Вы тут

У сталічнай сям'і жывуць шэсць хатніх жывёл


Часам лаўлю сябе на думцы, што прыходжу ў магазін не столькі па рэчы, колькі па атмасферу. Нядаўна, напрыклад, у маім доме адкрылася новая заакрама, дзе заўжды ветлівыя і чулыя кансультанты даюць парады, ад якіх майму гадаванцу становіцца жыць крыху лепш. І аднойчы, абмяркоўваючы з прадаўцом, чаму кошка не есць карысны і далёка не танны корм, пачула: «Мае сабакі яго ядуць...» І на пытанне, колькі іх, атрымала яшчэ больш нечаканы адказ: «Два сабакі, а яшчэ кошка, трусік і два пацукі». Для Валерыі Шыёнак і яе мужа Дзмітрыя ўсе яны — сапраўдная сям'я. Калі ж мы адправіліся на шпацыр з сабакамі, то толькі і было чуваць: «Чаму не слухаешся тату? Не чапай маму!» А для Валерыі любоў да жывёл увогуле стала з цягам часу прафесіяй...


В.: — Усё пачалося з хамякоў і галчаняці з падбітымі крыламі. У таты-рыбака пастаянна вугры плавалі ў ванне. Пасля, калі я вучылася ў першым класе, ён набыў сабаку са словамі: «Даглядаць яго не буду, самі займайцеся». А пасля гуляў з ім сам — і карміў, і даглядаў. У пятым класе я падабрала ката і прынесла яго дадому, дзе ён і застаўся. У дзявятым — з'явіўся пацук. Так і пайшло.

— І гэтая любоў перайшла ў прафесію?

В.: — Не зусім так. Бацькі хацелі, каб я паступала ў медыцынскі ўніверсітэт. Я — у ветэрынарную акадэмію. Але схадзіла на анатаміраванне няшчаснага сабакі на Дні адчыненых дзвярэй і зразумела, што ветэрынара з мяне не атрымаецца. У выніку стала біёлагам-аналітыкам, хоць па прафесіі так і не працавала. Але колькі сябе памятаю, любіла жывёл. І вось ужо тры гады я ў зоатаварах. Тут не патрэбна спецыяльная адукацыя: дастаткова стажыроўкі. Плюс час ад часу наведваем семінары. Але да нас пастаянна прыходзяць людзі, дзеляцца, раяцца, і мы імкнёмся даведацца больш, каб дапамагчы.

— А як з'явілася сённяшняе «сямейства»?

В.: — Пацукі былі заўжды, а калі мы сталі жыць разам з Дзімам, то вырашылі завесці сабаку. Вельмі хацелі лабрадора, але яны шмат каштуюць, таму праз інтэрнэт адшукалі меціса гэтай пароды бясплатна. Атрымалася што атрымалася (смяецца і чухае сабаку за вухам). Ката падабрала, калі працавала ў іншай заакраме. Ён моцна чхаў тады. Адвезлі ў мінскую ветлячэбніцу на Мініна, дзе яго прапанавалі ўсыпіць. Тады ўкалолі яму антыбіётык, праз некалькі дзён кот апрытомнеў, і я папрасіла ў Дзімы, каб ён пажыў у нас трошкі...

Д.: — Гэта гучала як «Ён толькі пераначуе». І кот жыве з намі ўжо трэці год. Таксама ёсць трус. А пацукоў за гэты час было ўжо больш за дзесяць.

В.: — На жаль, яны доўга не жывуць.

Д.: — Я хачу тхара, а Лера — афрыканскага карлікавага вожыка.

Ка­лі Ва­ле­рыя па­ча­ла вы­но­сіць сва­іх га­да­ван­цаў на ву­лі­цу, усе дзяў­чын­кі ў два­ры збег­лі­ся да яе. Але ў кадр тра­пі­ла толь­кі Ма­рый­ка, бо ака­за­ла­ся адзі­най, хто не пай­шоў ра­біць пры­го­жую пры­чос­ку і апра­наць леп­шую су­кен­ку для фо­та­се­сіі.

