Вы тут

Дэпутат Міхаіл Жукевіч: «Скардзяцца тыя, каго не выслухалі»


Міхаіл Жукевіч — дэпутат з вялікім стажам. У канцы 80-х яшчэ студэнтам упершыню быў выбраны ў Гомельскі абласны Савет. Пасля выбіраўся ў тым ліку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Цяпер зноў у аблсавеце. Прадстаўляе Прыбыткаўскую выбарчую акругу №23. Сёння ў ёй — чатыры сельсаветы Гомельскага раёна. Асноўная ж пасада Міхаіла Рыгоравіча — старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры.


— Дзейнасць дэпутата спецыфічная. Сапраўды, часцей за ўсё да нас прыходзяць на прыём і расказваюць пра дахі, якія цякуць, або пра незаасфальтаваныя вуліцы. Дэпутат павінен выслухаць кожнага, безумоўна. Тыя пытанні, якія ёсць у канкрэтнага чалавека, трэба данесці да выканаўчай улады.

У акрузе добра ведаюць усе мае каардынаты і звяртаюцца па самых розных пытаннях.

Сёння ў сельсаветах наладжана пастаянная работа з дэпутатамі: праходзяць і дзень дэпутата, і выязныя прыёмы. Мы праводзім іх у сельвыканкамах, школах. Важна, каб людзям было зручна, каб не трэба было далёка ездзіць.

— Міхаіл Рыгоравіч, вы ж былі дэпутатам і ад Петрыкава, і ад Жыткавіч, і ад Ельскага раёна, і ад Гомеля, цяпер вось ад Гомельскага раёна. Ці ёсць нейкая спецыфіка ў кожным з рэгіёнаў Гомельшчыны?

— Безумоўна, у кожнага свая спецыфіка. Сёння ў Гомельскім раёне існуюць тыя праблемы, якіх няма ў чарнобыльскіх раёнах. Гэта ў першую чаргу дарогі. Тут, у Гомельскім, 35-40% дарог — грунтовыя. Іх трэба пастаянна добраўпарадкоўваць, а грошай на ўсе не хапае. Ёсць і праблемы з рухам транспарту. Увогуле ж грамадзяне прыходзяць з самымі рознымі пытаннямі. З людзьмі ніколі не трэба хітраваць. Трэба растлумачваць. Бо, калі грошы ў сельсавеце ёсць, заўсёды дапамогуць: і вуліцу адрамантуюць, і агароджы зробяць, і асвятленне... У Гомельскім раёне актыўна ідзе будаўніцтва прыватных дамоў. Але інфраструктура да іх ствараецца далёка не адразу. Многа пытанняў традыцыйна тычыцца сферы ЖКГ. Некалі вакол Гомеля будаваліся вялікія сельскагаспадарчыя камбінаты — каб забяспечыць горад садавіной і агароднінай. Тады будавалі і жыллё для супрацоўнікаў. На сённяшні дзень яно пераведзена на баланс сельвыканкамаў і, вядома, патрабуе рамонту. Каб вырашаць такія розныя пытанні, сустракаюся з кіраўніцтвам райвыканкама, з прадстаўнікамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, спецыялістамі.

— Пры тым, што вырашэнне праблем ЖКГ не з'яўляецца асноўнай дэпутацкай работай...

— Гэтыя праблемы вырашае не дэпутат, а спецыялізаваныя службы, якія ёсць пры любой выканаўчай уладзе. Але ж людзей трэба выслухаць. Распытваеш: а куды раней звяртаўся, у каго быў? Калі нідзе не быў, не звяртаўся, падказваеш яму, дзе трэба шукаць дапамогу. Часам трэба і дэпутацкі запыт зрабіць. Мне ў акрузе пашанцавала з кіраўнікамі. Там ёсць прадпрыемства, якое адносіцца да беларускай чыгункі. Яго кіраўнік заўсёды гатовы дапамагчы, у тым ліку з рамонтам дарог. Ён стараецца, каб у мясцовых жыхароў не было вялікіх праблем. А як інакш? На тэрыторыі жывуць людзі, якія працуюць на прадпрыемстве. Таксама і кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў шмат у чым дапамагаюць сельсаветам.

— Ведаю, што раней у многіх, хто абіваў парогі, існавала такая пазіцыя: «Дайце мне тое, што я хачу».

— Сёння людзі ўжо не прыходзяць і не кажуць: вы нам абавязаны. Яны гавораць: арганізуйце нас.

Напрыклад, для таго, каб правесці каналізацыю. Кажуць: «Мы гатовы стварыць кааператыў, 50% будзем плаціць самі, а палову, магчыма, прадпрыемства, якое знаходзіцца на гэтай тэрыторыі». Вось такая задача ўлады: арганізаваць людзей. Да таго ж сёння людзі, калі нават скардзяцца, ужо не злуюцца пры гэтым. Яны разумеюць, што з нічога не будзе нічога. Калі бюджэтны пірог невялікі, на ўсіх яго не хопіць. Трэба набрацца цярпення і растлумачваць людзям, што калі сёння няма, заўтра атрымаецца. Калі ў чалавека ёсць нейкая бяда, не трэба пакідаць яго сам-насам з ёй. Часта людзі нават не ведаюць, куды звярнуцца — іх трэба накіраваць. Расказаць падрабязна, як можна вырашаць сітуацыю. Самае галоўнае — не быць абыякавым. Дарэчы, тыя скаргі, якія з'яўляюцца ў вышэйшых інстанцыях, узнікаюць таму, што людзей не выслухалі на месцы.

— Якія рашэнні, прынятыя дэпутатамі Гомельскага аблсавета, вы лічыце важнымі для ўсёй Гомельшчыны?

— Сёння практычна паўсюль жыхары спажываюць чыстую ваду — не тое што было колькі гадоў таму. Гэта азначае, што праграма «Чыстая вада» ўвасоблена ў жыццё.

Асноўны дакумент, які прымаюць дэпутаты, — гэта мясцовы бюджэт. Як мы яго сплануем, так і будзе працаваць сацыяльная сфера.

Сабраць грошы — праблема, але ж размеркаваць іх правільна таксама вельмі складаная задача. Калі недзе назапашваюцца даўгі, гэта гаворыць пра няправільнае размеркаванне грошай. Да таго ж, калі ў нашых суседзяў справы ідуць не вельмі, у нас яны таксама не будуць добрымі.

— Міхаіл Рыгоравіч, у вашай асабістай біяграфіі былі Афганістан і цяжкае раненне... Ведаю, што вы заўсёды асабліва ставіцеся да ўсіх, хто прайшоў праз выпрабаванне лёсу.

— Так, да мяне шмат людзей звяртаецца яшчэ і таму, што я ўзначальваю абласную арганізацыю ветэранаў вайны ў Афганістане. Сёння ў ёй і тыя, хто ваяваў у іншых краінах. Некаторыя з гэтых людзей не могуць прайсці камісію на прафесійную прыдатнасць, і кіраўнік адразу ж прыпыняе кантракт. Чалавек ў 50 гадоў выкінуты на вуліцу — куды ён пойдзе працаваць, дзе яго возьмуць? Мы абавязкова дапамагаем у такіх выпадках. Гэта цяжкія праблемы, але ж мы імкнёмся іх вырашаць.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.