Вы тут

Помнік Патрыярху Аляксію ІІ уганараваны прэміяй Саюзнай дзяржавы


Прэмію Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва сёлета атрымалі два беларускія аўтарскія калектывы. Адзін з іх, у складзе спевака Анатоля Ярмоленкі, кампазітара Алега Елісеенкава і паэта Івана Юркіна, да публічнасці і прадстаўлення на сцэне ўжо звыклы. Іх аўтарству належыць дыск з песнямі «Дзе каліна цвіла...».

А вось іншая група творцаў — аўтар ідэі, архітэктар, протаіерэй, настаяцель Усіхсвяцкага прыхода ў Мінску Фёдар Поўны; скульптар, прафесар, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Слабодчыкаў; архітэктар, доктар культуралогіі, прафесар Ігар Марозаў — да шырокай увагі грамадскасці пакуль толькі прывыкае. Ды і нагода для атрымання імі прэміі не зусім гучная, грамадска-рэзанансная, а хутчэй глыбока-духоўная і сімвалічная. Менавіта гэты калектыў — аўтары і выканаўцы ідэі ўстаноўкі помніка Свяцейшаму Патрыярху Аляксію ІІ у Мінску, каля храма Усіх Святых.


Выбар месца для размяшчэння помніка Свяцейшаму Патрыярху ў беларускай сталіцы быў не выпадковым. Аляксій ІІ тры разы наведваў Беларусь і кожны раз прыязджаў да гэтага храма. Тры прыступкі на пастаменце, на якім стаіць фігура патрыярха, адпавядаюць колькасці яго візітаў у Мінск. Ёсць сімвалізм і ў размяшчэнні фігуры. Здаецца, што помнік стаіць спінай да гледачоў, але калі мы падыходзім да галоўнай лесвіцы царквы, то быццам разам з патрыярхам набліжаемся да храма, уздымаемся па прыступках да сабора. Аляксій ІІ нібыта бласлаўляе храм.

— Мне думаецца, што ў гэтым — выдатнае адкрыццё архітэктара, настаяцеля Усіхсвяцкага прыхода ў Мінску Фёдара Поўнага, — разважае скульптар Уладзімір Слабодчыкаў. Менавіта ён працаваў над увасабленнем вобразу патрыярха спачатку ў гліне, а потым у бронзе. — З аднаго боку, мне было вельмі складана працаваць над гэтай фігурай. Я ж не бачыў патрыярха Аляксія ІІ у жыцці, а трэба было зрабіць не проста помнік, але партрэтную фігуру. Таму перадусім варта было прытрымлівацца падабенства, а ўжо потым — працаваць над вобразнасцю. У гэтым мне вельмі дапамог айцец Фёдар, ён падказваў дакладныя моманты, характэрныя рысы патрыярха як чалавека. За час працы над вобразам я перагледзеў больш як тры тысячы фотаздымкаў Аляксія ІІ у інтэрнэце, таму дасягнуць знешняга падабенства было нескладана, а вось паказаць унутраны характэрны стан я сам не мог. Калі пачаў глядзець глыбей, вывучаць вобраз, жыццё патрыярха, ён мяне вельмі ўразіў. Гэта быў няпросты чалавек, які рухаўся па сваім прызначэнні. Пры ім адбыліся значныя падзеі ў жыцці Рускай Праваслаўнай Царквы. Безумоўна, шмат спраў ён зрабіў настолькі пазітыўных, настолькі вялікіх, што гэта не магло не адлюстравацца ў яго скульптурным вобразе.

У той жа час скульптар прызнаецца, што меў справу з увасабленнем не звычайнага чалавека, а Свяцейшага Патрыярха. Таму і ў прадстаўленні яго вобразу нельга было пазбегнуць пэўных кананічных патрабаванняў. Але выбар паказаць Аляксія ІІ у манаскай расе замест поўнага патрыяршага адзення даў магчымасць зрабіць больш свабодныя пластычныя хады, больш увагі звярнуць на пошук стылістыкі, формы, пластыкі фігуры.

— Разам з тым варта памятаць, што гэтая скульптура — не проста помнік, які адзінока стаіць у пэўным месцы, — кажа Уладзімір Іванавіч. — Ён размешчаны каля сабора, таму па задумцы архітэктара Ігара Марозава мы прыйшлі да ансамблевага рашэння, у якім спалучылі скульптуру з будынкам царквы. Атрымалася вельмі цікавае адкрыццё.

Уладзімір Слабодчыкаў з ахвотай распавядае пра задумку помніка і рэалізацыю ідэі, прыгадвае таксама і момант асвячэння фігуры патрыярха:

— Работа ішла досыць доўга, каля двух гадоў. Але праца падобнага маштабу ў галіне манументальнай скульптуры хутка не робіцца. Фігуру асвячаў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, ён прыехаў да нас у скульптурны камбінат. Было холадна. Помнік з гліны таксама нібыта выпраменьваў холад. І вось мітрапаліт падышоў да скульптуры, доўга яе вывучаў. Ён жа бачыў Аляксія ІІ, помніць яго жывым. Потым наблізіўся, абняў гліняную фігуру, і стала неяк цяплей, я зразумеў, што наша работа легла яму на душу і спадабалася.

А паколькі гэты помнік атрымаў такую высокую міждзяржаўную ўзнагароду, то можна казаць пра тое, што скульптура прыйшлася да душы многім, у тым ліку экспертнай камісіі па прысуджэнні прэміі Саюзнай дзяржавы. Сам Уладзімір Слабодчыкаў кажа, што такое шырокае грамадскае прызнанне дае ўпэўненасць: творчасць рухаецца і развіваецца па правільным шляху. Ён кажа:

— У нашым асяроддзі гэтая прэмія лічыцца вельмі значнай, прэстыжнай. Яе ў свой час атрымлівалі Леанід Шчамялёў, Георгій Паплаўскі, Іван Міско, Міхаіл Савіцкі, Аляксей Дудараў. Узнагарода нават перасягае межы Беларусі, паказвае, што праект значны для ўсёй Саюзнай дзяржавы. Каб яе прысудзілі, работа павінна быць выканана на вельмі высокім узроўні. Прэмія пацвярджае: справы, якія ты робіш, успрымаюцца не толькі табой і вузкім колам, але і шырокай грамадскасцю, кіраўніцтвам дзяржавы. І тое, што прэмію падчас «Славянскага базару ў Віцебску» нам уручыў кіраўнік дзяржавы, паказала: яна значная для народа, кіраўніцтва краіны і для цябе асабіста.

Зрэшты, як прызнацца майстар, з ліку іншых сваіх работ фігуру Свяцейшага Патрыярха Аляксія ІІ ён не вылучае. Нават крыху жартуе на гэты конт:

— Калі ў сям'і пяцёра дзяцей, немагчыма выбраць самага любімага. Так і з работамі: калі ты аддаваў сябе працы, то ставішся да ўсіх скульптур аднолькава, іх нават параўнаць нельга. Кожны твор нечым дарагі.

Цікава:

Усяго ў свеце сёння налічваецца толькі тры помнікі Свяцейшаму Патрыярху Аляксію ІІ. Першы быў устаноўлены ў Маскве, другі — у Таліне, трэці — у беларускай сталіцы. Аналагаў мінскай скульптуры пакуль не існуе.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фо­та Ана­то­ля КЛЕ­ШЧУ­КА

Загаловак у газеце: Вечнасць Патрыярха

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Вечарам прайсціся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве адно задавальненне.

Спорт

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Мама Бена — беларуска, тата — ураджэнец Ганы.

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.