у вялікім горадзе?

— Хацелася ці не хацелася — ніхто тады не пытаўся. У 1937 годзе мяне прызвалі ў армію, і я апынуўся ў Забайкаллі. Потым — Вялікая Айчынная, так што ў Мінск я вярнуўся толькі ў 1944 годзе.

— Гады вайны — якімі яны былі асабіста для вас?

— Калі пачалася вайна, я ўсё яшчэ быў у Забайкаллі. А тут такія навіны — Беларусь акупаваная, невядома, што з маімі роднымі... Я не на фронце, а ў тыле! Такое становішча не давала мне спакою, і я, безразважлівы малады чалавек, напісаў ліст самому Сталіну: маўляў, Радзіма сыходзіць крывёй — хачу яе абараняць, адпраўце хутчэй на фронт! Вядома, маё пасланне перахапілі. А ў войску, як вядома, усё строга. Нельга дзейнічаць праз галаву начальства, а я не тое што цераз галаву пераскочыў — адразу звярнуўся да Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. Усё магло скончыцца катастрофай, калі б мяне не выручыў палкавы камісар: ён настойліва абараняў мяне як аднаго з лепшых палітрукоў.

Потым у 1942 годзе прыйшла сакрэтная дырэктыва аб наборы палітрукоў для навучання на пасаду камандзіра браняпоезда. Ужо на той момант гэты від узбраення быў састарэлым, таму многія не вытрымлівалі націску ворага і здаваліся цэлымі саставамі. Палітрукі ж зарэкамендавалі сябе як тыя, хто змагаецца да апошняга. У гэтым была і пэўная логіка — пры ўзяцці ў палон іх расстрэльвалі ў першую чаргу.

Падчас аднаго з баёў мне выратавала жыццё няўважлівасць. Я забыўся зачыніць вечка люка, у які мяне пасля і выкінула шквальнай хваляй.

Пасля гэтага мяне адправілі ў Маскву, у рэзерв Галоўнага палітычнага ўпраўлення Чырвонай арміі. Там я працаваў у майстэрні па рамонце зброі, але душой па-ранейшаму імкнуўся на фронт. Так я трапіў у артылерыю. Пра гэты перыяд мне вельмі цяжка ўспамінаць. Асабліва адзін выпадак. Мы абстрэльвалі немцаў, а потым аказалася, што яны вялі нашых ваеннапалонных. Калі высветлілі, было ўжо позна... Давайце лепш не будзем.

— Васіля Іванавіча цяжка параніла ў нагу ў першы дзень правядзення аперацыі «Баграціён». Пачалася гангрэна, якая хутка распаўсюджвалася, і нагу прыйшлося ампутаваць, зрабілі тры аперацыі, — расказвае Уладзімір. — Але ён толькі гадоў 5 таму перасеў у інвалідны вазок, да гэтага ўсё жыццё бегаў як малойчык, — дадае з гонарам сын.

— Якім вы ўбачылі Мінск пасля яго вызвалення?

— Калі я апынуўся ў Мінску, шчыра скажу, быў проста агаломшаны. Вакол ніводнага ацалелага будынка, практычна няма людзей. Я шмат разбурэнняў бачыў за гады вайны, але карціна, якая адкрылася вачам, здавалася нерэальнай.

Адразу пайшоў да сястры Ганны, якая жыла ў раёне Цнянкі. Яна здымала не пакой і нават не койку, а месца на печы. У якасці платы даіла гаспадарскую карову. Гэты эпізод многае гаворыць пра жыццё ў руінах, па-іншаму тагачасны Мінск і не назавеш.

Ваенную кар'еру я працягваць не хацеў — хутка з фронту вернуцца моцныя, здаровыя мужчыны — гэта іх праца, таму папрасіўся «на гражданку». На працу ўладкаваўся ў гаркам партыі, які тады размяшчаўся разам з выканкамам гарадскога Савета і абласным камітэтам партыі ў будынку цяперашняга Нацыянальнага гістарычнага музея, на вуліцы Карла Маркса.

— Раней там быў польскі банк, таму падвалы ўмацаваныя. Я нядаўна туды хадзіў, хацеў уявіць, як усё было тады, — расказвае Уладзімір. — Вядома, усё вельмі змянілася. А ў сутарэнне так і не пусцілі. Напэўна, там да гэтага часу захоўваецца нешта вельмі каштоўнае, — дадае ён з усмешкай.

— Працу трэба было правесці велізарную! Я быў інструктарам арганізацыйнага аддзела ў Сталінскім раёне, які распасціраўся ад станцыі Козарава, што ў бок Гомеля, аўтазавода да плошчы Леніна (праз Чэрвеньскі рынак) і да 1-й клінічнай бальніцы.

— Цяпер той раён ператварыўся ў чатыры новыя — Заводскі, Партызанскі і часткова Ленінскі і Савецкі, — удакладняе Уладзімір.

— З якімі асноўнымі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца ў пасляваенны перыяд?

