Вы тут

Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды


Галоўнымі каштоўнасцямі для сучасных беларусаў з'яўляюцца мір на зямлі, дабрабыт у доме і ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод.


На мерапрыемстве вытворчы сектар прадстаўлялі кіраўнікі і супрацоўнікі некаторых прадпрыемстваў. Сярод іх — прадпрыемства «Волатаўта», завод дакладнай электрамеханікі, Мінскі завод колавых цягачоў, таварыства з абмежаванай адказнасцю «АГАТ — сістэмы кіравання». Прэзідэнт звярнуў увагу, што адметнасцю гэтых арганізацый стала ўкараненне ўласных распрацовак і развіццё новых для краіны галін. Паводле яго слоў, яшчэ з савецкіх часоў дасягненні беларускіх канструктараў былі вядомыя і прызнаныя ў свеце. «Прыемна бачыць, што традыцыі нашых выдатных вучоных прадаўжаюць актыўна развівацца», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На цырымоніі ўшаноўвалі і вялікую групу людзей у пагонах, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы. «З году ў год вы забяспечваеце высокую гатоўнасць да абароны нашай Радзімы, адстойваеце яе бяспеку і тэрытарыяльную цэласнасць, падтрымліваеце мір і стабільнасць на беларускай зямлі», — адзначыў Прэзідэнт.

У ліку тых, хто атрымаў ордэны і медалі з рук кіраўніка дзяржавы, — будаўнікі. У прыватнасці, работнікі «Мінскага спецыялізаванага ўпраўлення № 217, на рахунку якога ўзведзеныя аб'екты сацыяльна-культурнай сферы ў Мінску і Мінскай вобласці.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на высокім узроўні прафесіяналізму беларускіх медыкаў. Прэзідэнт запэўніў, што на дзяржаўным узроўні і ў далейшым будуць прымацца неабходныя меры для развіцця аховы здароўя і аказання на высокім узроўні медыцынскай дапамогі тым, хто мае ў гэтым патрэбу.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў заслугі айчынных вучоных у асобе прадстаўнікоў Нацыянальнай акадэміі Беларусі.

Звяртаючыся да ўзнагароджаных, Прэзідэнт закрануў тэму далейшага развіцця абараназдольнасці краіны. «Галоўная задача — абараніць нашу краіну. Мы нічога лішняга не хочам. Мы хочам, каб на нашым кавалачку зямлі, параўнальна невялікім, але не такім і малым, мірна жылі нашы дзеці. Каб яны жылі ў такой бяспечнай краіне, у якой жывём мы. Вось і ўся наша праблема, якую мы хочам вырашыць. Ну і яшчэ крышачку каб былі багацейшыя, гэта залежыць не толькі ад дзяржавы, але і асабіста ад усіх нас», — падкрэсліў ён.

«Таму давайце спакойна жыць і дзейнічаць. Калі хто-небудзь захоча штосьці вялікае стварыць асабіста, мы яму дапаможам. Калі хто-небудзь захоча мець свой кавалак зямлі і вырошчваць на ім хлеб — мы яму дапаможам. Але калі хто-небудзь хоча працаваць у калектыве — для гэтага ёсць усе ўмовы», — запэўніў кіраўнік дзяржавы.

Загаловак у газеце: Захаваць галоўныя каштоўнасці

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.