Вы тут

10 знакавых законапраектаў, прынятых дэпутатамі пятага склікання


Чатыры гады — жыццё аднаго парламенцкага склікання. За гэты час дэпутаты адстойваюць інтарэсы сваіх выбаршчыкаў, завязваюць і развіваюць кантакты з замежнымі парламентамі і, што самае галоўнае, — разглядаюць і прымаюць законапраекты. За чатырохгадовы парламенцкі цыкл дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пятага склікання прынялі каля дзвюх соцень законапраектаў, а яшчэ ратыфікавалі больш за дзвесце міжнародных дагавораў. Некаторыя праекты законаў мелі ці тэхнічны, ці даволі вузкі характар, таму не асабліва абмяркоўваліся ў грамадстве. Іншыя ж — наадварот. За або супраць іх прыняцця збіраліся подпісы, пра іх выказваліся палітыкі і проста вядомыя людзі. Прапануем узгадаць 10 найбольш рэзанансных і грамадска значных законапраектаў апошніх гадоў.


1. Закон «Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, што выхоўваюць дзяцей»

Быў прыняты ў самым канцы 2012 года і ўступіў у сілу ўжо праз некалькі дзён — 1 студзеня 2013 года. Дакумент «прывязаў» памер грашовай дапамогі на дзіця да трох гадоў да сярэдняй зарплаты па краіне. Раней памер дапамогі быў прывязаны да бюджэту пражытковага мінімуму. У выпадку зніжэння сярэднямесячнай зарплаты дапамога на дзіця ва ўзросце да 3 гадоў не памяншаецца. Затое яна можа вырасці — пасля нараджэння другога дзіцяці.

2. Дапаўненні і змены ў Закон «Аб сродках масавай інфармацыі»

Уступіў у сілу 1 студзеня 2015 года.

Галоўная навацыя прынятага парламентарыямі праекта закона ў тым, што да СМІ аднесены любыя інфармацыйныя рэсурсы, якія распаўсюджваюцца праз інтэрнэт і якія змяшчаюць інфармацыйныя паведамленні або матэрыялы. Новая рэдакцыя закона надзяліла інтэрнэт-рэсурсы правамі і абавязкамі сродкаў масавай інфармацыі. Пры гэтым ніякіх дазвольных працэдур, у тым ліку дзяржаўнай рэгістрацыі, для такіх рэсурсаў не патрабуецца.

Згодна з дапаўненнямі і зменамі, уладальнік сайта павінен будзе кантраляваць не толькі інфармацыю, што публікуецца яго рэдакцыяй, але і паведамленні, якія размяшчаюцца на інфармацыйным рэсурсе карыстальнікамі. Так, уладальнікі тых жа сайтаў абавязаны не дапускаць выкарыстання іх інфармацыйных рэсурсаў для распаўсюджвання інфармацыі, змест якой супярэчыць патрабаванням закона аб СМІ.

3. Ратыфікацыя Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе

Ратыфікацыя гэтага дакумента сама па сабе сур'ёзны крок, а да таго ж дакумент паступіў на разгляд дэпутатаў у няпросты час. Якраз тады, калі Расія вырашыла правярнуць «падатковы манеўр» у нафтавай сферы, у выніку якога наша дзяржава рызыкавала страціць больш за мільярд долараў. Пачаліся перамовы. У нашай краіне ўвязалі ратыфікацыю Дагавора аб ЕАЭС з урэгуляваннем тых пытанняў, што ўзніклі ў сувязі з падатковым манеўрам у суседзяў. У выніку 9 кастрычніка 2014 года дагавор быў ратыфікаваны.

4. Закон «Аб барацьбе з карупцыяй»

Ён быў вынесены на грамадскае абмеркаванне ў жніўні 2014 года, прыняты ў другім чытанні ў чэрвені 2015-га, а ўступіў у сілу 24 студзеня гэтага года. Пра яго выказваліся не толькі самі прадстаўнікі ўлады, грамадскія актывісты, але і звычайныя людзі. У выніку прапановы былі сабраны, прааналізаваны, а некаторыя і ўлічаны.

Новы закон аб барацьбе з карупцыяй забараняе прызначаць на кіруючыя пасады асоб, звольненых па абставінах, якія дыскрэдытуюць (да заканчэння пяці гадоў пасля такога звальнення), а таксама прымаць на дзяржслужбу асоб, якія раней учынілі цяжкае або асабліва цяжкае злачынства супраць інтарэсаў службы або злачынства, звязанае з выкарыстаннем службовай асобай сваіх службовых паўнамоцтваў (бестэрмінова). Акрамя гэтага, чыноўнікам забаранілі весці сямейны бізнес. Палажэнні дакумента прадугледжваюць пазбаўленне службовых асоб-карупцыянераў пенсій за выслугу гадоў — ім будуць выплачвацца толькі пенсіі па ўзросце.

