Вы тут

Міжнародныя назіральнікі далі ацэнку выбарам у парламент


Шэсць міжнародных арганізацый накіравалі сваіх прадстаўнікоў у Беларусь сачыць за парламенцкімі выбарамі. Акрамя іх, на ўчастках прысутнічалі незалежныя назіральнікі, прадстаўнікі выбарчых органаў замежных дзяржаў і дыпламатычнага корпусу. Усяго больш за 800 міжнародных назіральнікаў. Мы сустрэліся з імі і спыталі, як яны ацэньваюць працу камісій у дзень выбараў.


Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Рыгор РАПОТА:

— Я ўражаны актыўнасцю выбаршчыкаў. Адна з асаблівасцяў гэтых выбараў, якая павялічвае актыўнасць грамадзян, — гэта большая колькасць кандыдатаў, большая канкурэнцыя, большая магчымасць выбару. Я наведаў чатыры ўчасткі, мы гутарылі і з арганізатарамі выбараў, і з назіральнікамі. З пункту гледжання арганізацыі ніякіх заўваг няма. Усё зроблена добра. Створана адпаведная атмасфера, добразычлівая і нават святочная. Гэта ўжо ў традыцыях Рэспублікі Беларусь. Вельмі важна, каб выбары адпавядалі тым рэгламентам, якія існуюць, і тут у нас заўваг таксама няма.


Міжнародны назіральнік з Рэспублікі Карэя ЧОНГ ХО ЧЫН:

— Мы сачылі за адкрыццём аднаго з выбарчых участкаў, а потым назіралі, як галасуюць у бальніцы. Беларусь робіць усё магчымае, каб выбары былі празрыстымі. Адно з адрозненняў паміж выбарамі ў Беларусі і ў Карэі — гэта наяўнасць пункта «Супраць усіх». У Карэі мы абавязаны прагаласаваць за аднаго з кандыдатаў. У выпадку, калі грамадзянін Карэі не падтрымлівае ніводнага з кандыдатаў, ён або не ідзе на выбары, або не робіць ніякіх адзнак на выбарчым бюлетэні. Акрамя гэтага, нас уразіла, што падлік галасоў адбываецца ў тым жа памяшканні, дзе праходзяць выбары. Гэта надае хуткасці і празрыстасці працэсу.


Намеснік старшыні камітэта парламента Азербайджана па грамадскіх аб'яднаннях і рэлігійных утварэннях, назіральнік ад МПА СНД Ханлар ФАЦІЕЎ:

— Заўваг ніякіх няма. Адзіная «заўвага», што Беларусь цудоўная краіна. Выбары прайшлі на высокім узроўні. Я быў на выбарчых участках у Мінску, Мінскай і Гродзенскай абласцях. Нічога негатыўнага знайсці не змог. Адзначу добрую арганізацыю. Людзі ішлі, як на свята. У нас практыка такая — што ў Азербайджане, што ў Беларусі — міжнародныя назіральнікі шукаюць, нічога не знаходзяць, а праз некалькі дзён могуць даць не вельмі станоўчую ацэнку выбарам. Я думаю, што Рэспубліка Беларусь не стварыла ніякіх умоў для гэтага. Я даволі часта наведваю Беларусь. Беларускі народ зрабіў свой выбар, і наша місія была сачыць за гэтым.


Нуруло АКІЛЗАДА, намеснік старшыні Камітэта парламента Таджыкістана па навуцы, адукацыі, культуры і маладзёжнай палітыцы, член групы назіральнікаў ад Міжпарламенцкай асамблеі Садружнасці Незалежных Дзяржаў:

— Падрыхтовачны працэс да правядзення выбараў у Беларусі прайшоў грунтоўна і дасканала. А непасрэдна ў дзень выбараў я пераканаўся ў тым, што былі створаны ўсе ўмовы для свабоднага волевыяўлення грамадзян. Члены камісій — людзі з вопытам, многія з іх ужо не раз бралі ўдзел у выбарчых кампаніях, таму можна казаць пра высокі ўзровень іх кампетэнтнасці, што значна палягчае правядзенне выбараў. Я быў сведкам таго, што выбаршчыкі на ўчасткі прыходзілі сем'ямі, у добрым настроі. Людзі ішлі галасаваць з вялікім жаданнем, гэта было адразу відаць.

Грамадзяне Беларусі, згодна з Выбарчым кодэксам, маюць права на датэрміновае галасаванне. На мой погляд, гэта вельмі зручная норма. Бо не кожны мае магчымасць прагаласаваць непасрэдна ў дзень выбараў. У Таджыкістане такога няма, у нас працуе інстытут адмацавальных талонаў. Калі чалавек не можа ўдзельнічаць у выбарах у вызначаны дзень, то за месяц мусіць узяць талон і, толькі карыстаючыся ім, прагаласаваць. У Беларусі гэта працэдура праходзіць прасцей, што, думаю, варта пераняць і іншым краінам, якія пакуль не карыстаюцца практыкай датэрміновага галасавання.


Ван КАЙВЭНЬ, намеснік генеральнага сакратара Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва:

— За час назірання намі не было выяўлена ніякіх значных парушэнняў. Увогуле, умовы для выбаршчыкаў створаны добрыя, і беларусы з адказнасцю і ўзрушанасцю галасавалі. У Кітаі людзі таксама ведаюць пра выбары ў Беларусі, бо ваша краіна з'яўляецца дзяржавай-назіральніцай пры Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і ў прынцыпе мае з КНР глыбокія не толькі эканамічныя, але і культурныя сувязі. Для мяне Беларусь і Кітай — гэта блізкія суседзі, нягледзячы на тое, што паміж намі досыць вялікая геаграфічная адлегласць.

Надзея АНІСОВІЧ, Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Загаловак у газеце: Хутка і празрыста

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».