21 Верасень, пятніца

Вы тут

Еўропу апанавала імкненне да дэцэнтралізацыі


На наступным тыдні ў Браціславе запланавана правесці чарговы саміт Еўрасаюза. Мерапрыемства насамрэч гістарычнае, бо ўпершыню пройдзе без удзелу Вялікабрытаніі, якая падчас чэрвеньскага рэферэндуму выказалася за выхад з ЕС. Акрамя гэтага, на прасторы Старога Свету назбіралася шмат іншых «прыкмет часу» і супярэчнасцяў. Якія, зразумела, будуць абмеркаваны падчас саміту. Адзін з устойлівых трэндаў — імкненне да дэцэнтралізацыі, стварэнне рознага кшталту саюзаў і груповак краін. Нездарма канцлер Германіі Ангела Меркель напярэдадні форуму вельмі актыўна ажыццяўляла рабочыя паездкі, падчас якіх сустракалася з кіраўнікамі еўрапейскіх краін. Як і належыць фактычнаму лідару Еўропы, дамінаванне якога ўзмацнілася пасля брэксіту, Меркель вымушана адпавядаць свайму новаму становішчу. З іншага боку, шэраг экспертаў угледзелі тут імкненне «фрау канцлярын» дэталёва на месцы вывучыць сітуацыю са стварэннем рэгіянальных груповак і саюзаў. Ці ўдасца Старому Свету захаваць агульны саюз і не «раскрышыцца» з цягам часу на асобныя кавалкі?


Меркель тут, Меркель там

Маршрут Ангелы Меркель атрымаўся надзвычай цікавым. Яна пабывала ў Таліне і Празе, а на наступны дзень ужо завітала ў Варшаву, дзе прайшла сустрэча Вышаградскай чацвёркі (V4). Як вядома, гэтае дзяржаўнае аб'яднанне складаецца пасля распаду Чэхаславакіі з чатырох краін: Польшчы, Венгрыі, Славакіі і Чэхіі. Дарэчы, сёлета яно адзначае 25-гадовы юбілей. V4 адыгрывае ўсё больш важную ролю ў еўрапейскіх справах. Лідары чатырох усходнееўрапейскіх краін рэгулярна збіраюцца перад еэсаўскімі самітамі, каб выпрацаваць агульную пазіцыю па найбольш важных пытаннях. Нягледзячы на існуючыя рознагалоссі паміж членамі V4, група ператварылася ў сур'ёзнага гульца ў еўрапейскай палітыцы, актыўнасць і значэнне якога з кожным годам узрастае.

Вядома, галоўнай і найбольш цяжкай была сустрэча Ангелы Меркель у Варшаве з кіраўніком польскага кабінета Беатай Шыдло. Яна прайшла ў напружанай атмасферы. Адносіны паміж Варшавай і Берлінам былі бясхмарнымі яшчэ менш за год таму, калі ва ўладзе ў Польшчы знаходзілася ліберальна-кансерватыўная партыя «Грамадзянская платформа». Аднак яны рэзка сапсаваліся пасля перамогі на парламенцкіх выбарах у кастрычніку 2015 года правых нацыяналістаў з партыі «Права і справядлівасць» на чале з Яраславам Качыньскім.

Польшча, самы блізкі саюзнік ЗША ва Усходняй Еўропе, вельмі не задаволена Берлінам. Асцярожная пазіцыя Германіі не дазваляе ёй цалкам мілітарызаваць усходнюю мяжу ЕС з Расіяй пры дапамозе войскаў НАТА. Да гэтых рознагалоссяў, вядома, дадаліся гістарычныя супярэчнасці паміж Польшчай і Германіяй, якія сталі ўжо традыцыйнымі, а таксама новыя праблемы. У прыватнасці, праект будаўніцтва другой чаргі газаправода Nord Stream 2, які павінен звязаць Расію з Германіяй у абход Польшчы.

