Вы тут

У каго самыя доўгія рукі?


Чалавек з часу свайго ўзнікнення прайшоў доўгі эвалюцыйны шлях і моцна змяніўся. Як і ў выпадку іншых жывых істот, на яго дзейнічаў натуральны адбор, г.зн. выжывалі і/або пакідалі больш нашчадкаў у папуляцыі толькі тыя, хто валодаў прыкметамі, найбольш выгаднымі ў канкрэтных абставінах. Але што гэта былі за абставіны? І якія менавіта прыкметы аказаліся эвалюцыйна больш выгаднымі? Чалавек (як і любая іншая жывая істота) пабудаваны даволі складана, так што, відавочна, розныя асаблівасці фарміраваліся пад ціскам розных умоў.


У паў­ноч­ных эс­кі­мо­саў, у ад­па­вед­нас­ці з пра­ві­лам Але­на, ру­кі і но­гі ка­ра­цей­шыя, чым ва ўсіх ін­шых на­ро­даў.

Даследчыкі з Універсітэта Тэнесі паспрабавалі высветліць, якія эвалюцыйна-экалагічныя фактары ўплывалі на даўжыню чалавечых рук і ног. Да гэтага часу лічылася, што чалавек у дачыненні да канечнасцяў падпарадкоўваецца двум вядомым экалагічным законам: правілу Алена і правілу Бергмана.

Паводле правіла Алена, у цеплакроўных жывёл з такім самым ладам жыцця часткі цела, якія выступаюць (гэта значыць ногі, вушы, хвасты і г. д.), будуць меншымі ў халодным клімаце і большымі ў цёплым. Асабліва добра гэта праяўляецца, напрыклад, у ліс: у паўночнага пясца самыя маленькія вушы і кароткая морда, а ў пустыннага фенека ўсё наадварот — вялікія вушы і доўгая морда.

Правіла Бергмана гаворыць у цэлым аб велічыні цела: згодна з ім, тыя з цеплакроўных, што жывуць у халодным клімаце, будуць буйнейшымі за тых, што жывуць у цяпле. Напрыклад, самыя вялікія мядзведзі — арктычныя белыя, а самыя дробныя — акулярныя з Паўднёвай Амерыкі. Правіла Бергмана таксама выконваецца для многіх блізкіх відаў і для папуляцый аднаго віду (іншымі словамі, не варта параўноўваць сланоў з лемінгамі).

З фізіялагічнага пункту гледжання абодва правілы кажуць пра адно і тое ж — пра эканомію цяпла. Агульная цеплапрадукцыя ў цеплакроўных залежыць ад аб'ёму цела, а хуткасць цеплааддачы — ад плошчы яго паверхні. Пры павелічэнні памераў арганізмаў аб'ём цела расце хутчэй, чым яго паверхня, так што ў халодных шыротах выгадна быць вялікім. Выступаючыя часткі цела, у сваю чаргу, моцна павялічваюць паверхню і слаба павялічваюць аб'ём, так што дзеля эканоміі цяпла вушы, ногі і іншае павінны быць меншымі.

Тут­сі — ад­ны з са­мых даў­га­но­гіх і даў­га­ру­кіх лю­дзей на Зям­лі.

Даволі доўга лічылася, што правілы Алена і Бергмана выконваюцца і для людзей, і таму ў экватарыяльных і трапічных народаў рукі і ногі будуць даўжэйшыя, а ў паўночных — карацейшыя. Крыстэн Савейл і яе калегі яшчэ раз пераправерылі гэта на людзях з Паўночнай Афрыкі, з так званай Чорнай Афрыкі, якая ляжыць на поўдзень ад Сахары, з Еўропы і з Арктыкі — усяго 14 папуляцый і 400 індывідаў. Канечнасці параўноўвалі не цалкам, а па касцях: плечавыя і прамянёвыя косці ў руках, сцегнавыя і вялікія галёначныя косці ў нагах. Наконт прамянёвай і вялікай галёначнай касцей усё пацвердзілася: яны сапраўды карацелі пры руху на поўнач. Сцегнавая костка таксама змянялася ў памеры, аднак, як гаворыцца ў артыкуле ў PNAS, змены ў ёй не былі звязаны з навакольным кліматам. Што ж да пляча, то яно, насуперак правілу Алена, у паўночных папуляцый станавілася даўжэйшым, а не карацейшым — на думку аўтараў працы, тут сваю ролю адыграў генетычны ўзаемаўплыў: скарачэнне прамянёвай і вялікай галёначнай касцей праз нейкі ўнутраны малекулярны механізм справакавалі падаўжэнне плечавой косці.

Тут варта заўважыць, што правіла Бергмана (і правіла Алена, якое прымыкае да яго) зусім не ўніверсальнае — з яго ёсць выключэнні, і цяпер гавораць, што яно носіць статыстычны характар і выразна праяўляецца толькі пры іншых роўных умовах. На памер жывёл уплываюць і іншыя фактары, акрамя тэмпературы, а прыстасоўвацца да суровага клімату можна рознымі спосабамі, напрыклад перанастройваючы сваю біяхімію.

У выпадку з рознымі чалавечымі папуляцыямі відаць, як адна прыкмета (даўжыня канечнасцяў) распадаецца на некалькі (даўжыня розных касцей), так што правіла можа дзейнічаць і не дзейнічаць у межах аднаго і таго ж віду, і што, разглядаючы такія комплексныя прыкметы, варта заўсёды памятаць пра ўплыў генаў адзін на аднаго.

Усё гэта, відавочна, датычыць не толькі рук і ног, але і іншых характэрных асаблівасцяў арганізма, чыю эвалюцыйную гісторыю мы спрабуем аднавіць.

Іван КУПАРВАС

hvir@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.