Вы тут

Мінскі паўмарафон пабіў адразу некалькі рэкордаў


У гэтым годзе ўдзельнікамі маштабнага забегу сталі 20 тысяч чалавек — як прафесійных спартсменаў, так і проста аматараў здаровага ладу жыцця. Нядаўна мінская траса атрымала сусветнае прызнанне, і цяпер вынікі гэтых спаборніцтваў каціруюцца ва ўсім свеце.


Сёлетні паўмарафон сабраў не толькі беларусаў, але і 800 спартсменаў з больш чым 40 краін. Сярод іх як нашы блізкія суседзі — Расія, Украіна, краіны Прыбалтыкі, — так і экзатычныя дзяржавы — Коста-Рыка, Кенія, Японія.

На трасу выходзілі паасобку, сем'ямі і цэлымі арганізацыямі; сярод тых, хто бег, былі заўважаны і вядомыя людзі краіны: кіраўнікі міністэрстваў, прадстаўнікі СМІ, «зоркі» шоу-бізнесу. У маштабным забегу, як і ў мінулым годзе, прынялі ўдзел першыя асобы спартыўнай галіны краіны — міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко і першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Максім Рыжанкоў. Максім Уладзіміравіч, напрыклад, нават змог палепшыць свой леташні вынік.

— Нездарма рыхтаваўся ў камандзе Dream Team, трэніраваўся нават у Рыа. Па вопыце мінулага года магу сказаць, што Мінскі паўмарафон атрымаўся і прайшоў не горш. Многія аматары бегу заявіліся на дыстанцыю ў 5 км, але ніхто пасля фінішу не разыходзіўся. Працягвалі падтрымліваць удзельнікаў, якія яшчэ знаходзіліся на трасе. Надзвычай святочная атмасфера была і каля Палаца спорту. Вельмі рады і за сябе, што змог палепшыць свае паказчыкі, і за людзей, якія сваім прыкладам паказваюць, як любяць у Беларусі займацца спортам, весці здаровы лад жыцця. Мы на правільным шляху, дужа хачу на гэта спадзявацца, — адзначыў пасля фінішу Максім Рыжанкоў.

— Мінскі паўмарафон перасягнуў межы краіны. Забег мае міжнародны статус, у ім бяруць удзел вядучыя спартсмены, — распавядае міністр спорту Аляксандр Шамко. — Пасля фінішу ўдалося пагутарыць з удзельнікамі і прафесійнымі спартсменамі. Самае прыемнае, што падыходзілі і шчыра дзякавалі. Гэта самая вялікая ўзнагарода для мяне, як для міністра спорту, пачуць ад простых аматараў бегу, людзей сярэдняга, старэйшага пакалення, іх ацэнку паўмарафону.

Пераможцай сярод жанчын стала беларуска Вольга Мазуронак, яна пераадолела дыстанцыю ў 21,1 км за 1 гадзіну 11 хвілін 4 секунды. Гэты вынік стаў рэкордам мінскай страсы.

— Як бы цяжка ні было пасля Рыа, выйшла на старт у Мінску. Шчыра кажучы, перад забегам на 21,1 км не ведала, чаго ад сябе чакаць. Асноўныя саперніцы, кенійкі, ехалі да нас па прызавыя, настрой афрыканак быў вельмі сур'ёзным. У ходзе забегу адстала ад іх, але дзякуючы падтрымцы ўздоўж трасы знайшла ў сабе сілы дабавіць. Траса ў Мінску аказалася вельмі цяжкай, да такога маршруту трэба рыхтавацца, — адзначыла пераможца.

Хі­ла­ры Кі­тум Маё Кі­маё

У спаборніцтвах сярод мужчын перамогу атрымаў Хілары Кітум Маё Кімаё з Кеніі.

— Пасля 10 км я застаўся адзін, мае партнёры адсталі, і бегчы аднаму, увесь час падтрымліваць тэмп вельмі цяжка. Добры вопыт для мяне, дзякуй майму менеджару, якому паступіла прапанова выступіць у сталіцы Беларусі. Шчаслівы, што перамог, — падкрэсліў Хілары Кітум Маё Кімаё.

Пераможцы і прызёры разыгралі прызавы фонд у 25 тысяч долараў, а ўсе ўдзельнікі атрымалі памятныя медалі.

У параўнанні з Мінскім паўмарафонам-2015 у сёлетнім на старт выйшла на 4 тысячы ўдзельнікаў больш. У наступным годзе арганізатары абяцаюць павялічыць колькасць да 30 тысяч чалавек.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Бегла ўся сталіца

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.