Вы тут

Віктар Варанец: медыцына можа паспрыяць цікавасці да беларускай мовы


Напярэдадні Дня беларускага пісьменства мы сустрэліся з намеснікам дэкана медыка-псіхалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, з чытачом і аўтарам «Звязды» Віктарам ВАРАНЦОМ і распачалі гутарку з віншаванняў літаратурнаму клубу «Катарсіс», якім ён кіруе, з нагоды перамогі ў рэспубліканскім конкурсе літаратурнай творчасці студэнтаў устаноў адукацыі.


Хобі медыкаў — літаратура.

— Наш клуб створаны ў 1999 годзе. Студэнты пішуць вершы, апавяданні, п'есы. Ніхто не ставіць задачу стаць прафесійным пісьменнікам, але, як той казаў, у кожнага медыка павінна быць хобі. І вось у нашых студэнтаў гэтае хобі літаратурнае. Выпусцілі ўжо тры калектыўныя зборнікі, у кожным з якіх каля 40 аўтараў. А 4 гады таму вырашылі прыняць удзел у фестывалі студэнцкай моладзі «Арт-вакацыі», у рамках якога праводзіцца конкурс літаратурнай творчасці «Аўтограф». Калі мы ўпершыню ў ім удзельнічалі, то атрымалі дыпломы першай ступені ў намінацыях «Проза», «Паэзія» і трэцяе месца ў намінацыі «Відэафільмы». А сёлета — ужо 5 дыпломаў першай, другой і трэцяй ступеняў і ў цэлым клуб узнагародзілі дыпломам
1-й ступені за літаратурныя дасягненні. Не пабаюся сказаць, на сёння нашы паэты і празаікі ў Беларусі ў ліку наймацнейшых сярод студэнтаў у літаратурным напрамку.

Клуб праводзіць адкрытыя літаратурныя конкурсы. Спачатку іх ладзілі ўнутры ўніверсітэта, потым — у рамках горада, а сёлета ён атрымаўся агульнарэспубліканскім. Удзельнічалі не толькі студэнты нашай ВНУ, але і навучэнцы ліцэяў, каледжаў, людзі, якія ўжо працуюць. Канкурсантаў было больш за 40 чалавек, прычым не толькі з Гродна, але і з Мінска, Брэста, Магілёва, Ваўкавыска, Бярозы...

У нас, здавалася б, ёсць літаратурныя саюзы, але, па вялікім рахунку, з аматарамі ніхто не працуе. А ім жа хочацца ўдасканальвацца, сустракацца, атрымліваць нейкія парады. Таму ўсе ўдзельнікі конкурсу прасілі арганізаваць віртуальны клуб у рамках Беларусі, каб можна было хаця б праз інтэрнет адно з адным размаўляць, раіцца, вучыцца.

— Сталыя чытачы «Звязды» ведаюць вас як аўтара газеты і пераможцу нашага конкурсу апавяданняў. Што сёння ў творчым багажы?

— Я ніколі не ставіў за мэту стаць прафесійным літаратарам: для мяне гэта, як і для студэнтаў з клуба «Катарсіс», таксама хобі. Калісьці больш звяртаў увагу на паэзію, выпусціў зборнік «Рамеснік», спрабаваў пісаць і гумарыстычныя апавяданні, і гістарычнага кірунку. Нядаўна закончыў пісаць дэтэктыў. Адзінае, што ўсё гэта аб'ядноўвае, — тэма Гродна. Наш горад багаты на гісторыю, розныя таямніцы, легенды, паданні. І мне цікава дакранацца да гэтай тэмы ў розных літаратурных жанрах. Цяпер спрабую напісаць п'есу пра аднаго з гарадзенскіх князёў. Бог ведае, што атрымаецца...

Пачалося з Караткевіча.

— Вы ўжо шмат гадоў працуеце ў беларускамоўнай лінгвістыцы. Як зацікавіліся?

— Нарадзіўся я ў Гродне і памятаю, што ў 1970-х гадах шмат хто крышку з пагардай ставіўся да беларускай мовы. Маўляў, вясковая мова... Але неяк яшчэ школьнікам пабываў у турыстычнай паездцы ў Літве і ўпершыню задумаўся: чаму літоўцы гавораць на літоўскай мове, рускія — на рускай, а беларусы на беларускай не размаўляюць? Гэтая думка неадчэпна была са мной. А апошняй кропляй, якая схіліла на беларускую мову, стала тое, што ў 9 класе я натрапіў на аповесць Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха». Прачытаўшы, зразумеў, што беларускую мову трэба ведаць дасканала, бо такія творы можна чытаць толькі на мове арыгінала. І гэта вырашыла мой далейшы лёс, пасля чаго, не раздумваючы, паступіў на філалагічны факультэт ГрДУ імя Янкі Купалы. Пасля заканчэння ВНУ працаваў настаўнікам у вясковай школе, у гарадской гімназіі і ўжо больш за 20 гадоў — у медыцынскім універсітэце.

