Вы тут

У Мінску праходзіць фестываль урбан-арту Vulіca Brasіl


У гэтыя дні сустрэць гасцей з далёкай Паўднёвай Амерыкі ў Мінску цалкам рэальна. Мастакі прыехалі на Бразільска-беларускі фестываль урбан-арту Vulіca Brasіl. Кастрычніцкая вуліца сталіцы зноў зменіцца, набыўшы новыя мастацкія ўпрыгажэнні.


Ад «стрыт» да «урбан»

За папярэднія два стрыт-арт-фестывалі намалявана дзесяць муралаў. За гэты год плануецца зрабіць яшчэ больш за дзясятак мастацкіх інтэрвенцый, сярод якіх будуць і два вінтажныя трамваі.

Прадзюсар фестывалю Міла КОТКА расказала, чаго чакаць гараджанам у наступныя тры тыдні:

— Сёлета ў нас рэкордная колькасць дзён. Мы падрыхтавалі некалькі вельмі класных падзей. Па-першае, гэта сам пачатак працы мастакоў. Я заклікаю ўсіх прыходзіць. У асноўным яны малююць на Кастрычніцкай вуліцы, але часткова і на Нямізе. У выхадныя мы будзем глядзець вулічнае кіно на пажарнай рэтра-машыне. Яшчэ зробім сустрэчу з усімі мастакамі. Гэта будзе 7 верасня, акурат у Дзень незалежнасці Бразіліі. А 9 верасня сустрэнемся з нашай урбан-камандай. У гэтым годзе ў нас ёсць новы напрамак: мы больш не называемся фестывалем стрыт-арту, мы — урбан-арт. Пачалі разглядаць шмат пытанняў, самае галоўнае з іх — развіццё Кастрычніцкай. Працуем з бразільскім архітэктурным бюро, якое ўваходзіць у трыццатку найлепшых у свеце. Разам з беларускімі архітэктарамі яны распрацавалі цэлы праект, які мы ў наступным годзе хочам рэалізаваць. Кожны год робім сацыяльныя мерапрыемствы для тых, каму не хапае ўвагі. Ездзім у дзіцячыя дамы: ужо былі ў Рудзенску і Уздзе, а сёлета наведаем Жодзіна. Разам з бразільскімі і беларускімі мастакамі рыхтуем праграмы актыўнасці спецыяльна для дзяцей.

Сёлета звяртаем увагу яшчэ і на карані стрыт-арту — графіці. У нас будзе асобная пляцоўка, дзе дзесяць беларускіх графітчыкаў зробяць вялікі мурал (разнавіднасць манументальнага мастацтва, жывапіс на архітэктурных збудаваннях — Аўт.). А 17 верасня, на закрыцці фестывалю, вуліца Кастрычніцкая стане такой, якой яна ніколі не была, — пешаходнай. Будзе некалькі музычных пляцовак, у тым ліку з жывой музыкай, розныя майстар-класы па танцах: самба, хіп-хоп, капаэйра. Будзе пляцоўка для дзяцей — запросім хлопцаў і дзяўчатак і з дзіцячых дамоў. Арганізуем роспіс ужывую. Таксама чакаем гасцей — братоў-блізнятаў OSGEMEOS. Яны былі хэдлайнерамі мінулага фестывалю. Ім так спадабалася, што, нягледзячы на адкрыццё іх выставы ў Нью-Ёрку, яны пагадзіліся прыляцець у Мінск.

Больш за 170 валанцёраў дапамагаюць на фестывалі сёлета.

Падтрымліваюць праект і буйныя кампаніі. Вольга ГЯРАСЕНКА, прадстаўнік авіякампаніі «БЕЛАВІЯ», заўважыла, што значная колькасць пасажыраў нашых самалётаў — гэта людзі, якія ляцяць у адпачынак ці ў камандзіроўку. А такія праекты змогуць стварыць мноства цікавых месцаў у Мінску і матываваць жыхароў іншых краін прыязджаць да нас і заклікаць сваіх сяброў.

Экалогія на першым месцы

Адзін з новых кірункаў у фестывалі — экалагічны.

Мастак Cowek удзельнічае кожны год і сёлета таксама будзе працягваць сваю працу на Кастрычніцкай вуліцы. Ён лічыць, што «гораду і гэтай вуліцы не хапае зеляніны. Мае дрэвы, намаляваныя на сцяне, праз нейкі час пакрыюцца пышнай зялёнай кронай, і, калі прыжывуцца, там заспяваюць птушкі».

Пасол Бразіліі ў Беларусі Паула Антоніа Пярэйра ПІНТА адзначыў важнасць гэтага напрамку. Ён падкрэсліў: «Амазонскі лес займае палову тэрыторыі нашай краіны, таму тэма экалогіі фундаментальная для любога бразільскага праекта. І гэта адказнасць за нашу планету. Бразілія была першай краінай, якая ратыфікавала выніковы дакумент Парыжскага саміту ААН па клімаце». Аташэ па культуры Пасольства Бразіліі ў Беларусі Даніла Тэафіла КОСТА пагадзіўся са спадаром паслом і дадаў, што новы архітэктурны праект, які, у тым ліку, мае экалагічны складнік, «цалкам памяняе вуліцу Кастрычніцкую». Такая камбінацыя мастацтва і клопату аб прыродзе, аб'яднаная інавацыямі, дасць станоўчы вынік, упэўнены арганізатары.

Мастацтва яднае

Speto і Ramon Martіns, бразільскія мастакі, ужо пачалі працу над сваімі творамі. Яны расказалі, якой убачылі для сябе Беларусь.

— Я адчуваю сябе як дома, — гаворыць Speto, — таму што надвор'е такое ж, як у Бразіліі. Тут у людзей вялікае сэрца, і гэта дапамагае маляваць. Калі я працую, я думаю пра тое, як аб'яднаць дзве культуры і пакінуць гэта ў графічнай форме. Паглядзеў на часавыя паясы — яны геаметрычныя на карце. З гэтага пачаў сваю працу. Хачу паказаць, што ёсць агульнага ў нашых краін, з чым мы сустракаемся кожны дзень. Калі мы малюем, бачым, што на вуліцы ёсць рух. Людзі ходзяць, глядзяць, фатаграфуюць. Калі пасля працы я ўводжу хэштэг #vulіcabrasіl у інстаграме, я бачу, што людзі выкладваюць здымкі з нашымі творамі.

— Я першы раз у Беларусі і магу сказаць, што людзі неверагодна адкрытыя. Я гэтага не чакаў, — працягвае Ramon Martіns. — Для мяне жыццё кароткае, а мастацтва доўгае, і я спадзяюся, што тое мастацтва, якое я буду тут ствараць, зможа прынесці радасць многім пакаленням. Што менавіта я намалюю, яшчэ не ведаю. Галоўны мой клопат, што людзі будуць жыць з тым, што я зраблю. І для мастака вельмі важна падумаць: гэтая праца не толькі для мяне, а для ўсіх. Нягледзячы на тое, што я бразілец, не адчуваю сябе жыхаром аднаго кантынента. Таму я магу падумаць трошкі і як беларус. Я пачаў свой малюнак з жывёл, якія знікаюць у Беларусі. Падумаў пра зубра. Ён выдатны — я яго бачыў у заапарку. Я ствараю своеасаблівы калейдаскоп. Мой пункт адпраўлення — прырода.

Надзея АНІСОВІЧ

anіsovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Дрэвы на сцяне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».