Ён не пражыў і сямідзесяці, але паспеў зрабіць насамрэч багата: сыграць амаль у паўсотні спектакляў, зняцца больш як у 100 фільмах, агучыць шэраг мультфільмаў, у тым ліку маляваную экранізацыю архангельскіх апавяданняў і серыю прыгод Віні-Пуха. Яўген Лявонаў не стаў заложнікам камедыйнага жанру, бо часта іграў на кантрасце і напаўняў вонкава забаўнае глыбокім сэнсам. Нядаўні юбілейны дзень нараджэння артыста — выдатная нагода, каб прыгадаць яшчэ раз некаторыя яго работы.
1961, «Паласаты рэйс»
«Тыграм трэба гуляць, каб не было рахіту, і ноччу я іх пасу»
Хто не памятае абаяльнага кухара Шулейкіна, які быў вымушаны выдаць сябе за дрэсіроўшчыка тыграў, каб вярнуцца з экзатычнай спякотнай краіны назад у СССР? Чаго вартыя хоць бы яго лекцыя пра тыграў «у разрэзе» і эратычна-музычнае папуры ў мыльнай пене «пад бокам» у тыгра!
1965, «Трыццаць тры»
«Шчасце, калі раніцай хочацца на працу, а ўвечары — дамоў»
З гэтай карціны пачалося шматгадовае супрацоўніцтва рэжысёра Георгія Данелія і акцёра Лявонава. Менавіта тут «унікальны пацыент стаматолага» Іван Траўкін выканаў урывак з песні пра белыя Марусіны ногі, якая надалей стала «візітоўкай» акцёра практычна ва ўсіх фільмах Данеліі. Той часта паўтараў, што Лявонаў і «Марусенька» — ягоныя талісманы. Пасля смерці свайго любімага акцёра рэжысёр прынцыпова перастаў выкарыстоўваць у далейшых работах гэту песню.
1970, «Беларускі вакзал»
«Колькі гадоў не бачыліся — усё няма калі азірнуцца навокал»
Былы камандзір разведкі Іван Прыходзька — цяпер просты слесар, шматдзетны бацька, малапрыкметны, несамавіты, так адразу і не паверыш, што ветэран вайны. А ён герой — з тых, пра каго кажуць: «На іх зямля трымаецца», здольны і ў мірны час на подзвіг... Гэту ролю, дарэчы, сам Лявонаў называў самай лепшай і, магчыма, галоўнай у сваёй кар'еры.
1971, «Джэнтльмены ўдачы»
«Ветлівасць — найлепшая зброя злодзея»
Дырэктар дзіцячага садка і мацёры «зэк» — Лявонаў сыграў «два ў адным» так лёгка, нібыта гэта жартачкі — інтэлігенту-педагогу ўліцца ў крымінальны асяродак, убачыць у злачынцах людскія рысы і паціху, па кроплі, уліць у іх самае важнае ў жыцці...
1978, «Звычайны цуд»
«Мне трапіла шляя... пад мантыю»
1988, «Забіць дракона»
«Крыху пра сябе: агульная мазгавая і фізічная недастатковасць, раздваенне асобы, пастаяннае трызненне»
Гэтыя дзве кінаработы такія розныя — знятыя з прамежкам у 10 гадоў, але ў той жа час такія падобныя — іх аб'ядноўвае талент драматурга Шварца, рэжысёра Захарава, кампазітара Гладкова і цэлай плеяды акцёраў, у ліку якіх Лявонаў. І там, і там кантраст вонкавай дабрадушнасці і ўнутранай гнілаты яго герояў пакідае ў гледачоў незабыўнае ўражанне.
1986, «Кін-дза-дза»
«Жоўтыя штаны. Два разы «ку»!»
Чатланін Уэф — «фірменнае» лявонаўскае спалучэнне абаяльнага і нягодніцкага. Кожны раз Уэф — гэтае люстэрка чалавечых заган і нікчэмства — спрабуе падманным шляхам што-небудзь адабраць у герояў, ды яшчэ павучае.
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.