— Гродзенскі медуніверсітэт быў першапраходцам у выкладанні беларускай мовы ў няпрофільных ВНУ...

— На той час, у 1992 годзе, беларуская мова ў няпрофільных ВНУ не выкладалася, нават у Мінску. У нашым універсітэце гэтым заняліся дзякуючы першаму прарэктару Уладзіміру Сямёнавічу Васільеву. Ён лічыў, што беларускую мову павінны ведаць усе. А на той час было шмат дзяцей вайскоўцаў, чыноўнікаў, якія ў школе былі вызвалены ад беларускай мовы. І вось, ужо студэнтамі, яны ўзяліся яе вывучаць. А паралельна распачалася праца ў галіне медыцынскай лексікі. У 1995 годзе мы ўжо ўвялі асобны прадмет «Беларуская мова. Прафесійная лексіка».

Заўсёды цікава рабіць нешта ўпершыню. Пісаць новыя падручнікі, праграмы — яно хоць і складана, але цікава, зацягвае. І ты атрымліваеш асалоду ад таго, што робіш і бачыш вынікі.

— Але, мяркуючы па вашых артыкулах наконт выкладання беларускай мовы ў няпрофільных ВНУ, на гэтым шляху хапала і праблем...

— Быў перыяд, калі пачалі скарачаць блок сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, да якіх тады адносілася беларуская мова. І сапраўды стаяла пытанне зняць гэты прадмет з няпрофільных універсітэтаў. Памятаю, напісаў тады артыкул у «Звязду». Дзякуй газеце, яго надрукавалі і гэта быў першы штуршок — праблему падтрымалі Таварыства беларускай мовы, грамадскасць, ды і самі студэнты пісалі лісты наконт неабходнасці выкладання беларускай мовы. Агульнымі намаганнямі ўдалося пераканаць Міністэрства адукацыі, што гэты прадмет патрэбен. І як вынік — прадмет «Беларуская мова. Прафесійная лексіка» трывала замацаваўся ва ўніверсітэцкіх аўдыторыях. Скажам, у нашым універсітэце ён уваходзіць у блок абавязковых дысцыплін, і, думаю, так будзе і далей.

— Гэтыя пазіцыі ўмацоўваюцца?

— Зараз праблема «трэба ці не трэба» ўвогуле не стаіць. Пытанне: што рабіць у рамках гэтага прадмета? Як яго ўдасканаліць? У прыватнасці, неабходна ўнармаваць прафесійную тэрміналогію. Сёння ў медыцынскіх універсітэтах вучацца і па слоўніку, які працэнтаў на 70 складзены з новатвораў, і па слоўніку, дзе працэнтаў 90 — калькі з рускай мовы, а хтосьці і па слоўніку Варанца, дзе спрадвечная беларуская лексіка займае 50 працэнтаў. Такога разнабою быць не павінна. На мой погляд, па ініцыятыве Міністэрства адукацыі неабходна стварыць адпаведную заканадаўчую базу па ўнармаванні прафесійнай лексікі, каб яна ўсюды аднолькава выкладалася і выкарыстоўвалася.

«Для мяне адкрыўся вялізны лексічны пласт».

— Чаму доктару важна ведаць беларускую мову?

— Медыцына, як ніводная іншая галіна жыцця нашых грамадзян, можа паспрыяць зацікаўленасці беларускай мовай. Практычна ўсе мы звяртаемся да лекараў. І калі доктар ведае беларускую мову, то гэта крышку падштурхоўвае і пацыента размаўляць па-беларуску, а не ламаць, як бывае, асабліва з вясковымі людзьмі, мову, якая ім блізкая. Тады, дарэчы, атрымліваецца больш давяральны дыялог паміж урачом і пацыентам. І ў нас ёсць медыкі, якія свабодна размаўляюць па-беларуску.

— Працуючы над тэмай беларускамоўнай медыцынскай тэрміналогіі, што было для вас самым нечаканым?

— Для мяне ўвогуле ўсё было адкрыццём. Я лічыў, што беларуская мова ў медыцыне абмяжоўваецца колам у 40—50 слоў. А калі пачаў займацца глыбей, падымаць увесь лексічны пласт, убачыў, што такіх слоў больш за 2 тысячы. Гэта быў сапраўдны шок. Галоўнае, нейкае прыемнае здзіўленне і адчуванне гонару за нашу мову. Таму што калі мова падмацавана яшчэ адпаведнай прафесійнай лексікай, то гэта гаворыць пра яе трываласць, гістарычную моц. Наяўнасць вялізнага пласта медыцынскай тэрміналогіі на беларускай мове прымусіла мяне скрупулёзна заняцца гэтым пытаннем. І я заўсёды знаёмым кажу: «Людцы, гэта ж не толькі ў медыцыне. Капяніце лексіку па любой іншай спецыяльнасці і ўбачыце, што беларусы — людзі з вялікай гістарычнай спадчынай. Стапрацэнтна ёсць тэрміны і па іншых галінах».

