Вы тут

Чым на Дзень горада здзіўляла сталіца


Не сакрэт, што ў асноўнай масы гараджан у штодзённай мітусні часам сціраецца адчуванне ўнікальнасці іх месца жыхарства. Мы прагуляліся па святочнай сталіцы ў Дзень горада і паспрабавалі зноўку з ёй пазнаёміцца.


У час адкрыцця помніка С. Манюшку і В. Дуніну-Марцінкевічу.

Прымяраю на сябе вобраз турысткі, якая ўпершыню апынулася ў сталіцы Сінявокай. Забягаючы наперад, хачу адзначыць, што, як аказалася, такое «амплуа» выбрана было недарма. Замежнікаў у гэты дзень у горадзе сапраўды шмат. Каюся, але я, калі ўдавалася, імкнулася падслухаць іх размовы на англійскай. У адным выпадку гасцінны гаспадар-беларус спрабаваў растлумачыць сям'і, відаць па ўсім, нямецкай, якая дружна аплятала тонкія блінцы, што такое верашчака. У другім выпадку маладзенькая дзяўчына распавядала сваім сябрам з Кітая аб значэнні манумента Перамогі. Такіх змяшаных беларуска-замежных дэлегацый на маім шляху сустрэлася каля дзесяці. Ну што ж, адчуем сябе іх часткай.

Пачынаю падарожжа з Кастрычніцкай плошчы. Калі ў метро ў абед людзей нават больш, чым у будныя дні ў час пік, то ў самім цэнтры чамусьці амаль пуста. Гэта здзіўляе мяне і ў ролі мінчанкі, і ў ролі іншаземкі — хіба свята пачынаецца не тут? Я яшчэ памятаю, як на Кастрычніцкай плошчы падчас свят праводзілі кірмашы і ладзілі вялікія канцэрты. Цяпер жа пра Дзень горада нагадваюць толькі шматлікія сцягі, якія развіваюцца на ветры. Складана не заўважыць мноства стэндаў і рэкламных банераў, якія апавяшчаюць аб парламенцкіх выбарах. Відаць, прыезджы не зможа не адзначыць, наколькі гэта значная падзея для дзяржавы.

Пастаяўшы на амаль бязлюднай плошчы, адпраўляюся далей. Мінуем «Цэнтральны» — самую мінскую з усіх існых крам, сёння ўніверсам не ў прыярытэце, бо пасля рамонту адкрылі не менш знакавую «Лакомку». Не так даўно крама ласункаў стала сапраўдным яблыкам разладу: неабыякавыя мясцовыя жыхары, многія з якіх памятаюць яе яшчэ з далёкага дзяцінства, былі катэгарычна супраць перароблівання. Пагаворвалі, што крама проста знікне, а на яе месцы з'явіцца чарговы фастфуд. Аднак самыя страшныя асцярогі не спраўдзіліся: месца выкупіла мінская кандытарская фабрыка «Камунарка» і паабяцала захаваць непаўторны каларыт. І многія жыхары сталіцы з нецярпеннем чакалі Дня горада, каб ацаніць перамены.

Акрамя гандлёвых пляцовак, у прасторнай зале з'явіўся кафетэрый: 3 двухмесныя і 3 вялікія столікі. У дзень адкрыцця да іх, вядома, было не падступіцца. Інтэр'ер стаў больш вытанчаным: масіўныя люстры і драўляныя панэлі. Замест «саўка» — савецкі шык. На сцяне велізарная рэпрадукцыя карціны Івана Хруцкага «Партрэт жонкі з кветкамі і садавіной». Гандлёвая зала падзелена на секцыі: па цукеркі, алкаголь і торцік давядзецца пастаяць у розных чэргах. Увесь асартымент, на шчасце, захаваны — пераарыентацыі выключна на прадукцыю фабрыкі «Камунарка», як гэтага асцерагаліся, не адбылося. Засталася нязменнай і «смачная» назва. Уключаю «рэжым замежніцы». На прылаўку — дэсерты, якія не знойдзеш нідзе, акрамя як на постсавецкай прасторы (чаго варты адзін кошык з бялковым крэмам!), — і ўсё гэта па смешных цэнах. Чаго не скажаш пра шакаладныя цукеркі, выстаўленыя на першы план, — гэта не звыклыя «Сталічныя» ці «Беларускія», а цукеркі з міндалём і какосам, разлічаныя якраз на ахвотных усё паспытаць замежнікаў, якія не шкадуюць грошай. Такая крама, размешчаная на галоўным праспекце горада, ды яшчэ з немалой гісторыяй, можа стаць не толькі адным з любімых месцаў гараджан, але і абавязковым пунктам наведвання для турыстаў.

