Вы тут

З каго Беларусбанк пачне браць камісію за аплату наяўнымі?


Гэта навіна нашым насельніцтвам была ўспрынята без асаблівай радасці. Больш за тое, у чытачоў газеты ўзнікла шмат пытанняў наконт самога механізму новаўвядзення. Адказы на іх мы паспрабавалі атрымаць у спецыялістаў банка.


За адзін зварот — адзін рубель

Перш за ўсё ў прэс-службе Беларусбанка звярнулі ўвагу на тое, што ўвядзенне платы за прыём плацяжоў наяўнымі грашыма для нашай краіны не з'яўляецца навацыяй, бо так ужо робяць практычна ўсе беларускія банкі. Прычым, як правіла, плаціць прыходзіцца за кожную перададзеную касіру квітанцыю.

Менавіта па гэтай пазіцыі ў нашых чытачоў узнікае большасць пытанняў. Напрыклад, пры здзяйсненні некалькіх плацяжоў наяўнымі за адзін візіт у банк плата будзе брацца аднаразова або за кожны плацёж асобна?

На гэты конт спецыялісты банка нам паведамілі, што пры правядзенні плацяжоў наяўнымі грашыма ў беларускіх рублях праз касы банка плата ў памеры 1 рубель (BYN) будзе брацца пры кожным звароце кліента, незалежна ад колькасці здзейсненых плацяжоў. Гэта значыць, незалежна ад таго, колькі квітанцый вы прынесяце для аплаты ў касу, пры разавым звароце касір возьме толькі 1 дэнамінаваны рубель (10 тысяч «старымі»).

Ільгота для ветэранаў

Мабыць, другім па значнасці стала пытанне аб ажыццяўленні самых масавых плацяжоў гатоўкай у банку. Няўжо цяпер будзе брацца камісія пры аплаце жыллёва-камунальных паслуг, за падручнікі або ахову ў школе?

Так, па ўсіх падобных плацяжах прадугледжана плата за ажыццяўленне аперацый менавіта наяўнымі грашовымі сродкамі ў касах банка. «Пры правядзенні аналагічных плацяжоў з выкарыстаннем банкаўскай плацежнай карткі, у тым ліку ў касе «Беларусбанка», гэта плата спаганяцца не будзе», — удакладняюць спецыялісты фінансавай установы.

Акрамя таго, у прэс-службе нам паведамілі, што банкам вылучана толькі адна катэгорыя насельніцтва, якая такую камісію за выкарыстанне наяўных грошай плаціць не будзе. Гэта ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, для якіх па спагнанні такой камісіі існуе пастаянная стопрацэнтная льгота.

Таксама не бярэцца плата за выкарыстанне наяўных грошай у касах Беларусбанка пры ажыццяўленні чатырох відаў плацяжоў. Па-першае, гэта ажыццяўленне плацяжоў у бюджэт; пры накіраванні грошай на дабрачынныя рахункі; па выкананні абавязацельстваў перад банкам (пагашэнне крэдытаў, аплата за паслугі банка), а таксама пры залічэнні сродкаў на рахункі фізічных асоб, адкрытыя ў Беларусбанку. Усё, іншыя плацяжы гатоўкай у касах банка ўжо прадугледжваюць адпаведную камісію.

Сяброўства з інфакіёскам і афармленне ПДПД

Каб мець альтэрнатыву аплаты наяўнымі грашыма з камісіяй, да першых дзён кастрычніка кліенты банка павінны асвоіць алгарытм выкарыстання пластыкавых картак у інфакіёсках або навучыцца карыстацца каналамі дыстанцыйнага абслугоўвання праз інтэрнэт. Зразумела, што для пенсіянераў асвоіць гэтую «навуку» з нуля за два-тры тыдні будзе крыху праблематычна, але..

Сёння Беларусбанк прапануе таксама аформіць пастаянна дзейнае плацежнае даручэнне (далей — ПДПД) на спісанне плацяжоў у межах сістэмы АІС «Разлік» (АРІП). Аформіць такое даручэнне можа кожны, хто з'яўляецца ўладальнікам бягучых або укладных рахункаў, адкрытых менавіта ў Беларусбанку. Для гэтага неабходна звярнуцца ў яго любое аддзяленне.

