Вы тут

Чаму беларускія прадпрыемствы недаацэньваюць айчынны лён?


Знайсці якаснае льняное беларускае адзенне ў Беларусі не так і лёгка. І гэта пры тым, што якасныя льняныя тканіны выпускаюцца.

Па словах начальніка ўпраўлення развіцця асартыменту Аршанскага льнокамбіната Ігара Ешчанкі, у Заходняй Еўропе і ЗША культура спажывання льну сёння на вышыні. Пра гэта сведчаць і высокія аб'ёмы экспартных паставак беларускіх ільняных тканін у адпаведныя напрамкі. Чаму ж нашы прадпрыемствы да гэтага часу недаацэньваюць нацыянальны здабытак? Пад пытаннем стаіць нават рэалізацыя нашумелага праекта беларускіх ільняных джынсаў. Падрабязней аб гэтым «Звяздзе» расказаў спецыяліст айчыннай ільногаліны Ігар Ешчанка.


— Актуальнасць здабычы лёну і вытворчасці з яго прадукцыі сёння расце. Ільняное валакно — адно з тых, што мае шэраг пераваг перад сінтэтыкай. Сёння вялікая колькасць ільняных тканін ідзе на экспарт, аднак вытворцы тканін ніколі не забываюць пра патрэбы беларусаў, якія ўсё ж досыць сціплыя. Гаворка ідзе не толькі пра тканіны, але і гатовыя вырабы. Таксама хачу адзначыць, што Расія не самы буйны спажывец лёну нашай краіны. Аршанскі льнокамбінат мае даўнія дзелавыя сувязі па пастаўках прадукцыі ў буйным аб'ёме з краінамі Заходняй Еўропы, ЗША, Бразіліяй, Турцыяй. Гэта асноўныя спажыўцы, якія купляюць тканіны для перапрацоўкі і ў першую чаргу добра ведаюць кан'юнктуру. Беларусь сёння з'яўляецца важкай часткай глабальнага льнянога рынку.

— Наколькі канкурэнтаздольныя беларускія льняныя тканіны?

— Гістарычна склалася, што ў нашай краіне расце лён, які пры перапрацоўцы на льнозаводзе дае больш кароткага валакна, чым доўгага, у адрозненне ад Францыі, дзе ўсё з дакладнасцю наадварот. Вытворчасць у нас у большай ступені арыентавана на перапрацоўку кароткага валакна. Аднак ва ўсім свеце прадукцыя з доўгага валакна нашмат больш запатрабаваная. Таму ў Беларусі выкарыстоўваюць найлепшыя сусветныя напрацоўкі, напрыклад метад катанізацыі (перапрацоўкі кароткага валакна на спецыялізаваным абсталяванні і атрыманне валакна і нітак новага пакалення).

Раней з кароткага льнянога валакна рабілася толькі мешкавіна. Сёння мы ў стане з такога валакна пашыць вырабы якасна новага ўзроўню. Такія вырабы ўжо паспелі зарэкамендаваць сябе на міжнародных выставах, і на іх ужо ёсць попыт.

— У льняной тканіне часта выкарыстоўваюцца спецыяльныя дамешкі. Якія з іх сёння найбольш запатрабаваныя?

— Беларуская вытворчасць арыентуецца на кан'юнктуру сусветнага рынку. Мы робім стаўку на 100% натуральныя тканіны. У тым ліку працуем над ільнянымі тканінамі з выкарыстаннем бавоўны. Ёсць група вырабаў з дабаўленнем поліэфіраў. Акрамя таго, згодна з апошнімі павевамі моды, выкарыстоўваюцца эластанавыя ніткі для атрымання камфортных тканін для адзення. Задаюць попыт, як заўсёды, спажывец і рынак. Тэндэнцыі моды, напрамкі развіцця тэкстылю таксама адсочваюцца.

— Дарэчы, а якія адрозненні ў пажаданнях замежных і айчынных спажыўцоў ільняных тканін?

— Спажыўцы купляюць у асноўным стапрацэнтна льняныя тканіны без прымешак. Гэта трэнд, які ўтрымлівае свае пазіцыі на рынку ўжо доўгі час. І Еўропа, і Амерыка выкарыстоўваюць менавіта натуральны лён. Аднак ёсць катэгорыя пакупнікоў, якія хочуць больш бюджэтныя варыянты, дзе прысутнічае бавоўна.

— Што неабходна беларускім вытворцам ільняных тканін, каб павысіць экспарт сваёй прадукцыі? Ёсць куды імкнуцца?

— Не перашкаджае знізіць сабекошт тканін. Асноўны наш канкурэнт — кітайскія вытворцы. Яны карыстаюцца вельмі моцнай падтрымкай дзяржавы. Не ўсе рычагі, якія выкарыстоўваюць яны, можам сабе дазволіць мы. Хацелася б, вядома, больш адкрытай канкурэнцыі на знешнім рынку. Мы спрабуем пераймаць сусветны вопыт у прасоўванні айчыннай прадукцыі: выкарыстанне тэхналогій электронных продажаў, сацыяльных сетак, рэкламнай падтрымкі. Аднак пакуль што не ўсё ў нас атрымліваецца.

Акрамя таго, перш чым прасунуць беларускі лён на знешнім рынку, неабходна паўдзельнічаць у шматлікіх выставах, што вельмі затратна для прадпрыемстваў. Напрыклад, турэцкія вытворцы падчас такога ўдзелу атрымліваюць кампенсацыю ад 50% да 100% сваіх выдаткаў ад дзяржавы. Мы такой падтрымкі пакуль не маем.