Не ўстаяўшы перад выглядам апетытных пірожных, рухаюся ў бок Верхняга горада. На ўваходзе нас даглядаюць ахоўнікі правапарадку. І калі беларусы часам успрымаюць гэта ў штыкі, то замежнікі, наадварот, з адабрэннем ківаюць: маўляў, адразу адчуваеш сябе больш абароненым.

Першае, што кідаецца ў вочы, — за пару гадзін да гэтага адкрыты помнік стваральнікам першай беларускай оперы Станіславу Манюшку і Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу. Да яго чарга чалавек 10—15 — усе хочуць сфатаграфавацца. Хоць у натоўпе, зноў падслухоўваю, і чуюцца рэплікі накшталт: «Не палічы мяне неадукаванай, але хто гэта такія?» або «А як называецца тая опера?» Каля помніка сапраўды хацелася б бачыць інфармацыйны стэнд, дзе расказваецца хоць бы сцісла пра жыццё і творчасць двух выдатных людзей. Самі беларусы, у якіх няма спецыяльнай адукацыі, мала што могуць паведаміць сваім замежным сябрам.

Каля ратушы — невялікі горад майстроў. Відаць, што аўтары падрыхтаваліся да свята: лялькі з таблічкамі «Мінск, я цябе люблю», дэкаратыўныя талеркі з відамі сталіцы і нават завушніцы ў форме Нацыянальнай бібліятэкі. На плошчы Свабоды — баль: плаўна вальсуюць дамы і кавалеры ў адзенні ХVІІІ стагоддзя. Калі абстрагавацца ад натоўпу, можна ў думках апынуцца ў Мінску двухвекавой даўніны. Падабенства дадае скульптура экіпажа, якая стала любімым месцам гульняў для дзяцей. Дарэчы, недалёка размясцілася і сапраўдная карэта. З ёй усе таксама імкнуцца сфатаграфавацца, а вось пракаціцца чамусьці не адважваюцца. Для тых, каго не задавальняюць пешыя прагулкі, ёсць яшчэ некалькі альтэрнатыўных варыянтаў. У Дзень горада для жыхароў і гасцей сталіцы стартаваў новы экскурсійны маршрут, галоўнае ў якім — незвычайны транспарт. На паркоўцы ярка-чырвоныя фаэтоны ГАЗ 69Л стаяць у шарэнзе — відовішча і праўда ўражвае. Можна адправіцца на экскурсію, прыцягваючы ўвагу прахожых сваім аўтатранспартам. Тэматыка традыцыйная: «Мінск сакральны», «Горад ваеннай славы», «Мінскімі вулачкамі». У машыну змяшчаецца 6 чалавек, на выбар прапанаваны аўдыягід (на рускай або англійскай мове) і прафесійны экскурсавод. У цэлым, у гэтай частцы горада вельмі ціха і спакойна, што асабліва радуе іншаземцаў, якія стаміліся ад шуму мегаполісаў.

А вось па меры набліжэння да тэрыторыі каля Палаца спорту гоман нарастае. Недалёка ад метро клоўн спрабуе навучыць фокусам дзяцей. На ўваходзе на тэрыторыю святкавання — зноў агляд. Далей — мноства гандлёвых пунктаў, чэргі невялікія, аднак за столікамі ўсе месцы занятыя. У паветры лунае пах шашлыкоў і салодкай ваты. Ёсць, вядома, і стравы нацыянальнай кухні. Для тых, хто сочыць за сваёй фігурай, нават прыдумалі дранікі, ад якіх нельга паправіцца, — з кабачкоў і буракоў.