Што дае звычайнаму чалавеку такая «падпіска» на ПДПД? Тут усё досыць проста. Кліенту трэба толькі аднойчы аформіць падобнае плацежнае даручэнне ў падраздзяленні банка, а потым больш не прыйдзецца стаяць у чэргах, каб рабіць рэгулярныя плацяжы (аплата камунальных паслуг, мабільнай і гарадской тэлефоннай сувязі, паслуг доступу ў інтэрнэт і іншыя). Па-другое, усе плацяжы выконваюцца банкам у аўтаматычным рэжыме менавіта ў названыя кліентам тэрміны. Больш за тое, «падпісчык» на ПДПД самастойна вызначае алгарытм і іншыя ўмовы ажыццяўлення плацяжоў — паводле патрабаванняў пастаўшчыка паслуг або па заяўленай кліентам суме.

А бадай самым галоўным нюансам на карысць такой «падпіскі» з'яўляецца тое, што афармленне такога даручэння і аплата паслуг ажыццяўляецца банкам без збірання нейкай дадатковай платы. Дадатковым бонусам ад Беларусбанка па гэтым напрамку з'яўляецца яшчэ і тое, што аформіць (а таксама і адмяніць) ПДПД можна ў любым структурным падраздзяленні гэтай фінансавай установы незалежна ад месца адкрыцця рахунку.

Ад сумы не залежыць і валюту не «закранае»

Ёсць у нашых чытачоў і пытанні на перспектыву. Напрыклад, ці будзе неяк вар'іравацца памер такой камісіі ў залежнасці ад сумы плацяжу? Можа, пры здзяйсненні плацяжу наяўнымі на невялікую суму будуць браць адзін рубель, а калі сума вялікая, то гэта будзе ўжо два рублі? Ці плануецца такое?

У прэс-службе банка нам паведамілі, што пакуль нічога такога няма і не плануецца. Плата за правядзенне плацяжоў наяўнымі грашовымі сродкамі ў касах банка не залежыць ад сумы і колькасці плацяжоў. Гэта велічыня пастаянная — 1 рубель (BYN). А яшчэ спецыялісты нам паведамілі, што камісія за прыём гатоўкі ў касах банка не распаўсюджвае сваю дзейнасць на аперацыі пры набыцці насельніцтвам замежнай валюты.

Лепш перапытаць

Гэта добра, што банк вырашыў пры ажыццяўленні плацяжоў наяўнымі грашыма ў бюджэт камісію не браць. Аднак сёння не ўсе дакладна ведаюць, якія гэта менавіта плацяжы. Можа, мэтазгодна было б іх пералічыць недзе на стэндзе банка? У Беларусбанку нам адказалі, што цяпер такіх плацяжоў досыць шмат, напрыклад падаткі, штрафы, дзяржпошліны і інш. Каб даведацца, які плацеж адносіцца да бюджэтнага, неабходна звярнуцца да кансультанта або спецыяліста аддзялення. Калі гэта будзе небюджэтны плацеж, то эксперт банка дапаможа адшукаць яго ў спісе стандартных аперацый па сістэме АРІП праз інфакіёск.

А чужы банкамат за інфармацыю ўжо «кусаецца»

Усё, што мы казалі вышэй, будзе дзейнічаць з 1 кастрычніка. А вось плата за прагляд у банкаматах іншых банкаў балансу на картцы была ўведзена Беларусбанкам з першых дзён жніўня. Такім чынам, у тэрміналах Белаграпрамбанка, БПС-Сбербанка і Белінвестбанка ў залежнасці ад валюты рахунку плата толькі за прагляд балансу складае 10 капеек, 0,1 долара (еўра), 5 расійскіх рублёў. Такая камісія ў тэрміналах іншых банкаў-рэзідэнтаў — 50 капеек, 0,3 долара (еўра), або 20 расійскіх рублёў, а ў тэрміналах банкаў-нерэзідэнтаў — 1 рубель, 0,5 долара (еўра), ці 35 расійскіх рублёў.

У Беларусбанку звяртаюць увагу, што зняцце наяўных грашовых сродкаў у банкаматах Белаграпрамбанка, БПС-Сбербанка, Белінвестбанка ажыццяўляецца без спагнання ўзнагароджання.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Метад бізуна і перніка?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».