Да таго ж сустрэча двух кіраўнікоў урадаў у спадніцах праходзіла пад акампанемент дадзенага міністрам замежных спраў Польшчы Вітольдам Вашчыкоўскім інтэрв'ю, напоўненага антыгерманскай рыторыкай і абвінавачваннямі ў эгаізме. «Часта мы бачым намер пераследаваць толькі свае інтарэсы, — патлумачыў міністр карэспандэнту нямецкага інфармацыйнага агенцтва DPA. — Вядома, кожная краіна мае на гэта права, але часам мы ўсё ж спадзяёмся па пэўных пытаннях знайсці ў Берліна жаданне шукаць кампрамісы». Галоўны польскі дыпламат тут відавочна меў на ўвазе праблему з мігрантамі, пытанне, якое раскалола аб'яднаную Еўропу на два лагеры — прыхільнікаў прыёму бежанцаў з Афрыкі і Азіі і праціўнікаў. Першых узначальвае Ангела Меркель, а другія ў асноўнай сваёй масе знаходзяцца на ўсходзе кантынента.

Члены Вышаградскай чацвёркі зноў выказаліся супраць абавязковых квот па прыёме бежанцаў. Кіраўнікі ўрадаў Венгрыі, Польшчы, Славакіі і Чэхіі не раз крытыкавалі Брусель, падкрэсліваючы свае, адрозныя ад кіраўніцтва ЕС, погляды на міграцыйную палітыку. Канцлер Германіі адзначыла, што для падрыхтоўкі запланаванай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў ЕС неабходна, каб палітыкі аб'яднанай Еўропы маглі «пачуць адзін аднаго ў розных фарматах». У той жа час яна дадала, што падчас гэтага саміту не будзе прынята якіх-небудзь важных рашэнняў пра будучыню ЕС. Іх варта чакаць налета, калі будзе адзначацца 60-годдзе Рымскага дагавора, які заклаў асновы для еўрапейскай інтэграцыі, падкрэсліў кіраўнік урада Славакіі Роберт Фіцо. Пасля перамоў у Варшаве і абеду з лідарамі V4 — сустрэчы з еўрапейскім усходам — Меркель сустрэлася з поўначчу кантынента. У Берліне прайшлі перамовы нямецкага канцлера з калегамі з Даніі, Фінляндыі, Швецыі і Нідэрландаў. Таксама Ангела Меркель сустрэлася з лідарамі Аўстрыі, Балгарыі, Харватыі і Славеніі.

Як бачым, спадарыня Меркель апошнім часам круціцца як вавёрка ў коле. Надзвычай напружаны графік выкліканы яе жаданнем змяніць імідж. Нямецкая лідарка хоча стварыць вобраз не дыктатара, якім яе бачаць многія еўрапейцы, асабліва на ўсходзе і поўдні кантынента, а цярплівай «слухачкі», якая ўважліва прыслухоўваецца да чужых думак і прымае рашэнні выключна на аснове кансенсусу і поглядаў суразмоўцаў. Канцлер раптам пакорліва загаварыла на сустрэчах з партнёрамі ў Таліне, Празе, Варшаве і Берліне пра «фазу слухаць, разумець, вучыцца адзін у аднаго, каб правільна выстройваць і развіваць натуральны новы баланс ўнутры саюза 27-мі». Але пакуль намеціць нейкую агульную дыскусійную платформу для Браціславы не ўдалося, акрамя дэклараваных намераў захаваць ЕС без Вялікабрытаніі.

