Вы тут

Брэст: актыўнасць выбаршчыкаў ідзе хвалямі


Трыццаты ўчастак для галасавання Брэсцкай-Усходняй выбарчай акругі №3 размяшчаецца ў школе №30 імя Дзмітрыя Гвішыані. У асноўны дзень галасавання з самага ранку ідуць людзі. Чаргі ля стала камісіі альбо побач з кабінкамі няма, але і без працы члены камісіі не сядзяць.


Фота БЕЛТА

Яе старшыня Аляксандр Леванчук гаворыць, што актыўнасць назіраецца хвалямі:

- З васьмі гадзін ішлі тыя людзі, якія, відавочна, спяшаліся па сваіх справах, затым атрымалася паласа зацішша. Бліжэй да дзесяці гадзін зноў людзі пайшлі фактычна адзін за адным. Тыя, хто нікуды не паехаў, прачнуліся, паснедалі ў рытме выхаднога дня, і не спяшаючыся кіруюцца на ўчастак, каб выканаць свой грамадзянскі абавязак.

І сапраўды, ранішнія выбаршчыкі – гэта пераважна людзі пары сярэдняга і старэйшага ўзросту, за імі паступова пайшлі сем’і з дзецьмі. З адной сям’ёй знаёмімся.

 Сяргей і Ірына Ігнатавы прыйшлі з дачкой-падлеткам Марынай. “Гэта будучы выбаршчык – сказаў пра дачку бацька. – Няхай вучыцца”. Сяргей Віктаравіч і Ірына Мікалаеўна працуюць на прадпрыемстве “Брэстгазаапарат”. Яны сказалі, што на выбары заўсёды ходзяць у сямейным складзе. З кандыдатам, за якога аддадуць голас, вызначыліся загадзя, цяпер засталося зрабіць адзнаку ў бюлетэнях і апусціць іх у урну.

За сям’ёй Ігнатавых да урны падышоў малады чалавек, які адрэкамендаваўся сціпла – Уладзімір. Ён сказаў, што мае свядомую грамадзянскую пазіцыю, таму і прыйшоў на выбары сёння, а тых, хто ляжыць на канапе, ён наогул не разумее.

Некаторыя з маладзейшых выбаршчыкаў затрымліваюцца каля стала камісіі. Аказваецца, яны выпускнікі гэтай школы, і вядома, рады пабачыцца са сваімі настаўнікамі. Расказваюць, дзе працуюць, хто стварыў сям’ю, у каго пабольшала дзяцей. Такія добрыя сустрэчы, прыветныя ўсмешкі надаюць святочнасць дню выбараў.

А яшчэ апоўдні тут наладзілі канцэрт. 30-я школа Брэста з даўніх часоў была навучальнай установай з эстэтычным ухілам. І цяпер тут навучаецца шмат дзяцей, якія займаюцца музыкай, вакалам, танцамі. Многія выбаршчыкі падыходзілі і дзякавалі за магчымасць паслухаць канцэрт. 

Святлана ЯСКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.