Вы тут

Чым невялічкі Дуньхуан прываблівае мільёны турыстаў з усяго свету?


Паднябесная насамрэч вялікая краіна. Ва ўсіх сэнсах, у тым ліку па тэрыторыі. Пагадзіцеся, зусім не шмат знойдзецца на свеце дзяржаў, дзе можна падарожнічаць па разнастайных прыродных ландшафтах і кліматычных зонах. У Кітаі я не першы раз, але заўжды прывожу адтуль новыя неперадавальныя ўражанні.

Летась пашчасціла пабачыць дзве легендарныя ракі — Янцзы і Хуанхэ, а сёлета напрыканцы ліпеня (у самую спякоту — даходзіла да +45 па Цэльсію!) апынуўся ў... пустыні, дзе знаходзіцца «сталіца» кітайскіх будыстаў — шыкоўны Дуньхуан.


«Брама» ў Паднябесную

Горад Дуньхуан — гарадскі аазіс на ўскрайку пустыні Такла-Макан (а практычна пасярод дзвюх найвялікшых пустынь, паколькі непадалёк пачынаецца Гобі), побач з маляўнічымі краявідамі Тыбецкага нагор'я. Па кітайскіх мерках гэта невялічкі гарадок — каля 180 тысяч жыхароў. Штогод горад наведвае некалькі мільёнаў турыстаў.

У ІІ стагоддзі да н.э. на загад імператара У-Дзі кітайцы ўстанавілі ваенны пост Шачжоу (старажытная назва Дуньхуана). Да гэтага часу на Вялікай Кітайскай сцяне былі дабудаваныя ўмацаванні-заставы Юймэньгуань («нефрытавыя вароты») і Янгуань, якія абазначалі мяжу Паднябеснай. Дарэчы, адсюль і пайшла назва Дуньхуан (у перакладзе з кітайскай «бліскучы»), паколькі агні вартавой вышкі ўночы былі здалёк відаць шматлікім караванам. Такім чынам, гэтае месца насамрэч становіцца «брамай» у Паднябесную. Менавіта тут заканчваецца і Вялікая Кітайская сцяна. Зрэшты, у старажытнасці кітайцы лічылі, што тут яна пачынаецца, уяўляючы сабой дракона, які выгінаўся праз усю Паднябесную і быў павернуты грознай галавой на Захад.

Калісьці Дуньхуан быў адным з ключавых транзітных пунктаў на Вялікім шаўковым шляху, на канцах якога стаялі Кітай і Рым, а станцыямі на шляху былі Персія, Індыя, Аравія, Сірыя.

У гэтым месцы вялікая караванная дарога падзялялася на паўночную ветку, якая праходзіла праз землі ўйгураў і кіргізаў, а таксама паўднёвую, што ішла праз Тыбет і Афганістан. Такім чынам, гандлёвы маршрут агінаў пустыню Такла-Макан і цягнуўся ажно да Міжземнамор'я. Тысячагоддзямі праз Дуньхуан праходзілі сотні караванаў, нагружаных самымі рознымі таварамі — ад збожжавых культур да каштоўных камянёў. У апошнім перад пустыняй вялікім аазісе караваншчыкі правяралі груз і запасаліся вадой. Менавіта сюды прыйшоў, адолеўшы пустыні і горы, Марка Пола, змучаны доўгім шляхам, разрэджаным паветрам Памірскіх вышынь, смагай і пылам.

У пя­чо­рах Ма­гаа.

Першадрукар Ван Чы

Стратэгічны аазіс насамрэч стаў калыскай будызму ў Кітаі. Адсюль манахі ішлі па Шаўковым шляху, распаўсюджваючы свае веды сярод мясцовага насельніцтва. У горадзе збіраліся кітайскія і замежныя паслядоўнікі будызму, а таксама шматлікія паломнікі з розных краін. Непадалёк ад Дуньхуана знаходзіцца адзін з самых вялікіх будыйскіх храмавых комплексаў Цяньфодун («пячоры тысячы будаў»), які ўяўляе сабой выразаныя ў скалах пячоры. Гэты комплекс часцяком называюць Магаа — па імені галоўнай пячоры.

Храмавы комплекс мае сваю дзіўную гісторыю. У 366 годзе манах Лэ Цзун, праязджаючы па Вялікім шаўковым шляху, убачыў водбліск святла, з якога выйшла тысяча будаў. Уражаны гэтым знакам, ён пакінуў караван і адправіўся да аазіса. Манах высек у скале першую пячору, за ім пацягнуліся тысячы паломнікаў. Калісьці тут цякла пустынная рака, якая ўтварыла скальную сцяну. З ІV па XІV стагоддзе вернікі выкалупалі ў ёй з параўнальна мяккага каменю прыкладна тысячу ніш і пячор. Яны пераўтварыліся ў адзін з самых прыгожых будыйскіх храмавых комплексаў у свеце.

