Вы тут

46 секундаў у сярэднім трацяць пацыенты на чыстку зубоў


Стан зубоў на 90 працэнтаў залежыць ад таго, колькі ўвагі мы ўдзяляем догляду за імі.


Даследаванні, прысвечаныя здароўю ротавай поласці, паказалі:

  • 46 секундаў у сярэднім трацяць пацыенты на чыстку зубоў (замест рэкамендаваных 2 хвілін);
  • 72 працэнты насельніцтва мае бачны зубны налёт;
  • 73 працэнта — адкладанні зубнога каменю.

— Догляд ротавай поласці неабходны для прафілактыкі карыесу, пазбаўлення непрыемнага паху і папярэджвання ранняй страты зубоў, — кажа ўрач стаматолаг-тэрапеўт 9-й стаматалагічнай паліклінікі г. Мінска Тамара КАНАШЭЎСКАЯ. — Калі гігіенічныя мерапрыемствы праводзяцца нерэгулярна або недастаткова эфектыўна, на зубах застаецца налёт, а ў прамежках паміж зубамі збіраюцца рэшткі ежы, якая гніе. Гэта і выгляд надае адпаведны, і дыханне робіць нясвежым.

Налёт, які існуе працягла, мінералізуецца і ператвараецца ў зубны камень. У выніку непрыемны пах не выдаляецца нават пасля чысткі зубоў, дзясны запаляюцца і нярэдка крывавяць. Часцей за ўсё камень утвараецца ў міжзубных прамежках і на мяжы дзясны. Гэта спрыяе развіццю карыесу, бо пад такімі адкладаннямі мяняецца зубная эмаль. Дый бактэрыі ахвотна размнажаюцца ў такім спажыўным асяроддзі. Падчас размнажэння бактэрый узнікае ачаг хранічнай інфекцыі. Гэта ўплывае на работу імуннай сістэмы і часам нават прыводзіць да інфекцыйна-запаленчых захворванняў у розных органах.

Вучоныя налічылі больш за 60 захворванняў, прычынай узнікнення якіх з'яўляюцца мікробы ротавай поласці: сардэчна-сасудзістыя, рэўматызм, захворванні органаў стрававання, хваробы нырак, скураныя, эндакрынныя, нават нервовыя расстройствы.

Так што гігіена зубоў — не проста знешняя прывабнасць.


І ніткі не забудзьце!

Цалкам ачысціць зубы з дапамогай шчоткі немагчыма. Для гэтага выкарыстоўваюць спецыяльныя ніткі — флосы, вырабленыя са штучнага валакна. Ніткі могуць быць круглымі, плоскімі, рознага сячэння і формы.

Дзецям не варта карыстацца флосамі самастойна.

Ніткі даўжынёй 35-40 см накручваюць вакол фалангаў пальцаў, фіксуюць у міжзубным прамежку і выдаляюць зубныя адкладанні (дастаткова 6-7 рухаў для кожнага зуба) зігзагападобнымі рухамі ўгору. Каб не траўмаваць мяккія тканкі, нітку пастаянна трэба прыціскаць да зуба. Адпрацаваны ўчастак ніткі накручваецца на палец.

Зубная сацінавая нітка з мятным смакам лёгка ўводзіцца ў прамежкі паміж зубамі і валодае добрай трываласцю з-за двайнога слою.

Зубная нітка, якая расцягваецца, вельмі зручная для карыстання, бо падчас расцягвання становіцца тонкай. Валодае мятным смакам, мае каляровую разметку, якая пазначае рабочую даўжыню ў 45 см, неабходную для зручнай і эфектыўнай чысткі.

Васкаваная нітка таксама спрыяе лепшаму слізганню па паверхні за кошт пакрыцця воскам. Ёсць яшчэ суперфлос — высокатэкстураванае нейлонавае валакно ў выглядзе сумесі нейлону і поліўрэтану.

Тэйп — зубная стужка, якая фактычна нічым не адрозніваецца ад флоса, акрамя таго, што яна ў тры разы шырэйшая.

Фласеты — флосатрымальнікі, робяцца з аналагічнай пластмасы, што і зубныя шчоткі. Флосы, якія там выкарыстоўваюцца, ідэнтычныя ўласна флосам.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Важкая прычына чысціць зубы

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.