5. Змены ў Выбарчы кодэкс

Былі ўнесены ў 2013 годзе. Рэдакцыя выбарчага заканадаўства грунтавалася на вопыце мінулых выбарчых кампаній і рэкамендацыях міжнародных назіральнікаў. Па-першае, новаўвядзенні змяняюць фінансаванне выбарчых кампаній кандыдатаў. Раней для публікацыі перадвыбарных лістовак кандыдатам з бюджэту выдзялялася пэўная сума грошай. Цяпер яна перадаецца не кандыдатам, а выбарчым камісіям. На думку распрацоўшчыкаў, такім чынам выбаршчыкі гарантавана атрымаюць поўную інфармацыю пра ўсіх кандыдатаў. Калі ж кандыдат жадае выдаць уласныя лістоўкі, яму дазваляецца сфарміраваць свой індывідуальны выбарчы фонд. Па-другое, выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў цяпер могуць праходзіць толькі ў адзін тур. Па-трэцяе, забараняецца агітацыя за байкот выбараў. Па-чацвёртае, у заканадаўстве з'явілася норма, згодна з якой у сваіх біяграфічных звестках грамадзянін, які балатуецца кандыдатам у дэпутаты, павінен падаць звесткі пра ранейшую судзімасць, калі яна была.

6. Змены і дапаўненні ў некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці і падаткаабкладання (прыняты 16 снежня 2013 года)

Галоўнае новаўвядзенне, якое найбольш абмяркоўваецца нават і сёння, — транспартны падатак. Памеры дзяржпошліны на транспарт, якую ўвялі ў краіне з 1 студзеня 2014 года, супастаўныя з замежнымі аналагамі. Пошліна плаціцца за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. Атрыманыя сродкі накіроўваюцца ў рэспубліканскі і мясцовы бюджэты ў суадносінах 50/50. Іх прызначэнне — фінансаванне работ па будаўніцтве і рэканструкцыі дарог. Сума падатку змяняецца ў залежнасці ад дазволенай максімальнай масы аўтамабіля і складае ад 3 да 10 базавых велічынь за легкавік.

7. Новая Ваенная дактрына

Асноўнае адрозненне новай рэдакцыі дактрыны ад мінулай — дабаўлены новы раздзел, прысвечаны акрэсленню асноўных паняццяў, а таксама і абарончаму сектару эканомікі. Так, тлумачыцца, што такое «буйнамаштабная вайна», «лакальная вайна», «незаконнае ўзброенае фарміраванне», «абаронная інфраструктура», «абаронны сектар эканомікі», «перыяд нарастання ваеннай пагрозы», «рэгіянальная вайна», «стратэгічнае стрымліванне», уведзены тэрмін «гібрыдная вайна» (вядзецца не столькі зброяй, колькі сіламі палітычнай прапаганды, тэрору, дэзынфармацыі і эканамічнага ціску на праціўніка). Яшчэ адзін новы раздзел прысвечаны абароннаму сектару эканомікі і ваенна-тэхнічнаму супрацоўніцтву.

Новая Ваенная дактрына больш дэтальна і комплексна раскрывае мэты і напрамкі ваеннай палітыкі нашай краіны, ацэньвае ваенна-палітычнае становішча вакол Беларусі і ў свеце. На аснове гэтага ўдакладняюцца і погляды на вызначэнне знешніх і ўнутраных ваенных небяспек для Беларусі.

8. Кодэкс аб культуры

Гэты ўнікальны дакумент прыняты ў другім чытанні ў чэрвені, нядаўна яго падпісаў кіраўнік дзяржавы. На постсавецкай прасторы аналагаў такому кодэксу няма. Кодэкс грунтуецца на дзейных нормах законаў аб культуры, бібліятэчнай справе, народным мастацтве і народных промыслах, творчых саюзах і творчых работніках, кінематаграфіі, музеях і музейным фондзе, ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

Дакументам замацавана абавязковасць перадачы ў дзяржуласнасць прафесійна і выпадкова выяўленых археалагічных артэфактаў. Кодэкс змяшчае забарону грамадзянскага абарачэння археалагічных артэфактаў на тэрыторыі Беларусі, за выключэннем іх набыцця, продажу, дарэння, абмену дзяржаўнымі музеямі і навуковымі арганізацыямі. Спрашчаецца парадак прыняцця некаторых кіраўнічых рашэнняў пры ажыццяўленні музейнай, бібліятэчнай дзейнасці і аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

9. У Крымінальны кодэкс, Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях увялі пакаранне за жорсткае абыходжанне з жывёламі

Раней за жорсткае абыходжанне з жывёламі, якое стала прычынай іх смерці або калецтва, а таксама за іх катаванне ў нашай краіне існавала толькі адміністрацыйная адказнасць. Так, у якасці пакарання прадугледжваўся штраф ад 10 да 30 базавых велічынь (адна базавая велічыня сёння складае 18 рублёў) або адміністрацыйны арышт. Цяпер гэтае злачынства караецца грамадскімі работамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да аднаго года, або арыштам. Але за тое ж дзеянне, учыненае паўторна або групай асоб, можна атрымаць пакаранне ў выглядзе арышту, або абмежавання волі на тэрмін да аднаго года, або пазбаўлення волі на той жа тэрмін. Абаронцы жывёл лічаць, што і гэта пакаранне недастатковае. У той жа час заканадаўцы зрабілі сур'ёзны крок у тым, што тычыцца абароны нашых меншых братоў.

