Вы тут

Як рэагаваць на дзіцячую рэўнасць


Дзіцячая рэўнасць — з'ява непажаданая, але непазбежная. Аднак бацькі могуць зрабіць даволі шмат для таго, каб гэтыя непрыемныя пачуцці прайшлі для брацікаў і сястрычак максімальна хутка і без наступстваў. Што канкрэтна — пра гэта пагаварылі з псіхолагам Аленай АРАНІНАЙ.


— Часта рэўнасць узнікае тады, калі ў сям'і чакаецца папаўненне. Менавіта ў гэты перыяд дзіця адчувае недахоп эмацыйнай блізкасці з найдаражэйшым для яго чалавекам — мамай. Уявіце сітуацыю: маці прысвячала вам увесь свой час, а тут з'яўляецца нехта і забірае ад вас яе ўвагу і клопат. Гэта не можа выклікаць станоўчых пачуццяў.

Рэўнасць выяўляецца рознымі спосабамі. Напрыклад, у выглядзе гневу, агрэсіі. Дзіця можа біць маленькага браціка ці сястрычку, крычаць, ламаць рэчы. А бывае, што раўнівыя паводзіны накіроўваюцца супраць самога сябе. Каб мама звярнула на яго ўвагу, дзіця можа пачаць часта хварэць, горш вучыцца. Ці наадварот, рэзка палепшыць сваю вучобу.

— Ці ёсць універсальныя правілы, якія дазваляюць згладзіць дзіцячую рэўнасць?

— Дзецям абавязкова трэба бавіць час разам. Напрыклад, калі ў сям'і нараджаецца немаўля, рызыкоўна ў гэты момант аддаваць старэйшага ў садок. З пункту гледжання дзіцяці, мама аддае яго чужым людзям, а ўвесь свой час — малому. Гэта здольна выклікаць у старэйшага цяжкія, агрэсіўныя праявы рэўнасці. Можна пашукаць кампрамісныя варыянты: напрыклад, наведваць садок два-тры разы на тыдзень.

Вельмі часта ў сем'ях адсутнічае сумеснае баўленне часу. Паглядзіце, нават на дзіцячай пляцоўцы — адзін на арэлях гушкаецца, а другі ў пясочніцы гуляе. Трэба імкнуцца арганізоўваць сумесныя гульні, выхады ўсёй сям'ёй куды-небудзь. Скажам, мама можа са старэйшым кніжку чытаць, а на руках у яе ў гэты час сядзіць малодшае дзіця. Тата можа браць на шпацыр альбо ў краму ўсіх дзяцей, а не пакідаць кагосьці дома.

У той жа час удзяляйце індывідуальную ўвагу кожнаму дзіцяці. Прычым гэта выглядае не так, што мама робіць са старэйшым урокі, і гэта лічыцца, што яна бавіць з ім час. Прыдумайце штосьці, прыдатнае для старэйшага, каб ён адчуваў, што мама ўсё яшчэ ў яго распараджэнні.

— Бывае, што старэйшае дзіця пачынае паводзіць сябе, як малое...

— Вельмі важна паказваць дзіцяці, што вы разумееце яго пачуцці. Дапушчальна чатырохгадовага ўзяць на ручкі, пагушкаць яго. Маці не варта баяцца, калі старэйшае дзіця раптам просіць дапамагчы яму надзець штонікі, калготкі. У прынцыпе тут лепш падыграць, а не высмеяць. Калі вы пакажаце яму сваё разуменне, дзіця не будзе гэтым злоўжываць. У гэты момант яму сапраўды хочацца, каб яго абнялі, дапамаглі, апранулі, распранулі, гэта ўсё нармальна.

Важна казаць дзіцяці, што вы яго любіце. Часта нам здаецца, што гэта і так зразумела. Я цябе нарадзіла, я пра цябе клапачуся, зразумела, што я цябе люблю. Але прагаварыце гэтыя словы ўголас, для дзяцей гэта важна. Я цябе люблю, я цябе цаню, я рада, што ты ёсць, — гэта тое, што дапаможа вашаму дзіцяці адчуць, што так, змены адбыліся ў яго жыцці, але любоў да яго засталася нязменнай.

Абавязкова прыцягвайце старэйшае дзіця да догляду малечы. Гэта сумна, калі мама кажа: не чапай малога, ты яго ўпусціш, ты яго разбудзіш. У дзіцяці шчырая цікавасць да новага чалавечка, не трэба яе абмяжоўваць. Лепш практыкаваць сумесны клопат за малечай: давай разам прыдумаем гульню яму, пальчыкі будзем размінаць, масаж зробім, я на адной ручцы, а ты на другой, пайшлі разам выберам цацку малому і табе.