— Была пастаўлена канкрэтная задача — аднаўленне прамысловасці. Аб жыллі ніхто нават не задумваўся, амаль усе сілы былі кінутыя на гэта. На базе былых нямецкіх аўтамайстэрань быў пабудаваны МАЗ. Яшчэ да вайны там размяшчаўся танкавы полк, так што гаражы былі часткова прыстасаваныя пад заводскія
памяшканні. Авіязавод быў перароблены ў МТЗ. Па рэпатрыяцыях было атрымана абсталяванне для велазавода.

Паступова Беларусь ператварылася ў індустрыяльную рэспубліку, толькі яна на роўных з Расіяй і Азербайджанам адносілася да ліку бездатацыйных, гэта значыць была на поўным самазабеспячэнні.

Кірыла Трафімавіч Мазураў, на мой погляд, найлепшы за перыяд існавання Савецкага Саюза кіраўнік БССР, сапраўдны гаспадарнік, нават прасіў прымяншаць добрыя лічбы ў справаздачах, якія ішлі ў Маскву. Маўляў, не ўсё ж ім павінна дастацца, самі напрацавалі — самі заслужылі.

— Як вы сталі кіраўніком Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта?

— Тады гэта была выбарная пасада, прычым выбранне праходзіла ў два этапы. Трэба было атрымаць адабрэнне і калег, і народа. Мяне адправілі на павышэнне кваліфікацыі ў Ленінград, адкуль я прывёз кардынальна новую схему кіравання горадам. Раней усім загадвалі міністэрства: начальнікаў было больш, чым работнікаў. Напрыклад, зламаліся трамвайныя шляхі. Прадстаўнікі гарадскіх службаў павінны былі накіраваць запыт у Міністэрства транспарту з просьбай іх паправіць. Тыя ж, у сваю чаргу, зусім не абавязаны былі гэта рабіць, таму сістэма дзейнічала дрэнна.

Мы змянілі сітуацыю — інтарэсы гараджан выйшлі на першы план. Быў створаны «Мінскбуд», «Мінскводаканал», «Мінскгаз». Гэта была сістэма, якая сама развіваецца, галоўным было яе ўкараніць.

— А сколькі было пабудавана прадпрыемстваў у той перыяд! «Гарызонт», завод імя Варашылава, завод імя Леніна, падшыпнікавы, «Інтэграл» — гэта толькі самыя буйныя, — пералічвае Уладзімір. — А новае жыллё! Мільён квадратных метраў у год.

— Сталіца развівалася хуткімі тэмпамі. Калі ў пачатку 1950-х жыхароў было крыху больш за 250 тысяч, то да пачатку 1970-х лічба ўжо набліжалася да мільёна. У 1950-х норма была — 2 квадратныя метры на чалавека, а жылля ўсё роўна катастрафічна не хапала. Многія людзі жылі ў часовых збудаваннях і бараках. Так што так званыя «хрушчоўкі» сталі сапраўдным выратаваннем у той няпросты перыяд.

— Пакуль бацька быў на чале горада, было адкрыта больш за 100 школ, мноства дзіцячых садкоў, бальніц. У сталіцы з'явілася 20 басейнаў (да гэтага — 2), Палац спорту, стадыён «Дынама». Тады ўжо праектавалася метро. Нарэшце з'явілася развітая інфраструктура, — расказвае Уладзімір.

— Што было самым складаным для вас у гэтай працы?

— Скаржнікаў заўсёды хапала — і тады, і, я ўпэўнены, цяпер. Справа ж не ва ўмовах жыцця, а ў саміх людзях. Ішлі і ішлі. Калі былі прыёмныя дні, да мяне траплялі часам і па 60 чалавек. Кожны са сваёй гісторыяй, са сваёй просьбай. Праца была напружанай, але вельмі цікавай. Сталіца паступова на нашых вачах набывала сваё сучаснае аблічча.

— Чаму пакінулі пасаду?

— Прыйшоў час. Аднак мяне праводзілі з удзячнасцю і пад апладысменты. Потым была праца ў дарожнай сферы. Тады будавалася ўся апорная сетка дарог, шла праца над трасай Масква — Мінск. Да Гродна трэба было дабірацца дзень. На той момант — пачатак 1970-х — 90% дарог у рэспубліцы былі гравійнымі.

— Ён і цяпер звяртае на дарогі пільную ўвагу. Калі яго віншавалі з юбілеем у ратушы, выказаў незадаволенасць тым, што заўважыў недзе на шляху выбоіны, — з усмешкай адзначае Уладзімір.

— Вам падабаецца сучасны Мінск?

— Вельмі. Гэта горад для жыцця. Ён развіваецца, змяняецца — так і павінна быць. Тут ёсць абсалютна ўсё, што трэба. Гэта сапраўдная ўдача — жыць менавіта ў такім горадзе!

Да юбілею Васіль Іванавіч выпусціў кнігу ўспамінаў «Гартаючы жыцця старонкі».

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск.

Культура

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Піша Зіновій Прыгодзіч.

Грамадства

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У Беларусі на сённяшні дзень звыш 570 тысяч чалавек маюць інваліднасць.

Грамадства

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

Першы энергаблок Беларускай АЭС гатовы на 95 %, другі — на 70 %.