— Вы, напэўна ж, і сышліся на любові да жывёл?

В.: — Насамрэч мне вельмі пашчасціла з мужам. Бо ўсе жывёлы — гэта мая ініцыятыва. Гэта я прыводжу, цягну іх дадому. А муж цярпліва прымае ўсіх і дапамагае даглядаць.

— Часта людзей спыняюць розныя прычыны, каб не заводзіць жывёл: няма часу, вялікая адказнасць, мала месца...

Д.: — Месца ў нас сапраўды няшмат.

В.: — Калі пра ўсё гэта думаць, то не завядзеш нават хамяка. А калі любіш жывёл і лёс давярае табе клопат пра таго самага пацука (як прайсці міма?), то знаходзяцца і час, і месца, і сілы.

— Ва ўсіх жывёл, мяркую, розныя характары. І ці ёсць яны ўвогуле?

В.: — З усіх самы жвавы ў нас — трус Пячэнька. Ён можа любога паганяць, і ката перамагае, калі паб'юцца. Старэйшага сабаку мы называем «пацуковы пастух», бо ён абажае менавіта пацучкоў. А ўвогуле яны ў нас свабодныя. Дазваляем ім шмат, хаця, можа, і не варта. Сабакі і кошка спяць разам з намі на канапе ноччу, таму калі куплялі ложак, то шукалі самы вялікі.

Д.: — Усе жывуць мірна, бо ведаюць, што дзецца няма куды. І досыць хутка прызвычайваюцца адно да аднаго. Але сабакі, напрыклад, вельмі раўнуюць. Калі пачынаю гладзіць малодшага, то адразу прыходзіць лашчыцца старэйшы.

В.: — А яшчэ ў нас ёсць каманда «Будзі тату»! — калі сабакі заскокваюць на ложак і аблізваюць Дзіму з ног да галавы.

— Увогуле, вы выхоўваеце іх, як дзяцей?

Д.: — Так, не без гэтага. І ставімся мы да іх па-рознаму. Калі сабака нашкодзіць, то я магу і крыкнуць, і лёгкі пляскач даць. А Лера ў той жа час нават «фу» не скажа, а пачне тлумачыць, што «рулетку нельга грызці, бо яна дарагая». Гэта добрая нагода для канфлікту, але мы не паддаёмся. Дарэчы, часта людзі, калі з'яўляецца дзіця ў сям'і, у якой ужо ёсць жывёла, выкідаюць чатырохногіх на вуліцу. Навошта? Калі можна праз сацыяльныя сеткі размясціць аб'яву і аддаць у добрыя рукі.

Па­цу­кі бы­лі ра­ды маг­чы­мас­ці па­быць на све­жым па­вет­ры і ста­ран­на па­зі­ра­ва­лі. Ча­го нель­га ска­заць пра ка­та, які ўпар­та ад­маў­ляў­ся ад здым­каў.

— Але гэтых аб'яў зараз зашмат.

В.: — І ўсё ж такі яны працуюць. Мы калісьці адшукалі каробку з васьмю кацянятамі. І раздалі ўсіх! І праз інтэрнэт некалькі, і ў Ждановічах стаялі з надпісам «Аддадзім у добрыя рукі». Увогуле стаўленне да жывёл шмат што гаворыць пра чалавека.

— Па вашых назіраннях, як звычайна да жывёл ставяцца беларусы?

В.: — У большасці добра. Але ад астатніх жах бярэ... Бо догляд жывёл патрабуе сіл і грошай. Часта набываюць дарагіх ёркаў, а пасля кормяць іх самым танным кормам і лечаць самымі шкоднымі лекамі. Напрыклад, ЖЭСу прасцей замураваць падвал з катамі, чым дастаць іх адтуль і завесці ў прытулак, дзе іх, хутчэй за ўсё, усыпяць. Сапраўды, жывёлам у краіне не хапае абароненасці з боку дзяржавы. Тым не менш добрых, сумленных людзей больш, і гэта цешыць.

