Вы тут

Прэзідэнт: трэба набрацца мудрасці, каб жыць на скрыжаванні


На мінулым тыдні мы паведамлялі пра тое, што Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв'ю першаму намесніку генеральнага дырэктара ТАСС Міхаілу Гусману. Учора на партале ТАСС гэтае інтэрв'ю было асноўным матэрыялам галоўнай старонкі. Прэс-служба беларускага лідара абазначыла асабліва цікавыя моманты гэтай гутаркі.


У ходзе інтэрв'ю кіраўнік дзяржавы расказаў аб праблемных момантах і дасягненнях у беларуска-расійскім супрацоўніцтве.

«Было б няпраўдай, калі б мы звярталі ўвагу і казалі толькі пра станоўчы бок. У нас маса праблем. На гэтым шляху мы не разумелі ў нечым, напэўна, Расію? Расія хапалася то за газавую трубу, то за нафтавую — і размахвалі, перакрываючы нам то газ, то нафту, то не прапускалі нашы тавары ў Расійскую Федэрацыю», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Мы недзе, мабыць, не зусім правільна паводзілі сябе, хоць стараліся старэйшага брата не крыўдзіць і не злаваць. Гэта таксама праўда. Але і сённяшні дзень па асобных момантах не лепшы: калі нам раптам пачынаюць скарачаць падачу нафты ў Беларусь, насуперак нашай дамоўленасці, таму што быццам бы мы мала плацім за прыродны газ. Ну пры чым тут газ і нафта, ёсць дагаворы! Цяпер ужо ў СМІ гэта праслізгвае, хоць я папярэджваў Прэзідэнта Расіі: нам не трэба ў СМІ разгортваць гэтую кампанію і азмрочваць нашы адносіны, бо шмат што зроблена», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адначасова падкрэсліў, што ў беларуска-расійскім супрацоўніцтве атрымалася дасягнуць і безумоўных поспехаў. «У рамках гэтага магутнага праекта — будаўніцтва Саюзнай дзяржавы — мы шмат зрабілі. Мы адышлі ад той прорвы, якая магла быць паміж Беларуссю і Расіяй, якая вызначалася там, пад Смаленскам. Мы знялі гэтыя бар'еры (памятаеце, з Чарнамырдзіным шлагбаумы прыбіралі), — адзначыў беларускі лідар. — Мы прайшлі вялікі шлях (ад шлагбаумаў, ад чамаданаў, на якіх сядзелі расіяне і іншыя ў Беларусі). Гэта вялікі здабытак».

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў важнасць узаемадзеяння дзвюх краін у абароннай сферы. «Беларуская армія — 75 тыс., мы цяпер да 55 тыс. апускаемся. Гэта колькасць для Беларусі вялізная. Самая сучасная армія, як натаўцы прызнаюць, на постсавецкай прасторы ў рамках СНД абараняе не толькі Беларусь, але і Расію (у Расіі ў гэтым напрамку практычна нічога няма). У нас сумеснае СПА, сумесная групоўка на заходнім напрамку, натаўцы гэта ведаюць, і галоўная аснова — беларуская армія», — сказаў Прэзідэнт.

Стварэнне Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, на думку Аляксандра Лукашэнкі, актывізавала інтэграцыйныя працэсы на прасторы СНД. «Саюзная дзяржава з'явілася правобразам ЕўрАзЭС, Еўразійскага эканамічнага саюза. Мы ж адсюль бралі гэтыя ўсе прыклады», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт пры гэтым адзначыў, што ў Еўразійскім эканамічным саюзе яшчэ не дасягнуты той узровень інтэграцыі, які існуе паміж Беларуссю і Расіяй у Саюзнай дзяржаве. «Мы ўскалыхнулі і СНД (тыя, хто засталіся ў ім, пачалі надаваць вялікае значэнне)», — заўважыў беларускі лідар.

«Што да прэтэнзій, вы маеце рацыю, народы маюць рацыю, калі прад'яўляюць нам прэтэнзіі, чаму часам, калі можна прымаць рашэнні і ісці наперад, мы топчамся на месцы. Але гэтае пытанне не да мяне», — дадаў Прэзідэнт.

Наша краіна ідзе па шляху зняцця бар'ераў для замежных турыстаў, адзначыў у інтэрв'ю Прэзідэнт. «Што мы нядаўна зрабілі? У нас ёсць Аўгустоўскі канал, ёсць Белавежская пушча, яны на заходняй мяжы размешчаны, і мною прынята два рашэнні — аб бязвізавым уездзе па Аўгустоўскім канале (ён аб'ядноўвае воднай артэрыяй Літву, Польшчу і Беларусь) і ў Белавежскую пушчу. На пэўны тэрмін без візы заязджай. Туды хлынулі турысты. І яны, вядома ж, павезлі грошы, — расказаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта значыць, трэба не проста рэкламаваць, але і рабіць нешта для таго, каб людзі ехалі, даваць ім магчымасць здымаць гэтыя бар'еры».

На думку кіраўніка дзяржавы, спакойная, бяспечная Беларусь патрэбна і заходнім, і ўсходнім суседзям. «Мы патрэбны і Еўропе, і Расіі. Асабліва цяпер, — сказаў ён. — Вось такая ціхая, спакойная, бяспечная краіна, дзе можна праводзіць любое мерапрыемства Еўропы ў інтарэсах Еўрасаюза і Расіі, яна і патрэбна. Гэта і паказалі падзеі ва Украіне».

«Я гэтым ганаруся, Беларусі выпала ад Госпада Бога такая роля. Хай будзе такая краіна паміж Усходам і Захадам, дзе можна спакойна абмяркоўваць гэтыя праблемы. Прашу ласкава, калі патрэбен будзе Мінск-3, 5, 25 — мы гатовыя», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама заклікаў да хутчэйшага вырашэння канфлікту ва Украіне. «Яго трэба вырашаць. Чым раней, тым лепш. Любая вайна чымсьці сканчаецца. Чым? Мірам. Галоўнае — наступствы. Наступствы будуць настолькі выгадныя для Украіны, Расіі, Беларусі і для ўсяго свету, наколькі мы хутчэй скончым гэты канфлікт», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што для Беларусі важныя адносіны як з Захадам, так і з Усходам. «Таму не трэба нас папракаць за тое, што мы размаўляем з Захадам, і не трэба нас штурхаць у бок ад Расіі. Лёс наш такі, што мы апынуліся ў цэнтры, на гэтым скрыжаванні, нам тут жыць. І трэба набрацца мудрасці, каб жыць у гэтай сітуацыі», — сказаў Прэзідэнт.

Загаловак у газеце: Трэба набрацца мудрасці, каб жыць на скрыжаванні

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».