Акрамя таго, сёння шмат гаворыцца пра ўступленне Беларусі ў СГА. Спадзяёмся, што наша краіна паспяхова правядзе гэтыя перамовы. Ужо цяпер мы бачым, што нашы суседзі, уступіўшы туды, маюць пэўныя прэферэнцыі. Вельмі не хацелася б адставаць ад усяго свету. Таксама прадпрыемствы пастаянна сочаць за новымі тэхналогіямі і займаюцца ўдасканаленнем свайго абсталявання. Усё гэта дапамагае пашыраць асартыментную лінейку, асучасніваць тэхналогіі атрымання як традыцыйных, так і новых тканін. Мы павінны ўтрымаць сваё становішча на сусветным рынку і нават пашырыць яго.

— Чаму беларускія швейныя прадпрыемствы не так часта звяртаюцца па льняныя тканіны айчыннай вытворчасці?

— Асноўныя праблемы, хутчэй за ўсё, у непаразуменні. Уплывае яшчэ і тое, што многія прадпрыемствы працуюць па давальніцкіх схемах, і ў іх значна зменшаны свае службы маркетынгу і распрацоўкі. Такім кампаніям вельмі цяжка арыентавацца і калі ў іх у штаце застаецца, напрыклад, толькі адзін мадэльер-канструктар. Лён — вельмі няпросты матэрыял, і з ім трэба ўмець працаваць. Але варта адзначыць, што апошнія два гады лён становіцца вельмі папулярным ва ўсім свеце. Няма сусветных брэндаў, якія б не працавалі з лёнам. Беларускія прадпрыемствы, як бы гэта парадаксальна ні гучала для краіны, дзе нават на гербе намаляваны лён, працуюць з ім вельмі мала. Крыўдна, калі ідзеш на рынак ці ў краму і купляеш, напрыклад, турэцкія вырабы з беларускага льну. Айчынныя швейныя прадпрыемствы самі маглі б выходзіць на экспарт з ільняным прадуктам, але гэта адбываецца рэдка. Прычым перспектывы было б у гэтым сектары больш, чым, скажам, гандляваць на рынках ЗША і Заходняй Еўропы баваўнянымі вырабамі. А там вельмі добра ведаюць, што такое лён, і высока яго цэняць.

— Ці можна сказаць, што на рынку льнянога адзення сёння ёсць дэфіцыт?

— Хутчэй за ўсё так. Але я б не стаў вылучаць рынак ільнянога адзення асобна. Калі звярнуць увагу на сусветныя брэнды, а яны ўжо ў краіне даўно прысутнічаюць у вялікім аб'ёме, то лён займае ад 8% да 15% у іх асартыментных лінейках. Ён ёсць ва ўсіх. Аднак беларускія швейныя прадпрыемствы мала працуюць з ільном. Нам гэта незразумела яшчэ і таму, што цяпер лён становіцца сусветным трэндам. Пра гэта сведчыць і рост экспарту тканін нашага прадпрыемства. Мы назіраем за актыўнасцю кітайскіх кампаній, якія імкнуцца заняць новыя нішы на тэкстыльным рынку. Вельмі добра развіваецца і індыйскі рынак. Там раней ніколі не рос лён, а сёння ўжо нямала прадпрыемстваў, якія займаюцца вытворчасцю льняной тканіны, перапрацоўкай, вырабам адзення. Беларусам ні ў якім разе нельга страціць рынак.

У нашай краіны ёсць усё для таго, каб развіваць ільняную тэкстыльную і швейную галіны і з гэтым прадуктам выходзіць на экспарт.

Нам цяпер у першую чаргу трэба разуменне швейных прадпрыемстваў і жаданне гэтым займацца. Напрыклад, баваўняная джынсавая тканіна сёння на піку моды. Мы можам ужо сёння сваім пакупнікам прапанаваць гэты стыль, заснаваны на лёне, што ў перспектыве павінна стаць нашай канкурэнтнай перавагай. На рынку джынсаў сёння цяжка канкураваць. Там замацаваліся Турцыя і краіны Азіі. Але мы можам прапанаваць такі інавацыйны прадукт, як ільняныя джынсы. І гэта павінна стаць прарыўным праектам. Бо льняная тканіна сёння самая спрыяльная для цела чалавека. Беларусы павінны разумець, што гэта сапраўды золата, наша багацце, нацыянальны прадукт, які адпавядае патрэбам усяго свету.

— Мы бачым, што сёння льняная джынсавая тканіна гатовая. Але таксама няма прадпрыемстваў, якія гатовы былі б з ёй працаваць. Калі ж беларусы ўбачаць ільняныя джынсы на прылаўках нашых магазінаў?

— Варта адзначыць, што ў краіне практычна няма прадпрыемстваў, якія працуюць з бавоўнай для пашыву джынсаў. А каб працаваць якасна з ільнянымі джынсамі, трэба спачатку мець досвед працы з бавоўнай. Лён — адна з самых трывалых тканін. Нашы тканіны прайшлі не адну сотню тэстаў, і ўсе паказчыкі сведчаць аб тым, што яна ні ў чым не саступае баваўнянаму джынсу. Акрамя таго, ільняная тканіна вельмі камфортная. Яна мае большую паветрапранікальнасць. Хацелася б, вядома, каб беларускія швейныя прадпрыемствы ўжо сёння зацікавіліся нашымі распрацоўкамі. Мы падрыхтавалі пакеты прапаноў для беларускіх кампаній. Але да восеньскіх выстаў у Расіі, Заходняй Еўропе льнокамбінат таксама гатовы. Мы плануем, што ўзімку некаторыя кампаніі паспрабуюць стварыць шэраг пробных варыянтаў джынсаў, а вясной наступнага года яны паступяць у краму.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Kryzhevіch@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Кужаль як адкрыццё

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.