— А каму пакідаеце жывёл, калі з'язджаеце ў адпачынак?

В.: — Сябрам. Яны жывуць непадалёк ад нашай кватэры. Прыходзяць кормяць усіх, сабак выгульваюць. Калі яны з'язджаюць, тое ж самае робім мы для іх сабак і кошак. Але ў адпачынак больш чым на тыдзень не ездзім.

Д.: — Насамрэч ёсць гасцініцы для жывёл. Але ўтрыманне ў іх абышлося б нам як яшчэ адзін адпачынак у Егіпце. На двух сабак і ката гэта каля 500 долараў.

— Ці часта водзіце іх да ветэрынара?

В.: — Па меры неабходнасці. Што можам, тое лечым самі, але не злоўжываем. Лепей лішні раз звадзіць да ветэрынара, чым нашкодзіць самалячэннем. Але і ўрача варта выбіраць з розумам. У дзяржаўнай клініцы можна сустрэць абыякавага доктара, які выпісвае самыя танныя, але шкодныя лекі. У прыватнай — параяць зрабіць дзясятак аналізаў, якія, магчыма, увогуле не патрэбны, але шмат каштуюць. Кажуць, што ў жанчыны павінны быць два «ўласныя» дактары: стаматолаг і гінеколаг. Як па мне — тры. Яшчэ і ветэрынар. (Смяецца.)

— Калі ласка, можаце даць параду тым, хто выбірае чатырохногага сябра, асабліва для дзяцей?

В.: — Галоўнае, каб дарослыя разумелі, што займацца жывёлінай будуць менавіта яны. Прыходзіць неяк да нас маці з трохгадовай дачкой. Маці запытвае: «Колькі жыве хамячок?» — «Паўтара-два гады». «Так доўга! Лепей бы яго хутчэй не стала». Вось пры такім адказе лепей нікога не набываць. Хоць калі гадаванец узяты свядома, то з яго дапамогай можна прывіць адказнасць дзіцяці: вучыць прыбіраць, карміць, даглядаць. Нельга забывацца, што, калі бярэш жывёлу, у цябе становіцца на адно дзіця больш...

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Шчаслівыя разам. Увасьмярых!

Каментары

Дзякуй, што пішаце ў "Сямейнай газеце" пра розных, у тым ліку і экзатычных хатніх гадаванцаў. А фотаздымкі якія прыгожыя - вачэй не адарваць! Мы з сынам жывём у аднапакаёвай кватэры, таму, хоць я і люблю жывёл, доўгі час завесці каго-небудзь не адважвалася. Хоць Арцём ужо даўно прасіў сабаку. І вось год таму ў нас з'явіўся Чэйз. Падабралі яго ля свайго пад'езда, нехта падкінуў. Дык, што вы думаеце, я на свайго Арцёмку не нарадуюся. Прачынаецца шторанку перад школай, каб выгуляць сабаку, тое ж самае робіць у абед і вечарам. Калі ездзіў у летнік на два тыдні, дык кожны дзень па некалькі разоў тэлефанаваў і пытаўся, як Чэйз. Там сумаваў без яго. Сын стаў больш адказным, пунктуальным, чулым. Набываю корм і лекі сабаку заўсёды ў адной і той жа заакраме, што побач з домам. Люблю туды прыходзіць, бо там працуюць цудоўныя і ветлівыя кансультанты. Яны заўсёды раскажуць і падкажуць, што лепш набыць. Заўважыла, што ў заакрамах збольшага вельмі ветлівае абыходжанне з пакупнікамі, чаго не скажаш пра крамы для людзей. У многіх на цябе могуць накрычаць проста таму, што шмат пытанняў задаеш. Амерыканцы славяцца сваімі дзяжурнымі ўсмешкамі, але менавіта ў сферы абслугоўвання нам іх вой як не хапае.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.