Не так даўно, дарэчы, грамадскае абмеркаванне прайшоў праект асобнага закона «Аб абыходжанні з жывёламі». Сёння ён знаходзіцца ў Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве і рыхтуецца да першага чытання. Над ім папрацуюць ужо дэпутаты новага склікання.

10. Закон «Аб альтэрнатыўнай службе»

Яго асноўныя палажэнні ўступілі ў сілу 1 ліпеня гэтага года. Новы закон дазваляе групе ваеннаабавязаных беларусаў замест воінскай службы займацца грамадска-карыснай працай. Альтэрнатыўна адслужыць могуць толькі тыя маладыя людзі, якія праз рэлігійныя перакананні не могуць прымаць прысягу і насіць зброю. Яны змогуць праходзіць службу ў арганізацыях аховы здароўя, сацыяльнай сферы, жыллёва-камунальнай, сельскай і лясной гаспадаркі, у арганізацыях, якія займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторый, будаўніцтвам і рамонтам дарог і чыгуначных шляхоў, акрамя таго, такія грамадзяне могуць прыцягвацца да ўдзелу ў ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару. Для асоб з вышэйшай адукацыяй тэрмін службы складзе 24 месяцы, без вышэйшай адукацыі — 36 месяцаў.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН.


У тэму

«Дзякуй, што не хаваліся ад праблем»

Мы пацікавілася ў чытачоў «Звязды», якія з законапраектаў, прынятых дэпутатамі пятага склікання, імі ўспамінаюцца ў першую чаргу.

Станіслаў КНЯЗЕЎ, рэктар Міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО», доктар юрыдычных навук, прафесар:

— Заканатворчасць — вельмі сур'ёзная праца. Усе прынятыя законапраекты накіраваны на развіццё краіны, на павышэнне дабрабыту людзей. Трэба сказаць «дзякуй» дэпутатам за іх працу, за тое, што не хаваліся ад праблем нават у такі нялёгкі час.

Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ, дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук:

— Запомнілася тое, што заканадаўства было ўдасканалена ў галіне аховы археалагічных аб'ектаў, што вельмі важна. Напрыклад, былі ўстаноўлены штрафныя санкцыі для чорных капальнікаў.

Пётр КІСЯЛЁЎ, начальнік аддзела інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю Генеральнай пракуратуры:

— Прыняты дэпутатамі пятага склікання Закон «Аб барацьбе з карупцыяй» будзе садзейнічаць удасканаленню барацьбы з гэтым злачынствам, паколькі ў ім улічаны ўсе напрацоўкі мінулых гадоў, а таксама прыняты неабходныя меры па выкараненні недахопаў, якія меліся. Наша заканадаўства ў гэтай сферы з'яўляецца найбольш дасканалым сярод краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Ужо сёлета адзначылася станоўчая тэндэнцыя па скарачэнні колькасці карупцыйных злачынстваў.

Валянцін ЦАХМЕЙСТАР, дырэктар Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый:

— Праца дэпутатаў пятага склікання запомнілася ў першую чаргу канструктыўным супрацоўніцтвам з Пастаяннай камісіяй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы. Мы разам працавалі над унясеннем паправак у Закон «Аб турызме» — абмяркоўвалі розныя прававыя нюансы з дэпутатамі, прадстаўнікамі Міністэрства спорту і турызму. Такім чынам, адчуваю поўную задаволенасць працай дэпутатаў пятага склікання.

Вадзім ЗАРУБА, першы сакратар раённай арганізацыі БРСМ:

— Як кіроўцу мне запомнілася ўвядзенне дзяржаўнай пошліны на транспарт. Таксама магу назваць Кодэкс аб культуры.

Аляксей ДЗЕРМАНТ, навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі:

— Вылучыў бы ў якасці магістральнага прававога акта ў сферы культуры Кодэкс аб культуры. Гэта сапраўды спроба сфарміраваць новае азначэнне культуры. Прыняцце Кодэкса сведчыць аб прагрэсіўнай заканадаўчай дзейнасці.

Загаловак у газеце: Зацвярджалі ЕАЭСі змагаліся з карупцыяй

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.