Вы тут

Іван Ціхан: «Спартсмены і балельшчыкі павінны быць як адна сям'я»


Пасля вяртання з Рыа-дэ-Жанэйра ў Івана ЦІХАНА адразу ж пачаліся сустрэчы ў розных калектывах, але адна з іх, пэўна, асаблівая. Яго ўрачыста віталі жыхары шматпавярхоўкі на гродзенскай вуліцы Фолюш — не толькі як славутага спартсмена, цяпер ужо двойчы прызёра Алімпійскіх гульняў, двухразовага чэмпіёна свету, але і як добрага суседа. Самі намалявалі прывітальныя плакаты, запрасілі цыганскі ансамбль «Рада» і аркестр абласнога ўпраўлення МНС. Аказваецца, такія сустрэчы ў доме ўжо традыцыйныя.


І ў радасці, і ў цяжкія перыяды — разам!

Сусед Івана Ціхана і яго даўні балельшчык Міхаіл АСОЦКІ, вядома ж, не прапусціў прамую трансляцыю спаборніцтваў кідальнікаў молата з Рыа:

— Завёў будзільнік, у тры гадзіны ночы падняўся, хадзіў, хвалюючыся, па кватэры, а затым перажываў ля тэлевізара. Вельмі рады за Івана, што ён паспяхова выступіў.

Алена ГРУДЗІНСКАЯ звяртае ўвагу на чалавечыя якасці свайго суседа:

— Рэдка сустрэнеш чалавека з такой добрай душой, ад якога быццам выпраменьваецца цяпло, энергія, станоўчыя эмоцыі. Івана можна ўбачыць стомленым, задумлівым, але ніколі — злым.

— Суседзі — гэта адны з маіх самых адданых і добразычлівых балельшчыкаў. І заўсёды яны, ладзячы такую сустрэчу, прыдумляюць нешта новае, цікавае. Таму і гэтая была для мяне як упершыню. Атрымліваецца, што я парадаваў іх сваім выступленнем на Алімпійскіх гульнях, а яны — мяне, — кажа Іван Ціхан.

— Даўно распачаліся такія сустрэчы?

— Мусіць, ужо больш за 10 гадоў назад. Нават не ведаю, хто арганізатары і чаму суседзі праявілі такую ініцыятыву? Можа, прычына не толькі ў маіх спартыўных поспехах, але і ў тым, што ўзімку, калі было шмат снегу каля пад'езда, мы выходзілі і разам яго прыбіралі? (Усміхаецца.) Гэта таксама збліжае суседзяў.

— Вам добра вядома на ўласным вопыце, што спорт — гэта не толькі перамогі, медалі, але і няўдачы, розныя, зусім не лёгкаатлетычныя, бар'еры. Так бы мовіць, белая паласа жыцця можа раптам змяніцца на чорную. Здаралася, што ў сувязі з гэтым мяняліся і адносіны да вас з боку людзей?

— Так бывае ў кожнага. З адным чалавекам ідзеш па жыцці, напрыклад, 10 гадоў, а з другім — усё жыццё. Але ўсё ж з названай прычыны я мала людзей страціў на сваім шляху.

У мяне шмат сяброў, якія былі побач не толькі ў радасці, але і ў цяжкія перыяды. Яны падтрымлівалі маральна і нават прапаноўвалі фінансавую дапамогу.

Іва­на Ці­ха­на су­стра­ка­юць су­се­дзі.

«Ноччу, калі ішла трансляцыя, ніхто не спаў»

Іван Ціхан нарадзіўся, вучыўся ў школе і распачынаў свой спартыўны шлях у вёсцы Глоўсевічы Слонімскага раёна.

— У спорт я прыйшоў дзякуючы настаўніку фізкультуры Віктару Рыгоравічу ЛАГУЦІКУ, разам з якім мяне трэніраваў Рыгор Іванавіч ЗАКАЎРАШ, — расказвае Іван. — А потым, калі ўдала выступіў на раённых і абласных спаборніцтвах па бегу, мяне ўзялі ў Гродзенскае вучылішча алімпійскага рэзерву. Там я памяняў спецыялізацыю і перайшоў на кіданне молата, бо стаў набіраць мышачную масу. Для бегу гэта было не зусім добра, а для кідальніка, наадварот, нармальна.

