Вы тут

Футбольная зборная Беларусі дэбютавала ў адборы на ЧС-2018


Першы матч футбольнай зборнай у адборы на чэмпіянат свету 2018 года можна занесці ў залік. Прычым як футбалістам, так і заўзятарам. Вечар аўторка ператварыўся ў сапраўднае свята для ўсіх аматараў гульні нумар адзін у краіне. Не дзіва — дэбютавалі беларусы дамашняй гульнёй на «Барысаў-Арэне» з віцэ-чэмпіёнамі Еўропы французамі. Самы дарагі гулец свету Поль Пагба, сенсацыйны чэмпіён Англіі ў складзе «Лестара» Н'Гало Кантэ, лідар мадрыдскага «Атлетыка» Антуан Грызман — вось хто завітаў да нашых футбалістаў у госці. Вядома, зорная Францыя прыехала за трыма ачкамі, але ў залік занесла толькі адно.


Пачаць варта, відаць, не з самой гульні, а з таго, што ёй папярэднічала. Брэндаванне зборнай, ініцыяванае новым дырэктарам федэрацыі футбола па маркетынгу Уладзімірам Беражковым, вылілася ў стварэнне формы з нацыянальным арнаментам, з'яўленне сімвала «Белыя крылы», талісмана каманды «Ваяра» і цэлы шэраг цікавых акцый, якія дагэтуль беларускі футбол не бачыў. Чаго вартыя толькі адкрытая трэніроўка зборнай з продажам новай атрыбутыкі, а таксама перадматчавы перфоманс, падчас якога кожнаму, хто прыйшоў на стадыён, выдалі белую футболку з «крылатай» сімволікай. Нягледзячы на пэўны скептыцызм, праца дала плён — «Барысаў-Арэна» запоўнілася, што называецца, «пад завязку», прычым было відавочна, што заўзятары прыйшлі паглядзець менавіта «на сваіх», а не на сапернікаў, якія каштуюць дзясяткі мільёнаў еўра.

Можна ўпэўнена сказаць: такой падтрымкі на матчах зборнай не было вельмі даўно. Тысячы заўзятараў у белым з першай жа хвіліны шалёна падтрымлівалі сваіх любімцаў. І футбалісты аддзячылі выдатным першым таймам. За першыя 45 хвілін французы амаль нічога не здолелі стварыць каля варот Андрэя Гарбунова. А вось беларусы зрабілі некалькі перспектыўных вылазак у контратакі. Падчас адной з іх Цімафей Калачоў небяспечна прастрэльваў уздоўж лініі французскіх варот — Мікалаю Сігневічу і Міхаілу Гардзейчуку не хапіла лічаных сантыметраў, каб замкнуць гэту перадачу. Гэты момант і застаўся самым яркім у выкананні нашай зборнай.

На другі тайм падапечныя Аляксандра Хацкевіча выйшлі не менш зараджанымі на барацьбу і выдалі вельмі актыўную дзесяціхвілінку. Праўда, у небяспечныя эпізоды гэта не вылілася. А вось французы павольна забралі ініцыятыву да сябе і пачалі ствараць моманты. Самы небяспечны адбыўся пасля геніяльнай перадачы Антуана Грызмана пяткай на Аліўе Жыру, але нападаючы лонданскага «Арсенала» прабіў побач са штангай. Аднойчы беларусаў выручыла перакладзіна, некалькі фенаменальных «сэйваў» зрабіў Гарбуноў... Вынік — 0:0, вельмі добры пачатак адбору для беларусаў у гульні з фаварытамі групы. Але яшчэ больш парадавала стаўленне да зборнай заўзятараў — калі так працягнецца, дамашнія гульні будуць пакідаць у нашых сапернікаў толькі непрыемныя ўспаміны.

Ролю балельшчыкаў у добрым выніку сустрэчы адзначыў і галоўны трэнер зборнай Беларусі Аляксандр ХАЦКЕВІЧ:

— Безумоўна, выдатна, калі ўвесь стадыён у белым і каманда ў белым, — сказаў ён у пасляматчавым каментарыі беларускаму тэлебачанню. — Гэта быў наш дванаццаты гулец на працягу ўсяго матча. Панавала проста фантастычная атмасфера. Балельшчыкам трэба пакланіцца. І дай Бог, каб яны гэтак жа падтрымлівалі нас на працягу ўсяго адборачнага цыкла.

— Матч стаў для нас вялікім расчараваннем, — цытуе паўабаронцу зборнай Францыі Н'Гало КАНТЭ выданне L'Equіpe. — У першым тайме мы сутыкнуліся з вельмі кампактнымі дзеяннямі беларусаў, яны шчыльна абараняліся. Сапернік паставіў нас у складанае становішча. У другім тайме было прасцей, мы правялі некалькі добрых атак. Але, на жаль, не змаглі забіць.

Наступную гульню ў кваліфікацыі чэмпіянату свету нашы футбалісты правядуць 7 кастрычніка ў гасцях са зборнай Нідэрландаў. А ўжо дзясятага чысла таго ж месяца Беларусь прыме на «Барысаў-Арэне» футбалістаў з Люксембурга. Пажадаем нашым хлопцам удачы і падтрымаем іх на стадыёне!

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота: Прэс-служба АБФФ

Загаловак у газеце: Гульня пад «Белымі крыламі»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.