Вы тут

Жыццёвы шлях князя Васіля-Рагвалода Барысавіча


Князь Васіль-Рагвалод Барысавіч, як і яго непрыяцель, менскі князь Расціслаў Глебавіч — персанажы міжусобнай барацьбы сярэдзіны ХІІ ст. у Полацкай зямлі. Сам факт міжусобіцы паказвае, што полацкая дзяржава не мінула гэтай з'явы, праз якую прайшлі еўрапейскія краіны, у тым ліку і Руская зямля. (Пад ёй на той час разумелася тэрыторыя Кіеўскага, Чарнігаўскага, Пераяслаўскага княстваў.) У міжусобнай вайне паміж Васілём-Рагвалодам і Расціславам Глебавічам цяжка аддаць прыхільнасць камусьці аднаму — змагаліся ж паміж сабой унукі легендарнага Усяслава, нашы продкі, і гэта быў не спартыўны паядынак, а вайна, дзе гінулі нашы суайчыннікі і лілася людская кроў.


Мас­так А. Алек­санд­ро­віч.

З другога боку, як бы гэта цынічна ні гучала, дзякуючы гэтай вайне ў летапісы трапілі важныя звесткі аб Полацку, аб яго ўнутраным жыцці, у прыватнасці, аб ролі полацкага веча. Захаваліся звесткі аб такой важнай падзеі ў нашай гісторыі, веды пра якую даводзіцца аднаўляць па каліўцу.

Васіль-Рагвалод быў сынам полацкага князя Барыса-Рагвалода, заснавальніка горада Барысава і аўтара надпісаў на г. зв. «Барысавых камянях». У 1129 годзе ён разам з іншымі полацкімі князямі за непадпарадкаванне быў высланы вялікім князем кіеўскім Мсціславам у Візантыю. У выгнанні Васіль-Рагвалод удзельнічаў у войнах з арабамі, і толькі пасля смерці Мсціслава, калі «імперыя Рурыкавічаў» канчаткова развалілася на ўдзелы, Васіль-Рагвалод вярнуўся на радзіму.

Спачатку ў яго складвалася ўсё амаль ідэальна. У 1143 г. палачане выбралі Васіля-Рагвалода полацкім князем. Восем гадоў ён спакойна княжыў у Полацку. У пазнейшай «Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай...» туманна паведамляецца: «Той Василий псковян долгою прымусил до голду и поступлення некоторых волостей, которые были от князства Полоцкого оторвали, а гды в покою потым пановал много лет». Праўда, пскоўскія летапісы не пацвярджаюць гэтых звестак.

Ды і панаваць яму ў спакоі «много лет» не давялося. У 1151 г. палачане пазбаўляюць Васіля-Рагвалода княжацкай пасады і запрашаюць замест яго менскага князя Расціслава Глебавіча з мэтай аб'яднаць пад яго ўладай Полацкае і Менскае княствы. Рашэнне разумнае і патрэбнае, толькі вось Васіль-Рагвалод быў прынесены ў ахвяру палітычным і дзяржаўным інтарэсам палачан. Так нечакана змяняецца лёс правіцеля. Восем гадоў правёў Васіль-Рагвалод у вязніцы Менскага замка. Можна ўявіць стан душы гэтага чалавека, без віны вінаватага. Толькі заступніцтва магутнага растова-суздальскага князя Юрыя Даўгарукага адчыніла дзверы вязніцы Васілю-Рагвалоду.

З дапамогай «палка», які даў чарнігаўскі князь, Васіль-Рагвалод выгнаў з Друцка сына свайго суперніка і ўсталяваўся там. Расціслаў Глебавіч не змог выгнаць яго з Друцка. Гэтая няўдача развязала рукі прыхільнікам Васіля-Рагвалода ў Полацку. Яны падбівалі палачан супраць Расціслава Глебавіча. А калі ёсць нагода змяніць уладара, дык заўсёды знойдуцца ахвотнікі гэтае зрабіць у надзеі на свае выгады. Не выключана, што Расціслаў Глебавіч расчараваў палачан сваёй палітыкай. Як-ніяк, але інтарэсы Менска былі для яго першаснымі, ды, пэўна, і ўспрымалі яго палачане за «чужынца», хоць ён і быў Рагвалодавіч. А спробы Расціслава падначаліць сабе веча парадзіла змову супраць яго. Расціслава Глебавіча чакаў лёс Васіля-Рагвалода, каб адзін са слуг не папярэдзіў аб жаданні абяззброіць ягоную дружыну, а самога звязеніць. Князь не стаў чакаць драматычнай развязкі і паспешліва пакінуў рэзідэнцыю ў Бельчыцах. Накіраваўся ён у Менск. Па дарозе, не горш за лютага ворага, спусташаў полацкія воласці, даў волю сваёй крыўдзе. А Васіль-Рагвалод зноў сеў на полацкі пасад і стаў закладнікам волі веча. А яно патрабавала далучэння Менска да Полацка, а значыць, вайны з Расціславам Глебавічам.

Ка­мень Ва­сі­ля-Раг­ва­ло­да, ко­ліш­няя Мін­ская гу­бер­ня.

Тройчы Васіль-Рагвалод вадзіў полацкую дружыну на Менск і не здолеў узяць. А ў 1162 г. яго разбіў ушчэнт новы менскі князь Валадар Глебавіч. Гэта была сапраўдная катастрофа, пасля якой Васіль-Рагвалод не адважыўся вяртацца ў Полацк. Ён уцёк у Слуцк, адкуль і паслаў у Полацк вестку, што адракаецца ад полацкай пасады.

Так бясслаўна скончылася княжанне Васіля-Рагвалода ў Полацку. Ён і не спрабаваў аднавіць сваю ўладу, разумеючы дарэмнасць падобных намаганняў.

Далейшы лёс Васіля-Рагвалода невядомы. Мабыць, дажываў ён свой век у Друцку і не прымаў актыўнага ўдзелу ў палітыцы, а таму яго імя знікла з летапісаў. Ён стаў і нецікавы гісторыі, і не патрэбны ёй, асуджаны на забыццё. Адзінай памяткай пра яго быў надпіс на камяні ад 7 мая 1171 г. з просьбай да Бога аб дапамозе. Ды і тое гэты камень, што ляжаў на дарозе паміж Друцкам і Воршай, па-варварску знішчылі пры Саветах. Тады знішчаліся не толькі памяткі гісторыі, знішчалася гістарычная памяць народа.

Свой след Васіль-Рагвалод пакінуў не толькі няўдалымі дзеяннямі, але і слаўнымі нашчадкамі. Ад Васіля-Рагвалода летапісцы выводзілі такія княжацкія роды, як Друцкія, Астрожскія, Сакалінскія, нават род Гедымінавічаў.

Вітаўт ЧАРОПКА

Загаловак у газеце: Васіль-Рагвалод Барысавіч (?—?)

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.