Вы тут

Вера ў мужа


«...Калі ты мяне кахаеш, у мяне вырастаюць крылы.

Калі ты мяне кахаеш, аднекуль бяруцца сілы...»

Гэтыя радкі, акуратненька выведзеныя почыркам мужа, на днях знайшла на месцы закладкі ў кнізе, што чытаю.


Гадоў 16 таму, калі я яшчэ нават не думала пра замужжа, мы з татам паехалі ў Браслаў, каб пракалоць мне вушы пад завушніцы. Пасля вырашылі адзначыць спаўненне дзіцячай мары тортам. Зайшлі па яго ў краму. І ў выніку прастаялі ў чарзе хвілін 10. Увесь гэты час за нашымі спінамі высвятляла адносіны сямейная пара. Дакладней, мужчына маўчаў, а жанчына бесперастанку папікала яго: «Гэта ты ва ўсім вінаваты... Я ж табе казала, што трэба было...» Пасля таго як мы выйшлі з крамы, тата сказаў: «Глядзі, дачушка, не будзь такой, як тая жонка».

Памятаеце казку Ганса Хрысціяна Андэрсэна «Што мужанёк ні зробіць — усё добра»? Яна пра тое, як жонка адправіла свайго мужа на кірмаш, каб прадаць каня і купіць штосьці больш карыснае ў гаспадарцы.

Спачатку селянін памяняў каня на карову, затым карову — на авечку, авечку — на гуску, гуску — на курыцу, ну а курыцу — на мех з... гнілымі яблыкамі.

Перш чым вяртацца дадому, ён вырашыў зазірнуць у карчму, каб падсілкавацца. Слова за слова, разгаварыўся з мужыкамі: расказаў, як ён мяняў адно на другое, а ў выніку прыдбаў гнілыя яблыкі.

— Ды ты што! Твая жонка галаву з цябе здыме, — уступіў у размову багаты англічанін.

— Не, здыме, а абдыме! Яна мяне заўсёды хваліць, — усміхнуўся селянін.

— Калі жонка цябе пахваліць, то, слова даю, я табе замест гэтых яблыкаў цэлы мех золата насыплю.

Вярнуўся селянін дадому і пачаў расказваць жонцы, як ён памяняў каня на карову...

— Ах, які ж ты малайчына! Цяпер у нас сваё малачко будзе, і масла, і сыр, — абрадавалася жанчына.

— Ды ты ведаеш, я карову потым на авечку памяняў, — працягвае муж.

— Які ж ты разумнік! Заўсёды ведаеш, як лепей зрабіць! Авечку і даглядаць лягчэй, і карміць менш. А з воўны яе мы звяжам панчохі, а то і фуфайкі.

— Гэта праўда, але ж я авечку прамяняў на гуску.

— Няўжо ў нас і сапраўды будзе гусь да дня святога Марціна? Вось цудоўна прыдумаў!

— Ды я і гуску на курыцу абмяняў.

— Як добра, значыць цяпер у нас будуць яечкі і свае кураняты!

Тут муж паведаміў і пра гнілыя яблыкі.

— Не можа быць! Які ж ты малайчына! — сказала жонка радасна і моцна абняла мужа. — Калі ты паехаў, я надумала прыгатаваць табе смачны абед — яечню з цыбуляй. Яйкі ў мяне якраз ёсць, а цыбулі няма. Пайшла я тады да суседзяў: ведаю, цыбуля ў іх ёсць, але жонка ў суседа сквапная-прысквапная, хоць і прыкідваецца добрай. Вось я і папрасіла ў яе пазычыць цыбулінку. «Цыбулінку? — перапытвае яна. — Ды ў нас у садзе нічагуткі не расце. Я вам і гнілога яблыка даць не магу». А вось зараз магу даць ёй цэлы дзясятак гнілых яблыкаў. Ды што дзясятак! Хоць увесь мяшок.

— Вось цуд дык цуд! — усклікнуў англічанін, які ў гэта час хаваўся за дзвярыма. — Як ёй ні цяжка даводзіцца, яна заўсёды ўсім задаволена. Для такой ніякіх грошай не шкада.

Напрыканцы XІX стагоддзя ў электрычную кампанію ў Дэтройце ўладкаваўся малады механік. Працаваў ён па 10 гадзін на суткі ўсяго за 11 долараў у тыдзень. А прыходзячы дадому, да паўночы шчыраваў у сябе ў адрыне, спрабуючы вынайсці новы тып рухавіка. Яго бацька, фермер, лічыў, што сын марнуе час, суседзі называлі мужчыну дзіваком — ніхто не верыў, што з гэтых заняткаў выйдзе што-небудзь вартае. Ніхто, акрамя яго жонкі...

Зімой, калі рана цямнела, яна дапамагала каханаму працаваць, па некалькі гадзін трымаючы над яго галавой газніцу. Сінелі рукі, зубы стукалі ад холаду, але жанчына, нягледзячы ні на што, працягвала верыць у мужа!

Праз тры гады з адрыны пачуўся шум. Суседзі ўбачылі, як па дарозе ў калясцы, якая кацілася сама па сабе, без каня, ехалі дзівак і яго жонка. Дзівака звалі Генры Форд...

Калі журналісты пацікавіліся ў вынаходніка, які верыў у рэінкарнацыю, кім бы ён хацеў быць у іншым жыцці, пачулі ў адказ: «Кім заўгодна... Абы побач са мной была мая жонка».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nadzіeja@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.