«Рэцэпт» ад Бенілюкса

У Берліне Меркель абмеркавала крытычную сітуацыю ў ЕС з кіраўніком Еўракамісіі Жан-Клодам Юнкерам. А напрыканцы мінулага тыдня яна адправілася ў Эвіян, дзе правяла перамовы з прэзідэнтам Францыі Франсуа Аландам, у цэнтры якіх зноў-такі аказаліся тэмы міжнароднай і еўрапейскай палітыкі. Відавочна, што сама канцлер разумее: многае ўжо не так, як было 31 жніўня мінулага года, калі яна ўпершыню сказала на прэс-канферэнцыі ў Берліне словы «Мы справімся», якія сталі мантрай і адкрылі межы Германіі мільённай плыні бежанцаў. Баварскі лідар Хорст Зеехофер тады адразу назваў гэтае рашэнне памылкай. І вось ужо цягам года давер немцаў да палітыкі Меркель змяншаецца. Гэта пацвярджаюць вынікі апытання, праведзенага інстытутам Emnіd. Паводле яго даных, палова немцаў не хочуць чацвёртага тэрміну Меркель пасля бундэстагаўскіх выбараў-2017.

А ў Аўстрыі выбарчая кампанія ўступае ў завяршальную стадыю. Аўстрыйская партыя свабоды (FPO) перастала агітаваць за «острэксіт» — выхад краіны з Еўрасаюза. «Па галоўных пытаннях мы павінны працаваць у больш цесным супрацоўніцтве», — цытуе агенцтва Bloomberg Норберта Хофера, які прайграў на прэзідэнцкіх выбарах у красавіку-маі гэтага года. Кандыдат ад Партыі свабоды растлумачыў, што пад «галоўнымі пытаннямі» ён мае на ўвазе ўмацаванне бяспекі і эканомікі Еўропы. Ёсць у Хофера рэцэпт і для павышэння аўтарытэту і вагі Аўстрыі ў агульнаеўрапейскіх справах. Кандыдат не прыдумаў нічога лепшага, як прапанаваць стварыць яшчэ адну нефармальную групоўку дзяржаў унутры ЕС — «саюз унутры саюза» ў складзе Аўстрыі, Славеніі, Харватыі, Чэхіі і Венгрыі.

Відавочна, што яшчэ нядаўна вельмі распаўсюджанае і папулярнае словазлучэнне «аб'яднаная Еўропа» з кожным днём усё больш страчвае сэнс, таму што Еўрасаюз у літаральным сэнсе «расцягваюць» на саюзы паменш. Апроч Вышаградскай групы, можна прыгадаць яшчэ і так званы Веймарскі трохвугольнік (Германія, Францыя і Польшча). Ёсць яшчэ Бенілюкс (Бельгія, Нідэрланды і Люксембург) — мабыць, найстарэйшая група дзяржаў на кантыненце. Грэцыя прапануе таксама стварыць Паўднёвую групу, у якую могуць увайсці балканскія краіны і, не выключана, Францыя. Усе гэтыя групоўкі і саюзы ствараюцца для ўзгаднення пазіцый па важных пытаннях. Хофер лічыць, што яны дапамагаюць невялікім краінам паспяхова адстойваць свае інтарэсы ў Бруселі. Гэта наглядна відаць, паводле яго слоў, на прыкладзе таго ж Бенілюкса.

Кавалкі імперыі

Па актуальных найвастрэйшых тэмах, як рэфармаваць супольнасць, пануе густы туман. Прасвечвае толькі нежаданне многіх краін пашыраць паўнамоцтвы Бруселя і прытрымлівацца ідэі «больш Еўропы». Лідары шасці паўднёваеўрапейскіх краін пацвердзілі ўдзел 9 верасня ў саміце ў Афінах, які павінен выступіць супраць палітыкі аскетызму і стаць процівагай Вышаградскай чацвёрцы, паведаміла крыніца ва ўрадзе. На саміт запрошаны прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, прэм'ер-міністры Італіі Матэа Рэнца і Партугаліі Антоніу Кошта, выканаўца абавязкаў прэм'ера Іспаніі Марыяна Рахой, прэзідэнт Кіпра Нікас Анастасіядзіс, прэм'ер Мальты Джозэф Мускат. Мэта прэм'ера Грэцыі Алексіса Цыпраса — стварыць альянс супраць палітыкі жорсткай эканоміі.

