26 Верасень, серада

Вы тут

Удзельнікі «Танкавага біятлону» расказалі пра асаблівасці спаборніцтва


Яшчэ некалькі тыдняў таму падмаскоўны палігон Алабіна з'яўляўся эпіцэнтрам танкавага майстэрства. За конкурсам «Танкавы біятлон», у якім удзельнічалі вайскоўцы з 17 краін свету, назіралі і беларусы. І, безумоўна, хварэлі за сваіх танкістаў, якім зусім крыху не хапіла, каб трапіць у тройку лідараў.


Адзін з бе­ла­рус­кіх экі­па­жаў у «Тан­ка­вым бія­тло­не»:  Аляк­сей За­ба­лу­еў, Дзя­ніс Ма­і­се­ен­ка і Дзміт­рый Ар­цё­мач­кін не шка­ду­юць, што звя­за­лі сваё жыц­цё з тан­ка­мі.

Затое яны абышлі прадстаўнікоў 13 краін, саступіўшы лідарства найбуйнейшым арміям свету — Расіі і Кітая. Трэцяе месца дасталося казахскай зборнай. Наколькі жорсткай была барацьба за фінал, чаму такі важны для вайскоўцаў удзел у «Танкавым біятлоне» і ўвогуле пра любоў да прафесіі напярэдадні Дня танкіста мы пагутарылі з членамі беларускай каманды на «Армейскіх міжнародных гульнях — 2016», аднымі з самых лепшых на сёння прадстаўнікамі гэтай вайсковай прафесіі.

У 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгадзе, дзе служаць вайскоўцы аднаго з экіпажаў, якія ўдзельнічалі ў «Танкавым біятлоне», да ўвагі сродкаў масавай інфармацыі ўжо прызвычаіліся.«Зорнай» хваробы ў іх пакуль няма: ужо каторы раз яны ахвотна расказваюць і пра спаборніцтва, і пра сябе.

Знаёмімся. Адзін з экіпажаў на «Танкавым біятлоне» прадстаўлялі намеснік начальніка штаба па мабілізацыйнай рабоце механізаванага батальёна старшы лейтэнант Дзмітрый Арцёмачкін (камандзір танка), камандзір танкавага ўзвода 355-га гвардзейскага асобнага танкавага батальёна гвардыі старшы прапаршчык Дзяніс Маісеенка (наводчык), старшы механік-кіроўца танкавай роты 355-га гвардзейскага асобнага танкавага батальёна гвардыі яфрэйтар кантрактнай службы Аляксей Забалуеў (механік-кіроўца).

Аказваецца, што вайскоўцам ужо былі знаёмыя і траса выпрабаванняў, і правілы гульні — два гады таму яны ўдзельнічалі ў «Танкавым біятлоне». Праўда, у такім складзе экіпаж змагаўся ўпершыню. Але, перш чым трапіць на падмаскоўны палігон Алабіна, танкістам давялося прайсці праз не менш складанае спаборніцтва — толькі ўжо сярод сваіх.

— У вайсковых часцях, злучэннях і камандаваннях краіны было адабрана 15 лепшых экіпажаў, — расказвае гвардыі старшы прапаршчык Дзяніс Маісеенка. — За магчымасць прадстаўляць нашу краіну ў «Танкавым біятлоне» разгарнулася сапраўдная барацьба. У выніку з выпрабаваннямі лепей справіліся чатыры экіпажы, якія пасля пачалі мэтанакіравана рыхтавацца да спаборніцтваў.

У склад экіпажаў увайшлі не толькі вайскоўцы 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады, а і прадстаўнікі Ваеннай акадэміі, Заходняга аператыўнага камандавання, 72-га гвардзейскага аб'яднанага навучальнага цэнтра. На працягу амаль двух месяцаў яны трэніраваліся на палігоне Даманава.

— Мы ўяўлялі, што нас чакае, але, тым не менш, расслабіцца не дазваляла тое, што павялічылася колькасць удзельнікаў «Танкавага біятлону», ды, і што таіць, якасць падрыхтоўкі кожнай краіны павысілася, — адзначае старшы лейтэнант Дзмітрый Арцёмачкін. — Калі, напрыклад, у 2014 годзе за такую краіну, як Ангола, усе хваляваліся, каб яна проста даехала да фінішу, то сёлета яна склала канкурэнцыю шэрагу іншых краін.

Танкісты перакананы, што ў такі неспакойны ў свеце час «Танкавы біятлон» і іншыя падобныя мерапрыемствы не толькі павышаюць прафесіяналізм вайскоўцаў, а і ўмацоўваюць дружбу паміж ваеннаслужачымі многіх краін.

Дарэчы, паводле ўмоў, ва ўсіх спаборніцтвах армейскіх гульняў дазвалялася ўдзельнічаць на сваёй тэхніцы. Не стаў выключэннем і конкурс танкавага майстэрства.

— Свой танк — гэта першы прыяцель, — лічаць танкісты. — Ты ведаеш, як ён можа павесці сябе ў любой сітуацыі, упэўнены ў машыне. Ты яе адчуваеш. Як прынята ў нас казаць, танк — ён таксама жывы і з характарам!

Дзмітрый Арцёмачкін марыў стаць танкістам з 12 гадоў: ужо тады любоў да тэхнікі падоўгу затрымлівала хлопца ў гаражы.  Яму ніхто не прарочыў ваенную кар'еру (у сям'і музыкаў вайскоўцам быў толькі дзед), але Дзіма шчаслівы, што звязаў свой лёс з гэтай прафесіяй.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Аляксандра ІВАНОВА

Загаловак у газеце: «Танк — жывы і з норавам!»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

 «Толькі агульнымі намаганнямі мы зможам супрацьстаяць няпростым выклікам часу».

Грамадства

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

​Колішняя Беларуская ваенная акруга лічылася адной з самых магутных у СССР.

Грамадства

Выхоўваць ці любіць? Шчырая размова з педагогам пра бацькоўскія страхі

Выхоўваць ці любіць? Шчырая размова з педагогам пра бацькоўскія страхі

«Калі ў вас адкрыўся рот, каб накрычаць на дзіця, спыніцеся хоць на секунду…» 

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі.