Вы тут

Абласныя дажынкі адсвяткавала Брэстчына


Драгічын сустрэў гасцей сельскагаспадарчага фестывалю прыгожым і памаладзелым. Нездарма апошнія паўгода тут шчыравалі будаўнікі і камунальнікі. Кругом было шмат кветак, ад іх горад літаральна расцвіў. І гэта, без сумнення, паспрыяла святочнаму настрою. Як і лагоднае надвор'е: цёпла, але не горача.


Для таго каб людзі змаглі культурна адпачыць, арганізатары прадугледзелі ўсё. Імправізаваныя кавярні вабілі смачнымі пахамі свежых страў і выпечкі. Шмат было салодкай прадукцыі. Мамы з малымі дзецьмі маглі пачаставацца каля многіх палатак, што і рабілі з задавальненнем. Для дзяцей, дарэчы, загадзя абсталявалі гульнявыя зоны, дзе малым прапаноўвалася змайстраваць нешта цікавае і пабыць пад наглядам. Гэты факт асабліва ацанілі госці свята.

— Мы з сынам прыехалі з Мінска да бацькоў, — рассказала Алеся Саўчук, — і з вялікай цікавасцю гуляем па святочных вуліцах роднага горада. Наш Лёша нават пазаймаўся з аніматарам. А цяпер мы вывучаем меню вулічнай кавярні, каб разам паабедаць.

І сапраўды, выбіраць было з чаго. Першая ж шыльда, якая трапілася на вочы, запрашала пакаштаваць фасолеўку, панскі суп, дранікі, пячысту з палюшкамі, скрылькі і іншыя беларускія стравы. Цэны, трэба аддаць належнае, выглядалі даволі дэмакратычна. Людзі выбіралі прадукты, частаваліся, а некаторыя проста з цікавасцю разглядалі вітрыны, бо тыя нагадвалі арыгінальныя выстаўкі. А на сапраўдных выставах, напрыклад, вырабаў рамеснікаў, можна было паўдзельнічаць у майстар-класах, зрабіць сабе на памяць нейкую рэч. Ну а аматарам азарту прапаноўвалі згуляць у шашкі, дзе на дошцы замест шашак перасоўваліся... бляшанкі з тушонкай. Выйграў — забраў сабе.

Вядома, гульні і забавы сталі толькі фонам для галоўнага зместу свята — шанавання герояў жніва. Пасля традыцыйнага шэсця па цэнтральнай вуліцы працаўнікі сельскагаспадарчай галіны занялі сваё пачэснае месца ў першых радах перад сцэнай. На ганаровы подыум яны — у святочных касцюмах, перавязаныя чырвонай стужкай пераможцы — уздымаліся па атрыманне заслужаных узнагарод. Перадавікоў жніва, а таксама найлепшыя гаспадаркі, раёны-пераможцы прывітаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль ЛІС. Губернатар агучыў лічбу валавога збору збажыны — 1 мільён 172 тысячы тон. Па ўраджайнасці Брэстчына заняла другую пазіцыю ў краіне — па 35,2 цэнтнера сабрана з кожнага гектара.

Анатоль Ліс пры­мае сім­ва­ліч­ны сноп.

Па традыцыі ўзнагародзілі найлепшых хлебаробаў. У ліку самых першых герояў жніва ўшанавалі камбайнераў Уладзіміра і Андрэя Казімірчыкаў з птушкафабрыкі «Дружба» Баранавіцкага раёна, Артура Гутырчыка з сельгаспрадпрыемства «Белдан» Ляхавіцкага раёна, Сяргея Дворака і Дзмітрыя Макарушку з СВК «Фядорскі» Столінскага раёна.

— Гэта маё 27-е жніво, — сказаў у гутарцы з карэспандэнтам Сяргей Дворак. — Нямецкая «Мега-350», якая працуе 11-ты сезон, не падвяла, убралі з памочнікам больш за 300 гектараў. Добра, што надвор'е паспрыяла. У дзень ссыпалі ў бункер па 80 тон.

Сярод раёнаў адзнаку за жніво-2016 атрымалі Маларыцкі, Брэсцкі і Камянецкі, а сярод сельгаспрадпрыемстваў — СВК «Святая Воля» Івацэвіцкага раёна, ААТ «Агра-Кобрынскае» Кобрынскага раёна, ААТ «Белавежскі» Камянецкага раёна.

Гараджане і госці не шкадавалі апладысментаў пераможцам і радаваліся за свой горад. Бо дажынкі каштоўныя тым, што пасля свята гаспадарам застаецца шмат чаго адрэстаўраванага, пабудаванага, абноўленага. Так і ў Драгічыне ў перыяд падрыхтоўкі значна абноўлены цэнтральныя вуліцы і дарогі. Рэканструкцыю перажылі Дом культуры, бальніца, дзве сярэднія школы, гімназія, два дзіцячыя садкі, стадыён спартыўнай школы. Рэканструяваны гарадскі парк. Менавіта ў парку праходзіў рэгіянальны этап сямейнага праекта «Уладар сяла». Цягам дня ўдзельнікі конкурсу знаёмілі гледачоў і журы са сваімі сем'ямі, праяўлялі спрыт, вынаходлівасць, спрактыкаванасць. Пераможцамі стала сям'я Дзмітрыя і Людмілы Улога з Пружанскага раёна.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Самае хлебнае свята

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».