— Дарэчы, пра цацкі: менавіта яны найчасцей становяцца прычынай канфліктаў.

— У старэйшага дзіцяці павінна быць свая асабістая прастора. Свае рэчы (калі дазваляюць умовы, то свой пакой), якія могуць выкарыстоўвацца толькі з яго згоды. Уявіце сабе, што нехта забраў у вас мабільны тэлефон на дзень! Вось і ў галаве дзіцяці не ўкладваецца, чаму ён павінен аддаваць свае цацкі? Тут, наколькі магчыма, трэба пазбягаць канфліктных сітуацый. Можна прапанаваць нейкую агульную гульню з цацкай разладу. Прычым дзецям трэба дапамагаць прыдумляць сумесныя гульні, а не проста сказаць: прыдумайце агульную гульню, а я пайшла. Яны могуць прыдумаць, а могуць і не прыдумаць. Больш эфектыўна будзе, калі мама падкажа дзецям, як разам можна пагуляць.

— Калі ўсё ж такі праявы дзіцячай рэўнасці палохаюць бацькоў, што рабіць?

— Калі ваша дзіця шчыкае малога, засоўвае нешта яму ў рот, то спакойна адвядзіце яго ўбок і патлумачце, што такія рэчы недапушчальныя. Важны момант: не кажыце, што такое недапушчальна менавіта ў дачыненні да маленькага. Падкрэсліце, што так нельга рабіць наогул з любым чалавекам.

Можна прагаварыць пачуцці дзіцяці, спытаць яго, што адчуваеш. Дзеці з трох-чатырох гадоў ужо могуць растлумачыць, што яны злуюцца, радуюцца, сумуюць. Калі малыя агучваюць свае пачуцці, ім становіцца лягчэй.

Потым можна сказаць: я разумею, што ты злуешся, я цябе вельмі люблю, але давай ты больш не будзеш так рабіць. І тут уводзім тыя прыёмы, пра якія я казала раней. Сумесны клопат пра малечу, ідзіце гуляць разам з дзецьмі, а ўвечары ці калі малое заснула, кажыце старэйшаму: а цяпер я цалкам у тваім распараджэнні, таму што я цябе таксама вельмі люблю. І ідзіце з ім гарбатку піць ці пірог спячыце, кніжку пачытайце, галоўнае, што толькі з ім.

— А ў выпадку, калі дзіця прыцягвае да сябе ўвагу праз добрую вучобу і дасягненні?

— Бацькі тады звычайна кажуць: уф, добра, што са старэйшым пашанцавала. І аддаюць яшчэ больш увагі малодшаму. Атрымліваецца, што дзіця як ні старалася, а эфекту не дамаглося. Гэта таксама разбуральна для псіхікі.

Парады будуць тыя ж самыя, што і вышэй. Кажам, што любім, плюс сумесная дзейнасць, плюс час на само дзіця, плюс прагаворваем словы пра пачуцці. Я ганаруся табой, я вельмі рада за цябе, я абавязкова прыйду на тваё выступленне, на бацькоўскі сход, ну і прыйсці на гэты сход, вядома.

— Якія памылкі звычайна дапускаюць бацькі, калі бачаць праявы рэўнасці ў сваіх дзяцей?

— Вельмі вялікая памылка, калі бацькі караюць дзіця няўвагай. Раз ты так яго крыўдзіш, сядзі дома, а я пайду з малодшым гуляць у пясочніцы. Гэта самае страшнае пакаранне. Таму што дзіця раўнуе за няўвагу мамы да яго, а атрымліваецца, яго яшчэ больш караюць. Гэта павышае агрэсію, спрыяе назапашванню дзіцячай рэўнасці. Пакаранне можа быць розным — і пазбаўленне салодкага, і забарона на прагляд мульцікаў — але толькі не пакаранне няўвагай.

Бывае, што бацькі абмяжоўваюць узаемадзеянне дзяцей. Калі старэйшы раней адзін раз ушчыкнуў малога і зноў падыходзіць да ложка, то яму адразу крычаць, каб нават не набліжаўся. Не варта цалкам абмяжоўваць кантакты. Вядома, лепш прыглядаць за дзіцем, быць побач, але не крычаць, не забараняць. Можа, ён з чым добрым да яго прыйшоў, мірыцца напрыклад.

Калі вельмі сур'ёзныя памылкі былі зробленыя, то дзеці ў дарослым узросце могуць проста не мець зносін. Яны ўжо не б'юцца, не крыўдзяць адно аднаго, а проста не размаўляюць. Іх адносіны, па сутнасці, разбурыла непрапрацаваная дзіцячая рэўнасць.

Алена ХУРС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».