Рыгор Закаўраш прыгадвае:

— Сапраўды, з узростам Іван стаў мужнець, набіраць масу цела, і я параіў трэнерам перавесці яго ў кідальнікі. Ужо праз тры месяцы ён выканаў першы дарослы разрад, а затым з інтэрвалам у год прайшоў ступені кандыдата ў майстры спорту, майстра спорту, майстра спорту міжнароднага класа.

— А чаму з усіх снарадаў выбралі молат? — цікаўлюся ў Івана Ціхана.

— Для заняткаў ядром ці дыскам мне не хапала росту, па сваёй камплекцыі найбольш падыходзіў для молата. Так і вырашыўся мой спартыўны лёс.

Дарэчы, жонка Івана таксама спартсменка: Вольга кідала дыск, а цяпер — трэнер. Таксама, як і муж, працуе дзеля развіцця лёгкай атлетыкі і непасрэдна падрыхтоўкі кідальнікаў.

У рамках праекта «Алімпійскі выбар» Прэзідэнцкі спартыўны клуб па жаданні Івана Ціхана пералічыў фінансавую дапамогу спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву №3 г. Слоніма. Сачылі сланімчане, зразумела, і за спаборніцтвамі з удзелам свайго земляка.

Дырэктар СДЮШАР №3 г. Слоніма Сяргей ДЗЯМІДЗІК:

— Мы з дзецьмі ў той час былі ў паходзе, і ноччу, калі ішла трансляцыя, ніхто не спаў. Сядзелі ля агню і, хоць з інтэрнэтам там было праблематычна, сачылі ў рэжыме рэальнага часу за пратаколамі спаборніцтваў, перажывалі за Ваню.

— Гэта мая малая радзіма, дзе для мяне ўсё звязана са словам «упершыню» — першыя крокі, першыя эмоцыі, першыя дасягненні ў спорце, — кажа Іван Ціхан. — І, вядома, я ўдзячны за гэта сваім бацькам Рыгору Нікадзімавічу і Ніне Іванаўне, дзякуючы якім я засвоіў, што ўсё ў жыцці дасягаецца самаадданай працай, а таксама настаўнікам.

Выкладчыкі і выхаванцы Слонімскай СДЮШАР №3 сустракалі Івана Ціхана па вяртанні з Рыа ў Мінскім аэрапорце. Цяпер у дзяцей ёсць фотаздымкі са знакамітым земляком, яго аўтограф, а хтосьці, пэўна, імкнецца таксама трапіць на Алімпійскія гульні. Дарэчы, юным кідальнікам молата ў гэтым жаданні сваё плячо падстаўляе Іван Ціхан. З дапамогай мясцовых улад у аграгарадку Жыровічы на базе аграрнага тэхнікума для іх пабудавалі два сектары — адзін для трэніровак, а на другім ужо традыцыйна праводзяцца адкрытыя рэспубліканскія спаборніцтвы на прызы заслужанага майстра спорту Беларусі Івана Ціхана. Сёлета гэты турнір адбыўся ўжо адзінаццаты раз, удзельнічалі 104 кідальнікі молата ў дзесяці ўзроставых катэгорыях з розных куткоў нашай краіны, а таксама госці з Ірана. А раней прыязджалі і з Расіі, Грузіі, Малдовы, Латвіі, Літвы...

— Нейкія «зорачкі» дзякуючы гэтаму турніру з'явіліся?

— Безумоўна, тыя ж Алег Дубіцкі, Сяргей Каламоец. Іранцы, якія ўдзельнічалі ў Алімпійскіх гульнях, у свой час таксама прыязджалі на гэтыя спаборніцтвы.

Сіла мышцаў нічога не вартая без сілы духу

— Чаму спаборніцтвы атрымалі прапіску менавіта ў Жыровічах?

— Ад маёй роднай вёскі да Жыровічаў 5 кіламетраў і, памятаю, мы ў дзяцінстве хадзілі ў манастыр... лячыць зубы. А потым, калі пачынаеш сталець, прыходзіць разуменне, што Жыровічы — гэта не толькі ціхае, спакойнае мястэчка, але і стагоддзямі намоленае, духоўнае. Для заняткаў спортам, мяркую, гэта вельмі важна.

— У тым сэнсе, што сіла духу не менш важная для спартсмена, чым сіла мышцаў?

