Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: «Складаны шлях праходзім годна»


Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву ТАСС для тэлефільма, прысвечанага 25-годдзю СНД, і тэлепраграме «Формула ўлады».


Падчас цёплай і адкрытай гутаркі вялікая ўвага была ўдзелена тэмам інтэграцыі на постсавецкай прасторы і далейшаму развіццю інтэграцыйных структур, а таксама беларуска-расійскіх адносін, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

«СНД з'яўляецца вялікай палітычнай і дыпламатычнай пляцоўкай, дзе абмяркоўваюцца глабальныя пытанні і потым даюцца арыенціры, у якім кірунку будзем рухацца. У нас з'явіўся і Еўразійскі эканамічны саюз. Гэта эканоміка, эканамічная інтэграцыя, мытныя праблемы. Без палітыкі і ваенных аспектаў. ЕАЭС — гэта эканоміка», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў функцыянаванне АДКБ. «Гэта ваенна-палітычны саюз. Так, гэта не НАТА, не натаўскі блок, ён не мае такой моцы і сілы. Але гэта іншая структура, дзе стаяць пэўныя задачы. Дапусцім, Беларусь і Расія на заходнім напрамку — адзіная армія, адзіная групоўка. Гэта пытанні АДКБ. І самая глыбокая інтэграцыя — гэта будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, — перакананы Прэзідэнт. — Тут і эканоміка, і палітыка, і сумесныя парасткі органаў улады. Гэта вельмі глыбокая форма інтэграцыі».

Што тычыцца беларуска-расійскіх адносін, то, на думку кіраўніка дзяржавы, Беларусь і Расія прайшлі велізарны шлях, каб не разысціся, не разарваць адносіны і застацца блізкімі сябрамі і ў эканоміцы, і ў палітыцы, і ў грамадскім жыцці. «Складаны шлях, але мы яго праходзім годна, хоць і з некаторымі шурпатасцямі, — перакананы Аляксандр Лукашэнка. — Мы вельмі шмат зрабілі ў плане адзінства, каб народы не былі пакрыўджаныя распадам Савецкага Саюза — больш, чым хто-небудзь з постсавецкіх рэспублік. Мы прынялі шмат рашэнняў, якія ўраўноўваюць беларусаў і расіян у правах. Адышлі ад той прорвы, якая магла быць паміж Беларуссю і Расіяй і якая вызначалася там, пад Смаленскам. Але было б няпраўдай, калі б мы гаварылі толькі пра гэты станоўчы бок. У нас маса праблем. Мы, напэўна, у чымсьці не разумелі Расію. Расія хапалася то за газавую, то за нафтавую трубу, то не прапускала нашы тавары. Мы недзе, напэўна, сябе не зусім правільна паводзілі, хоць імкнуліся «старэйшага брата» не крыўдзіць і не злаваць — гэта таксама праўда».

Кіраўніку дзяржавы, акрамя палітычных і эканамічных, былі зададзены і пытанні асабістага характару, у тым ліку — пра што ён марыць. «Вы ведаеце, я хацеў бы, каб людзі ніколі, зазіраючы ў кашалёк або сваю кішэню, не думалі пра тое, што ім на нешта не хапае, — адказаў Аляксандр Лукашэнка. — Заўсёды частцы народа чагосьці не хапае, гэта натуральна. А я б хацеў, каб людзі ў Беларусі ніколі аб гэтым не турбаваліся — вось яна, мая адзіная мара».

Разам з тым кіраўнік дзяржавы выказаў погляд, што людзі павінны і самі думаць пра сваю будучыню, і тады сваё жыццё можна забяспечыць. Кіраўнік дзяржавы прывёў канкрэтны прыклад: «Некалькі гадоў таму мною быў падпісаны ўказ і прынята рашэнне аб развіцці аграэкатурызму: каля трох тысяч прадпрымальных сем'яў стварылі ўласныя, лічыце, прадпрыемствы, пабудавалі вёскі, хаты, дзе адпачываць могуць ад дзесяці да пяцідзесяці, за сотню чалавек. І гэтыя прадпрымальныя людзі жывуць нядрэнна. Чаму любы беларус не можа, паставіўшы перад сабой мэту, забяспечыць сябе і сям'ю, зарабіць? Можа. І гэта мая мара, каб у нас у Беларусі, яшчэ раз падкрэслю, ніколі, зазіраючы ў кашалёк і кішэню, не перажывалі аб тым, што не хапае грошай. Я гэта зраблю».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».