Вы тут

Вада з лімонам пазбавіць ад падагры


«Падкажыце, калі ласка, што рабіць і чаго не рабіць пры абвастрэнні падагры?

Юрый Мікалаевіч, Гродзенская вобласць»


Тлумачыць участковы тэрапеўт 11-й гарадской паліклінікі г. Мінска Настасся ЖЫДЗІС:

— Боль у суставе, як правіла, пачынаецца ноччу і становіцца невыносным. Удзень можа быць нейкае паляпшэнне, але не варта думаць, што ўсё прайшло. Такія вострыя сімптомы могуць мучыць каля тыдня. Нават пры вытрымліванні рэкамендацый востры прыступ не пройдзе імгненна. Але гэта дазволіць скараціць час яго працягласці.

Галоўным чынам трэба вытрымліваць строгі пасцельны рэжым. Хворую канечнасць лепей трымаць на ўзвышэнні — падкласці пад яе падушку. Калі боль нясцерпны, можна прыкласці лёд, затым кампрэс з дымексідам. Прыём ежы варта істотна абмежаваць — можна ўжываць вадкія кашы і булёны з агародніны. Пры гэтым піць як мага больш шчолачных напояў, напрыклад адвар з аўса, кісель, малако, мінеральную ваду або проста ваду з дабаўленнем лімоннага соку. Лімонны сок растварае адкладанні мачавой кіслаты пры рэўматызме і падагры.

Часцей за ўсё падагра з'яўляецца ў тых месцах, дзе суставу была нанесена траўма. Таму беражыце такія месцы. Не насіце вузкі і нязручны абутак. У харчаванні аддавайце перавагу цэльным злакам, яйкам, агародніне, садавіне, нятлустым малочным прадуктам. Абмяжоўвайце мяса, рыбу, ікру, грыбы, бабовыя. Не ўжывайце наогул вэнджанага, марынадаў, анчоўсаў, квяцістай капусты, спаржы, шчаўя, шакаладу, алкаголю, асабліва піва. Наогул, курэнне і алкаголь перашкаджаюць вывядзенню мачавой кіслаты з арганізма, і яе крышталі актыўней адкладваюцца ў суставах. З вывядзеннем непатрэбных пурынаў выдатна спраўляюцца шчолачныя мінеральныя воды.

Каб звесці рызыку ўзнікнення новых прыступаў да мінімуму:

  • перыядычна фіксуйце сустаў у прыўзнятым становішчы і прыкладвайце лёд на 15—30 хвілін 2-3 разы ў дзень, пакуль боль не сцішыцца;
  • не злоўжывайце аспірынам, які выклікае скачкі ўзроўню мачавой кіслаты ў крыві;
  • штодня па паўгадзіны прысвячайце фізкультуры, раніцай рабіце зарадку;
  • не ўжывайце алкаголю, газіраваных напояў з бензанатам натрыю і парашковых сокаў з фруктозай;
  • ужывайце не больш за 120 г жывёльнага бялку ў дзень, пазбягайце субпрадуктаў і тлустых каўбас.

Таксама неабходна рэгулярна праходзіць медыцынскае абследаванне

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Вада з лімонам — ад падагры

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.