— Так. Мы ўсе, па сутнасці, аднолькавыя — костачкі, мышцы, звязкі... Бясспрэчна, ёсць нейкія, як кажуць, прыродныя задаткі арганізму, аднак калі трэніравацца, то можна дасягнуць пэўнага фізічнага ўзроўню.

Але ў асноўным поспех залежыць ад сілы духу, псіхалогіі, твайго жадання. Калі ёсць матывацыя і яна настолькі моцная, што не сціраецца за штодзённасцю, манатоннасцю трэніровак, то поспеху даб'ешся.

Ніколі не трэба падаць духам, ты павінен імкнуцца наперад, да сваёй мэты, пры гэтым пераадольваючы ўласныя недахопы і тое, што ставяць перад табой нейкія знешнія фактары. Жыць і ўспрымаць усё ў жыцці трэба годна.

— Чым найперш запомніцца Алімпіяда ў Рыа?

— Напэўна, медалём. Не было ніякіх казусаў, якія б выклікалі моцныя эмоцыі, акрамя таго, што я быў у сектары на гэтым стадыёне і паказаў вынік, які даў мне сярэбраны медаль.

Пры гэтым хачу падкрэсліць, што поспех спартсмена — гэта не толькі яго асабістая заслуга. Так, ад нашага майстэрства, характару, сілы духу шмат што залежыць. Але нельга забываць і пра функцыянераў, якія бяруць на сябе арганізацыйныя клопаты па падрыхтоўцы і выступленнях спартсменаў, і пра медыкаў. Напрыклад, і ў Гродзенскім, і ў рэспубліканскім дыспансерах спартыўнай медыцыны створана добрая база для працэдур, якія дазваляюць някепска аднаўляцца пасля нагрузак.

— А што хочацца сказаць балельшчыкам?

— Ваша падтрымка, шаноўныя балельшчыкі, гэта для спартсмена быццам энергетычныя патокі, якія даюць яму дадатковую сілу.

Пры гэтым важна быць са спартсменам падчас не толькі яго трыумфу, але і няўдач. І падтрымліваць не толькі прызёраў, бо сам факт адбору на Алімпіяду — гэта пры сённяшняй канкурэнцыі ўжо вялізнае дасягненне. Будзьма разам, як адна сям'я, і тады ўсе мы будзем мацнейшымі!

«Згадзіўся б і на палатку»

— Былі выказванні аб недапрацоўках арганізатараў Алімпіяды...

— Я прыехаў пазней, і калі ў першыя дні былі пралікі, то іх потым ліквідавалі. Зрэшты, я ехаў у Рыа не па камфорт. Мне бы, вобразна кажучы, палатку паставілі замест гасцінічнага пакоя — я б згадзіўся. Была б толькі магчымасць выступіць на Алімпіядзе. Тое ж тычыцца, напрыклад, і харчавання: кулінарныя перавагі пачакаюць твайго вяртання дамоў.

...У Дзень ведаў Іван Ціхан пабываў на дзвюх школьных лінейках — у дачкі-першакласніцы і сына, які вучыцца ў сёмым класе. Акрамя таго, быў ганаровым госцем у Гродзенскім вучылішчы алімпійскага рэзерву і ў купалаўскім універсітэце, дзе ён цяпер аспірант і рыхтуе кандыдацкую дысертацыю.

— Яна будзе звязана з маёй падрыхтоўкай да Алімпійскіх гульняў, — паведаміў Іван Ціхан.

— У далейшым будзеце займацца падрыхтоўкай спартсменаў?

— Калі чалавек больш за 20 гадоў праводзіць у спорце, то яму складана перастроіцца на нешта іншае. Таму жаданне і далей рэалізоўвацца ў вядомым табе кірунку ёсць. А як канкрэтна — жыццё падкажа.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchik@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Быць сувораўцам ва ўсе часы было прэстыжна. 

Культура

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Балканскія краіны паўсталі перад гледачом з іх надзённым.

Эканоміка

Новыя жыллёвыя ўмовы. Абараніць уласнікаў, спажыўцоў і пастаўшчыкоў паслуг

Новыя жыллёвыя ўмовы. Абараніць уласнікаў, спажыўцоў і пастаўшчыкоў паслуг

Пра новаўвядзенні, якія дэпутаты мусяць разгледзець на вясновай сесіі.