Вы тут

Юбілейны X круглы стол “Сугучча” прайшоў у Нацыянальнай бібліятэцы


На традыцыйным міжнародным круглым стале “Сугучча”, які на гэты раз стаў яшчэ і юбілейным – дзясятым, - літаратары розных краін абмяркоўваюць лакальныя і міжнародныя праекты, уносяць ініцыятывы і дзеляцца ўжо ўвасобленымі ў жыццё ідэямі, абменьваюцца вопытам. Гэта надае імпульс для далейшага супрацоўніцтва і збліжэння міжнацыянальных літаратурных кантактаў. 


У суботу, 3 верасня, беларускія літаратары і прадстаўнікі Расіі, Літвы, Латвіі, Велікабрытаніі, Казахстана, Сербіі, Славакіі, Таджыкістана і іншых краін сабраліся на круглы стол “Сугучча: слова Скарыны ў сучасным свеце” ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску, чым і далі старт святу Дня пісьменства.

Гісторыя кнігі з пункту гледжання яе сацыяльнай ролі і матэрыяльнай формы, пераклад твораў Францыска Скарыны на мовы народаў свету, развіццё беларускага кнігадрукавання ў кантэксце сусветнай гісторыі кнігі, кніга ў эпоху інфармацыйных тэхналогій, праблемы кнігадрукавання ва ўмовах сучасных камунікацый – гэтыя і іншыя тэмы сталі прадметам размовы на міжнароднай сустрэчы.

“Дзякуючы гэтым міжлітаратурным міждзяржаўным кантактам у нашай краіне папаўняецца скарбніца нацыянальнага кнігавыдання, – сказала міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч у прывітальным слове. – Беларускія выдавецтвы актыўна з вамі супрацоўнічаюць, у выніку чаго вашы творы прыходзяць у нашы бібліятэкі і на кніжныя паліцы. Шмат з гэтых твораў сталі знакавымі праектамі ў маштабах кніжнай спадчыны Садружнасці незалежных дзяржаў – дастаткова ўзгадаць выдатную серыю кніг “Сугучча”. Важна, што дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву і творы беларускіх літаратараў знаходзяць больш кароткі шлях да чытача ў вашых краінах. Набліжаецца 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, у нашай краіне ідзе вялікая падрыхтоўчая работа да свята. У гэты год – год культуры – праводзіцца шмат тэматычных мерапрыемстваў, распрацоўваецца план на будучыню. Вядома, у першую чаргу да гэтага далучаецца галіна кнігавыдання: будзе падрыхтаваны і выдадзены цэлы шэраг кніг і праектаў прысвечаных спадчыне Францыска Скарыны.

Падчас круглага стала ад імя Саюза пісьменнікаў Беларусі былі ўручаны медалі за вялікі ўклад у літаратуру – іх атрымалі перакладчыца і намеснік дырэктара Рэспубліканскага інстытута кітаезнаўства імя Канфуцыя Беларускага Дзяржаўнага універсітэта Лю Сулін, член Саюза пісьменнікаў Расіі і член Клуба пісьменнікаў Каўказа Адам Ахматукаеў, паэт і публіцыст з Таджыкістана Таір Раджабаў і іншыя аўтары. Былі ўручаны таксама падзякі ад Міністэрства інфармацыі Беларусі за вялікі асабісты ўклад у развіццё міжлітаратурных сувязяў і актыўнае партнёрства ў араганізацыі міжнародных круглых сталоў “Сугучча” – іх атрымалі літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук і галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры і мастацтва імя Ауэзава ў Казахстане Святлана Ананьева; зноў жа Лю Сулін; паэт, празаік і публіцыст з Расіі Валерый Казакоў, пісьменнік і галоўны рэдактар літаратурнага часопіса “Роман-газета” Юрый Казлоў, публіцыст і ганаровы консул Беларусі ў Сербіі Драгамір Карыч.

Асноўная жа частка мерапрыемстваў Дня пісьменства, што ідзе следам за круглым сталом “Сугучча”, праходзіць сёлета ў Рагачове.

Соф’я КІСЯЛЁВА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?