Знітаваныя


Ліра, сімвал як паэзіі, так і музыкі, стала элементам помніка кампазітару Станіславу Манюшку і драматургу Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, што з’явіўся ў Верхнім горадзе сталіцы Беларусі. Менавіта Манюшка і Дунін-Марцінкевіч былі стваральнікамі першай у гісторыі оперы на беларускай мове «Сялянка»,прэм’ера якой адбылася ў 1852 годзе. Творцы нібыта селі паразмаўляць на лаве, якая выканана ў форме ліры. Над кампазіцыяй працавалі скульптары Леў і Сяргей Гумілеўскія і архітэктар Яўген Міцько.


Праца пачалася яшчэ ў 2012 годзе, калі скульптары Леў і Сяргей Гумілеўскія бралі ўдзел у конкурсе на парны помнік Станіслава Манюшкі і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Першапачаткова помнік мусіў з’явіцца каля Акадэміі музыкі, але праз недахоп месца яго паставілі ў скверыку каля Ратушы.

Каб зразумець скульптуру і прапусціць яе сэнс праз сябе, варта разглядзець работу ў дэталях. Сяргей Гумілеўскі лічыць: 

— З аднаго боку, гэта помнік двум нашым выбітным асобам, а з другога — помнік першай у свеце беларускай оперы «Сялянка». Вельмі важным было, каб помнік упісаўся ў архітэктурны ансамбль Верхняга горада. Небяспечным падавалася рабіць скульптуру вялікай, каб яна не прыгнячала прастору, і ў той жа час нельга выконваць працу, якая б не адпавядала самому азначэнню помніка. У выніку, мне здаецца, скульптура ўдала ўпісалася ў асяроддзе.

Калі мы ўзгадваем пра стваральнікаў беларускай оперы, помнік не проста выконвае функцыю актывізатара памяці. Яму больш пасуе функцыя «паглыбляльніка» ў атмасферу, што панавала ў музычным і драматургічным асяродку беларускага Мінска. Дадзеная праца — той выпадак, калі разважаць над скульптурай варта, абапіраючыся на гістарычны і культурны кантэкст. Скульптуру не падзеліш па частках і не перавязеш у іншае месца. У Вільнюсе, напрыклад, бюст Манюшкі стаіць на пастаменце, на якім раней стаяў бюст Пушкіна. Тут жа само месца — Ратуша, дзе Манюшка вучыўся музіцыраваць, лаўка Агінскага і наогул Стары горад — усё гэта нібыта служыць дэкорам для герояў помніка.

Якую глебу для разважанняў помнік дае беларусам, акрамя сузірання эстэтычнай прыгажосці? Мастацтвазнаўца, прафесар, загадчык кафедры беларускай музыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Вольга Дадзіёмава лічыць: «Значэнне скульптуры не толькі ў тым, што гэта высокамастацкі твор і артэфакт, але перадусім у тым, што сама лакалізацыя і ўключэнне ў архітэктурны і ментальны ландшафт беларускай культуры гэтых асоб (прычым менавіта двух асоб, знітаваных з беларускай культурай) маюць вельмі сур’ёзную значнасць — і выхаваўчую, і гістарычную. Становіцца зразумелым і месца беларусаў сярод іншых народаў. Беларусы —народ, які злуче традыцыі, мастацкія і канфесійныя плыні, якія тут атрымлівалі сваё сілкаванне, гуртаванне, а сёння — і вяртанне».

І праз творчасць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, і праз творчасць Станіслава Манюшкі мы можам зразумець некаторыя тагачасныя беларускія рэаліі. Напрыклад, па творчасці Манюшкі, паводле Вольгі Дадзіёмавай, «можам рэканструяваць увесь змест культуры Беларусі, бо яго музыка — хатнія спеўнікі, оперная і інструментальная музыка — была неверагодна папулярная. Гэта трэнд свайго часу, па якім мы аднаўляем нашую культуру».

Ахарактарызаваць стасункі Манюшкі і Дуніна-Марцінкевіча ў ХІХ стагоддзі можна было б словам «знітаванасць» — у сяброўстве, працы над п’есамі, стварэнні першай беларускай оперы. Гэтая знітаванасць выявілася і ў самой скульптурнай працы. Знітаванасць прасочваецца тут не толькі паміж творцамі, але і з горадам, асабліва з той яго часткай, дзе помнік пастаўлены. На месцы гатэля «Еўропа» ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя знаходзіўся мінскі гарадскі тэатр, дзе і адбылася прэм’ера беларускай оперы. І наогул сам Мінск — той горад, дзе пісаў п’есы Дунін-Марцінкевіч і дзе рабіў першыя крокі ў якасці кампазітара Станіслаў Манюшка.

Гэты помнік, не вырваны з кантэксту, а, наадварот, пагружаны ў яго, прымушае мінака прыпыніцца і асэнсаваць, хто мы і якія каштоўнасці маем за плячыма.

Вікторыя ЧАПЛЕВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.