Горад майстроў тут займае вялізную плошчу: таксама зробленыя ўручную ўпрыгажэнні і сувеніры, аднак акцэнт са сталіцы змяшчаецца на нацыянальны каларыт. На ўзвышшы ўсталяваныя дзве велізарныя постаці, якія імітуюць саламяных лялек. У свеце, які звар'яцеў на глебе сацыяльных сетак, магчымасць зрабіць унікальныя фотаздымкі — вялікі плюс. Таму такія цікавыя аб'екты гораду неабходны, нездарма ж у інтэрнэце набіраюць усё большую папулярнасць маршруты прагулак, пабудаваныя з улікам магчымасці зрабіць найбольш удалыя фотаздымкі. Прызнаюся шчыра, і я не ўтрымалася: прастаяўшы хвілін 10 у чарзе, зрабіла фота з велізарнай лялькай.

А на адным з мерапрыемстваў змагаліся за тытул чэмпіёна па сілавым экстрыме прадстаўнікі розных краін — дарэчы, выдатная магчымасць для замежнікаў «пахварэць» за землякоў і адчуць сябе не такім адзінокім у чужой краіне. Спаборнічалі, хто зможа падняць большую вагу. Відовішча гэта, шчыра кажучы, не для слабанервных. І ўсё ж нельга не прызнаць, што яно ўражвае: тыя, хто ўцягнуўся, не маглі пайсці да канца турніру.

Непадалёк — галоўная сцэна. Што толькі там не адбывалася на працягу ўсяго дня: ад выступленняў дзіцячых калектываў да канцэрта «Песняроў». Рэпертуар — на любы густ. На крэслах, ціха пагойдваючыся ў такт мелодыі, сядзяць бабулі, каля сцэны бегаюць дзеці. Як «іншаземцы» мне цікава паназіраць і за народнай творчасцю, і за моднымі маладзёжнымі плынямі, таму разнастайнасць сапраўды радуе.

Зусім побач з галоўнай сцэнай размясцілася пляцоўка для правядзення конкурсу «Жалезны пажарны». Вялізная канструкцыя, якая імітуе вышынны будынак, людзі-манекены, апранутыя ў форму ратаўнікоў — арганізатарам удалося ўзнавіць атмасферу рэальных вучэнняў. У паветры лунае напружанне: як толькі пажарныя атрымліваюць новае заданне, адразу забываеш, што гэта толькі гульня — здаецца, ідзе сапраўды барацьба за выжыванне. Падобнага роду мерапрыемствы, не тыповыя для іншых дзяржаў, могуць стаць візітнай карткай таго ж Дня горада ў Мінску. Таму, магчыма, «Жалезнаму пажарнаму» як значнай самастойнай падзеі варта было б вылучыць асобную пляцоўку. Мне ў якасці турысткі, якая ніколі не бачыла нічога падобнага, менавіта гэтая частка свята паказалася адной з найбольш уражальных.

Гандаль, песні, танцы, спаборніцтвы, смачная ежа, весялосць і шум... Хіба не адлюстроўвае разнастайнасць мерапрыемстваў шматграннасць амаль двухмільённага горада? Хутчэй за ўсё, так, але ўсё ж такі замежнікам (у гэтым выпадку і мне), якія ўбачылі Мінск падчас свят, будзе крыху складана ўявіць яго сапраўднае аблічча. Для гэтага варта трохі адысці ад галоўных плошчаў і атрымаць асалоду ад ціхамірнасці Свіслачы і спакою восеньскіх паркаў. І хто ведае, магчыма, з'явіцца яшчэ адна цудоўная песня, натхненнем для якой на гэты раз паслужыць наша сталіца.

Дар'я Каско

kаskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Захапляльнае падарожжа, або Чым на Дзень горада здзіўляла сталіца

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.