Калі людзям, тым жа студэнтам, якія скептычна ставяцца да нацыянальнай мовы, пачынаеш паказваць, што ў нас ёсць ад чаго адштурхоўвацца, чым ганарыцца, то скептыцызм адразу знікае. Пачынаюць цікавіцца: «Няўжо? А можна прывесці нейкія прыклады?» Чаму нельга? Будзеце не толькі ведаць асобныя прыклады, але і грунтоўна гэтую тэму вывучаць.

Брэндавы знак.

— У апошнія гады заўважаю такі зрух, асабліва на старшых курсах, калі беларуская мова становіцца як брэндавы знак. Для часткі маладых людзей размаўляць на ёй прэстыжна (кажучы маладзёжным слэнгам, крута). Шмат пра што сведчаць і вынікі анкетавання, якое мы рэгулярна праводзім сярод студэнтаў. Тое, што 100% станоўча ставяцца да беларускай мовы — гэта адназначна. Але тое, што каля паловы хочуць размаўляць па-беларуску — пра гэта гадоў 10 назад можна было толькі марыць.

Разам з тым пакуль не ўдалося стварыць беларускамоўную групу, больш за чатырох ахвотнікаў на адным факультэце сабраць не можам. Агітуем абітурыентаў, выкладчыкі прайшлі падрыхтоўку, каб выкладаць спецыяльныя дысцыпліны на беларускай мове. Аднак студэнты асцерагаюцца: «А што будзе «на выхадзе»? Хто са мной у бальніцы будзе размаўляць па-беларуску?»

Але некалькі гадоў назад была і такая ініцыятыва з боку студэнтаў, калі яны стварылі гурток, каб удасканаліць сваю беларускую мову, і мы з імі на 5-6 курсах факультатыўна займаліся. Яны практычна гатовыя штодзённа гаварыць па-беларуску.

Дарэчы, беларускай мовай вельмі цікавяцца і замежныя студэнты. У арабаў ёсць нават нейкая фанетычная блізкасць да нашай мовы. Яны даволі хутка ёй авалодваюць, і калі ўдзельнічаюць ва ўніверсітэцкіх конкурсах мастацкай самадзейнасці, то абавязкова рыхтуюць нейкі нумар на беларускай мове. Па-беларуску спяваюць, ставяць сцэнкі. Нават былі выпадкі, калі замежныя студэнты прасілі мяне крышку пазаймацца з імі беларускай мовай.

— А ці паўплывалі бацькавы работы ў беларускамоўным кірунку на маладога ўрача Арцёма Варанца?

— Безумоўна. Беларуская мова з дзяцінства вакол яго лунала, і таму ён заўсёды падтрымліваў беларускамоўную плынь. І цэнтралізаванае тэсціраванне здаваў па-беларуску, і перад студэнтамі на многіх канферэнцыях на беларускай мове выступаў. Цяпер паехаў па размеркаванні ў Бераставіцу, адпрацаваў тры тыдні і кажа: «Знайшоў тут беларускую мову». Калі пацыент пачынае гаварыць па-беларуску, то і ён арганічна пераходзіць на родную мову. Тады яму, псіхіятру-нарколагу, лягчэй наладзіць зносіны з пацыентам. Думаю, беларускую мову Арцём ужо не страціць.

— Як у медыцынскім асяроддзі ўспрынялі з'яўленне руска-беларускага тлумачальнага слоўніка медыцынскіх тэрмінаў?

— Спачатку гэта было здзіўленне. Аказваецца, ёсць у прыродзе беларускія медыцынскія тэрміны, і іх багата! Але яшчэ больш здзівіліся, калі даведаліся, што сёння часам імі карыстаюцца. Напрыклад, падышоў да мяне дэкан педыятрычнага факультэта Андрэй Леанідавіч Гурын і кажа: «У цябе напісана, што і па-руску, і па-беларуску «аборт». А вось у бальніцы заўсёды казалі «спарон». Сапраўды, ёсць такі беларускі тэрмін. Але я спачатку палічыў яго ўстарэлым, даўно забытым. А потым, калі пагаварыў і з іншымі людзьмі, высветлілася, што сёння значная колькасць акушэраў-гінеколагаў, нават рускамоўных, паміж сабой выкарыстоўваюць гэтае слова «спарон». Адпаведна ўвёў яго ў слоўнік. І такіх слоў дастаткова. Разумееце, калі гэта наватвор, то людзі ставяцца да яго крышачку насцярожана: мала хто што выдумае... Але ў Беларусі вялікі тэрміналагічны пласт, які быў спрадвеку.

Дарэчы, неўзабаве ў нашым універсітэцкім выдавецтве павінен выйсці «Дыялектны слоўнік медыцынскіх тэрмінаў». Ён, улічваючы частотнасць ужывання тых ці іншых слоў у рэгіёнах Беларусі, дапаможа даказаць, што тэрміны выкарыстоўваліся не нейкім тэрытарыяльна абмежаваным колам, а значнай колькасцю людзей.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchіk@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Беларуская мова вартая таго, каб яе дасканала ведаць!»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.