Вы тут

У Беларусі пройдуць Тыдні Германіі


У праграме Тыдняў — амаль паўсотні розных падзей. Гэта канцэрты класічнай і сучаснай музыкі, фотавыстаўкі, літаратурныя чытанні і майстар-класы ад вядомых творцаў з Германіі, гастролі знакамітай тэатральнай трупы з Гановера і мноства сустрэч. У якасці арганізатараў такой шырокай праграмы выступілі Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Беларусі, Інстытут імя Гётэ ў Мінску, Цэнтральнае ўпраўленне па справах школ за мяжой (ZfA), Інфармацыйнае бюро DAAD у Мінску, Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ё. Рау і іншыя.


— Сёлета Тыдні нямецкай культуры праходзяць у Беларусі 13-ты раз, таксама мы адзначаем невялікі юбілей: 10-ты раз яны распачнуцца таксама і ў Брэсце. Мы вельмі рады, што сёлета мерапрыемствы ў межах Тыдняў Германіі пройдуць практычна ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, — кажа намеснік кіраўніка дыпламатычнай місіі ФРГ у Беларусі спадарыня Аня ЛЮТЭР. — Усім комплексам запланаваных імпрэз хочам прывесці многія прыклады ўвасаблення паняцця культуры ў яго шырокім разуменні. Культура — паняцце, у якое ўкладаюцца не толькі выступленні музыкантаў, спектаклі і апладысменты. Гэта яшчэ і пытанні ідэнтычнасці, мовы, гістарычная спадчына. Для пасольства Германіі ў Беларусі, а таксама для Федэральнага міністэрства замежных спраў Германіі заўсёды істотна звяртаць увагу на сумныя і жахлівыя бакі гісторыі, таму ў гэтых адносінах для нас вельмі важнае супрацоўніцтва з Гістарычнай майстэрняй імя Леаніда Левіна.

Так, у межах Тыдняў ужо 22 верасня ў Гістарычнай майстэрні пройдзе сустрэча з вядомым нямецка-аўстралійскім даследчыкам з Сіднея Конрадам Квітам. Ён нарадзіўся ў 1941 годзе ў Польшчы ў нямецка-яўрэйскай сям'і. Адна з яго актуальных работ — даследаванне гісторыі паліцэйскага батальёна 322, які прымаў удзел у халакосце ў гады Другой сусветнай вайны. Тры гады таму спадар Конрад зладзіў адукацыйную паездку па першых месцах крывавых дзеянняў батальёна ў Белавежскую пушчу. Сёлета пошук слядоў злачынства прывядзе вучонага ў Мінск і Магілёў. Таксама ў Гістарычнай майстэрні 24 верасня пройдзе сустрэча «Памятаць і разумець: музеі Германіі як месцы памяці і навучання», а 12 кастрычніка тут адбудзецца прэзентацыя зборніка дакументаў і матэрыялаў «Трасцянец: трагедыя народаў Еўропы, памяць у Беларусі».

— Колькасць разнастайных мерапрыемстваў, якія праходзяць у межах Тыдняў Германіі, штогод расце, — распавёў дырэктар Інстытута імя Гётэ ў Мінску Франк БАЎМАН. — Што важна, мы стараемся праводзіць іх не толькі ў сталіцы, але і ў абласных цэнтрах. У галіне музыкі сёлета пройдуць класічныя, джазавы і рок-канцэрты. Так, у межах Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета выступяць нямецкая скрыпачка Вівіян Хагнер і міжнародны камерны аркестр East-West Chamber Orchestra. У Мінск завітаюць таксама джазавы піяніст, які родам з Беларусі, Лявон Гурвіч і вядомая спявачка Лау Ньюкірк. У сталічных клубах плануюцца і выступленні вядомага рок-музыканта Дэні Дзюка з Берліна.

Але своеасаблівым хітом праграмы спадар Баўман адзначыў спектакль Гановерскага дзяржаўнага драматычнага тэатра «Місія» паводле Хайнера Мюлера. Яго пакажуць 15 кастрычніка ў Палацы культуры МАЗ.

— Гэты аўтар пайшоў з жыцця каля 20 гадоў таму, але і яго творчасць застаецца запатрабаванай, — распавядае Франк Баўман. — Сюжэт пастаноўкі пераносіць гледача ў часы Французскай рэвалюцыі. Трох эмісараў адпраўляюць на Кубу, каб ад імя якабінцаў там таксама правесці рэвалюцыю. Але атрымліваецца, што рэвалюцыя пачынае знішчаць сваіх дзяцей, і ў выніку місія на Кубу нічога не вартая, бо пры ўладзе стаяць зусім іншыя людзі.

У цэлым праграма Тыдняў Германіі багатая і насычаная. Мерапрыемствы ў іх межах пройдуць таксама ў Брэсце, Баранавічах, Мазыры, Оршы, Маладзечне, Гродне, Полацку, Віцебску і Пінску. З падрабязным раскладам можна пазнаёміцца на сайце mіnsk.dіplo.de.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Мінск — Берлін: масты культурнай дружбы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».