Да нашых дзён захавалася 700 пячор, якія цягнуцца на 1680 метраў. Сярод іх ёсць вялікія, якія дасягаюць 200 «квадратаў», і зусім маленькія, не большыя за чалавечы рост.

Адметнай асаблівасцю пячор Магаа з'яўляецца тое, што амаль усе яны распісаны каляровымі фрэскамі будысцкай тэматыкі.

Адным з самых значных адкрыццяў, якія прынеслі Дуньхуану сусветную вядомасць, стаў старажытны будыйскі архіў. У 1900 годзе ў адной з пячор адшукалі каля 50 тысяч помнікаў пісьмовай і мастацкай культуры ІV-XІ стагоддзяў. Сярод іх найстаражытнейшыя зараастрыйскія і будыйскія тэксты, шаўковыя гравюры і малюнкі Буды.

Найбольш цікавая са знаходак «пячоры рукапісаў» — «Алмазная сутра». Гэта скрутак з шасці злепленых лістоў тэксту і ліста з выявай Буды. Ён з'яўляецца першай у свеце друкаванай кнігай. Майстар Ван Чы выразаў на шасці драўляных дошках люстраныя выявы іерогліфаў і, змазаўшы дошкі фарбай, накладаў на іх лісты паперы. Гэта здарылася ў 868 годзе.

Пячоры Дуньхуана не толькі помнік ранняга будызму, але, што самае галоўнае, яны гісторыя кітайскай культуры, найлепшая і самая поўная манаграфія такога роду, якая захавалася ў Кітаі. Ды і не толькі ў Паднябеснай — у свеце няма іншага месца, дзе можна было б прасачыць развіццё мастацтва і літаратуры цягам паўтара тысячагоддзя. Нездарма ЮНЕСКА ўнесла Магаа ў ахоўны спіс Сусветнай культурнай спадчыны.

Вар­та па­ка­рыць су­пер­дзю­ну.

Песня пяскоў

На паўднёвым украйку аазіса, за 5-6 км ад Дуньхуана, можна пабачыць пясчаныя дзюны вышынёй больш за 200 метраў — самыя вялікія ў Кітаі. За памеры іх называюць гарамі, а назва Мінша даслоўна перакладаецца з кітайскай як «пяскі, што спяваюць». І сапраўды, калі дзьме вецер, тутэйшыя пяскі выдаюць вельмі мудрагелістыя гукі і ствараецца ўражанне, што яны насамрэч спяваюць. Навукоўцы тлумачаць: гэта адбываецца праз трэнне пясчынак. А месцічы расказваюць, што калісьці тут адбылася вялікая бітва. Нечакана наляцела бура і засыпала пяском абодва варожыя войскі. З таго часу тут чуваць галасы пахаваных жыўцом людзей.

Сам па сабе аазіс у пустыні ўжо лічыцца цудам прыроды, а тут, акрамя гэтага, яшчэ і дзіўнай прыгажосці возера Юэяцюань, што практычна немагчыма ў пустыні. Сваёй формай вадаём нагадвае серп або паўмесяц, ад якога ён і атрымаў сваю назву. Складана паверыць, што гэтаму аазісу больш за 2 тысячы гадоў і створаны ён самой прыродай, а не намаганнямі чалавека. Дарэчы, для навукоўцаў дасюль застаецца загадкай, як возера не перасохла і не было пахавана пад пластом пяску.

Каля вадаёма знаходзіцца будыйскі храм. Усё разам — возера, будынкі, «музычныя» пяскі — утварае непаўторны пейзаж, дзеля якога варта тут пабываць. Раю абавязкова пакарыць Міншу і з вышыні агледзець наваколле. Усім выдаюць спецыяльныя бахілы, бо ногі па калена літаральна засмоктвае пясок. Дзюны выкарыстоўваюцца для спуску на асаблівай дошцы (сэндбордынг — пустынны аналаг сноўбордынгу). Зусім не дзіўна, што ў гэтыя мясціны імкнуцца трапіць мільёны турыстаў з усяго свету.

...Калі адляталі (Дуньхуан мае сучасны аэрапорт, які, дарэчы, ужо не першае дзесяцігоддзе абслугоўвае пераважна чартары з Японіі), пачыналася пясчаная бура. Так дыямент пустыні развітваўся з намі — быццам заспяваў сваю спрадвечную журботную песню.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Дуньхуан, Кітай

Загаловак у газеце: Дыямент на ўскрайку Такла-Макана

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.