Правесці сустрэчу плануецца ў палацы Запіён, пабудаваным да першых Алімпійскіх гульняў 1896 года, які з'яўляецца адным з найбольш вядомых архітэктурных помнікаў Афін. «Гэта даўняя мара Цыпраса — сабраць краіны Поўдня Еўропы і стварыць моцны саюз супраць палітыкі аскетызму. Асноўная мэта — вывучыць магчымасць міжземнаморскіх краін аказваць уплыў на еўрапейскі парадак дня па такіх пытаннях, як сацыяльнае развіццё, міграцыйная палітыка», — паведамілі інфармагенцтвы са спасылкай на крыніцу ў грэчаскім урадзе. Паводле слоў суразмоўцы, такі крок стане процівагай крайне правай палітыцы шэрагу новых краін ЕС, якія ўваходзяць у Вышаградскую чацвёрку і патрабуюць правядзення палітыкі жорсткай эканоміі. «Гэта павінен быць анты-Вышаград. Саміт закліканы падкрэсліць, што Паўднёвая Еўропа мае вельмі вялікія праблемы і трэба змяняць сітуацыю, адмовіцца ад палітыкі, якую праводзяць краіны Цэнтральнай Еўропы пад кіраўніцтвам Германіі», — лічаць у грэчаскім урадзе.

Каментуючы ўдзел Рахоя, суразмоўца агенцтва адзначыў, што, хоць гэта і правы палітык, ён разумее, што палітыка аскетызму не можа працягвацца і надалей. Суразмоўца заявіў таксама, што саміт не выпадкова будзе праходзіць у адзін дзень з пасяджэннем Еўрагрупы. «Гэта будзе сігнал — спыніце ціск на Грэцыю, у нас ёсць падтрымка іншых краін», — заўважылі ў грэчаскім урадзе. Акрамя гэтага, тут ёсць яшчэ адзін знак — паўднёваеўрапейскія лідары збяруцца за тыдзень да вызначанага на 16 верасня нефармальнага саміту 27 краін ЕС у Браціславе.

Характэрна, што «Усходняя Еўропа» маецца і ў самой Германіі. Гэта ўсходнія землі, былая ГДР. Тут захаваўся архаічны, каранёвы падыход (Blut und Boden — «Кроў і глеба») да асноўных праблем грамадскага жыцця, тут мацней за ўсё пратэстуюць супраць наплыву мігрантаў і ўзнік знакаміты рух Pegіda («Патрыятычныя еўрапейцы супраць ісламізацыі Захаду»). Самае цікавае заключаецца ў тым, што 40 гадоў сацыялізму значна менш змянілі традыцыйную свядомасць усходніх немцаў, чым узмоцненая амерыканізацыя і мадэрнізацыя Заходняй Германіі.

Хоць прагнозы скептыкаў, якія прадракалі пасля чэрвеньскага рэферэндуму ў Вялікабрытаніі аб членстве Лондана ў ЕС хуткі распад аб'яднання, не апраўдаліся і Еўрасаюз выстаяў, але мацнейшым ён, натуральна, не стаў. Наадварот, пасля брэксіту ён стаў яшчэ больш раздробленым і падзеленым на блокі і групы: Захад, які кааперыруецца па большасці пытанняў з Поўначчу (дзе, дарэчы, таксама апошнім часам нярэдка ўзнікаюць пратэсныя настроі), і Усход, які ўсё часцей займае аднолькавую пазіцыю з Поўднем. Аналітыкі небеспадстаўна лічаць, што цэнтрабежныя сілы здольныя прывесці да развалу як мінімум Шэнгенскай зоны, а ў канчатковым выніку і ЕС. Гэта будзе азначаць крах вялікага еўрапейскага праекта, што ў сваю чаргу прывядзе да тэктанічных зрухаў ва ўсёй сусветнай палітыцы.

Захар БУРАК

burak@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Ліхаманка Старога Свету

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор!